1984
БОСКІ ДАР
I сад, і неба — ўсю раскошу
Пачуццяў, што мяне ўзнялі,
Усё, чым ты так ухарошыў
Мой дзіўны побыт на зямлі,
Чым вечная душа твая —
Вярнуць хацела б я ўдвая.
I, як самотны Бог, прымаеш
Свой дар ты з рук маіх — як мой,
I мовай неба далучаеш
Зноў да раскошы незямной
Убачыць лёс, як саду цвет!
Пяшчотны Бог мой, мой Сусвет...
I промніцца над колам рук:
Бяссмертны ты, і я не ўмру.
1989
ПАМЯЦІ ЖЭНІ ЯНІШЧЫЦ
Мая ж ты назяблая кнігаўка, горкая каня,
Бязрадная птушка бязраднай палескай старонкі!..
Пранізлівым крыкам зайшлася душа твая трапяткая—
I вырвалася з невыноснай ужо для яе абалонкі...
Мая ж ты трысцінка з да жалю ранімага роду,
Як жорстка, ласкавая, ты долі і людзям сказала,
Што гэтага свету, што гэтага згубнага лёду
Самоты і скрухі няўгойнае ты не прымала.
Ад догмы ці зайздрасці крыламі не ўбараніцца.
Да расчужання, да самазнішчэння звыкаем...
Ці праўда, што ўжо не пакутуеш ты, сястрыца?
Трысцінка, трагічная птушка трагічнага краю...
1988
ЛАЎЦАМ ЧОРНАГА КАТА Ў ЧОРНЫМ ПАКОІ
Не давымотвайце мне сілы,
Не падпіхайце да мяжы,
Дзе шлях мой па зямельцы мілай
Упрэцца ў сумныя крыжы —
I стане ў свеце крыжам болей:
О, як дажыць хацела б я
Да дня, калі змагу без болю
Аб Беларусі запяяць!..
Калі пабачу, што зямную,
Дзівосную красу яе
Больш пустадомак не спляндруе,
А мову пан не аплюе
Чыноўнаю ілжывай фразай,
Што дбае пра культуру ён,
А сам па-беларуску й сказу
Не вымавіць здаўна-давён,
Хоць нарадзіўся тут і вырас
На гэтай прадзеднай зямлі,
Што ўсім нам дадзена навыраст,
Каб дасканаліцца маглі
Не ў спусташэнні, а ў любові.
О, як дажыць хацела б я
Да дня, калі змагу без болю
Аб Беларусі запяяць!..
1988
ЯШЧЭ ПОМНІЦЦА
Скуль такая лютая натома,
Што цяжарам нават згадка: ты?..
Выпесціла сонечную строму:
Працінае холад пустаты.
Недзе сонца... Недзе ты... Скрозь нема.
Рукі не галубкі — ледзяшы.
Недзе ты... А я не прагну неба:
Дагарае свечачка ў душы.
Як жа трудна дыхаць мне, каханы.
Умываюся тугой — пячэ...
Свет не толькі з болю тут сатканы.
Мне пра гэта помніцца яшчэ.
1989
* * *
У несаступлівай журбоце
Ніколі ды не асуджу
Таго, хто лёгка, па ахвоце
Пераадольвае мяжу
Між скрухаю і весялосцю,
Таго, хто ўмее абярнуць
Уласную маркоту ў досціп, —
Ды не паставіцца ў віну
Уменне жыць не ў спаняверцы
У сэнсе земнага жыцця,
Уменне вераваць да смерці
У бессмяротны свой працяг!
1989
БАЕЧКА
— Шэра-буры верабейка-верабеечка,
Прыжывіся ў маім садзе, дам капеечку!
Ну навошта верабейку тыя грошыкі?
Ды садок сам па сабе такі ўжо гожанькі!
Сонца ззяе — аж не глянуць, вочкі слепяцца,
А на голлі квет да квету так і лепіцца,
А на кожным на лісточку, на зяліначцы
Дыяменцікам звісае па расіначцы, —
I прынада, і прытулле дзіўназыкае!
Абжывае сад птушыначка, чырыкае.
Паскакала-палятала шмат ці трошачкі —
Што за дзіва: тут ні семачкі, ні мошачкі...
Захацелася напіцца верабейчыку,
А раса ўжо не раса — крышталь-каменьчыкі...
Узлунала недаўменна рэха гучнае:
Зёлкі, кветкі, дрэвы, сонца —
ўсё тут штучнае!
Тузануўся шэра-буры ў неба сіняе —
Марна: лапкі ўжо аблутаны, засілены!
Як падкошаны, зваліўся верабеечка:
Ані волі ў небаракі, ні капеечкі...