1989
ВОРАН КРУЖЫЦЬ
Я шукала чараўніцу,
Ах, шукала,
Каб мяне ад варання
Паратавала,
Каб яно штодня-штоночы Не кружыла,
Каб я цяжка так па сонцу Не тужыла.
Абышла я паўкраіны, Паўзямліцы,
Не знайшла нідзе жаданай
Чараўніцы,
Бо яны, бо і яны
Па сонцу тужаць,
Бо над кожнаю душой
Свой воран кружыць...
1989
* * *
Любоў мая, укрый мяне
Хоць позіркам замілаваным:
Хай, зноў табой паратаваная,
Душа хоць трохі адпачне.
Нікчэмны свет, аблудны свет
Агідзеў да ванітавання:
За ўладу подлае змаганне —
I сцяг яго, і запавет.
I гінуць праўды светлячкі
Пад выштукаваным абцасам,
I людзі з цемрай зноў сам-насам,
Ужо, здаецца, на вякі...
Укрый мяне, любоў мая,
Хоць позіркам замілаваным,
Каб, зноў табой паратаваная,
Жыццё як ёсць прымала я.
1989
* * *
Заходзіш. Гамоніш. Прыгортваешся ўсхвалявана.
Дапытваешся, ці жаданы —
такі нечаканы?
А вочы іскрацца. А вусны смяюцца. А словы
Абвейваюць сэрца бялюсенькім цветам вішнёвым.
Мы ёсць — і няма нас. Нібы два пялёстачкі, тонем
У галавакружна расчыненых сонечных тонях.
I п'ём не нап'ёмся з той плыні крыштальнай,
вянчальнай,
I гэтая смага —
адзінае, што найрэальна...
1988
ДА ПЫТАННЯ ПРА КАХАННЕ
З каханнем – як з Богам:
Альбо ёсць вера ў яго існаванне,
Альбо на свеце няма нічога такога.
ПАМЯЦІ РАМАНА
- Ты клікала мяне?
- Прыгадвала цябе.
Сказала,
Што мне яшчэ ні разу ты
Не сніўся...
Не падыходзь так блізка:
Цябе ж ужо няма,
Ты ж у магіле!
- Ты памыляешся: Усе мы ёсць.
I ўсе мы тут.
- Не падыходзь.
Не датыкайся!
...I пракідаюся ў спалоху.
Кужэльнае святло світання.
Уласны мой пакой.
Тыгр цацачны з разумнымі вачамі
I кнігі на паліцах.
Спакой і ціша.
Нікога.
Але —
Зачыненыя нанач дзверы —
Прачынены!..
Але —
Шчака мая гарыць
Ад пацалунка!..
ЗАЗІРНІ Ў СЯБЕ
За гарамі, за марамі
Ёсць такі куток,
Дзе чарней начы асенняй
Змрочны мкне паток.
Ён зглынае ўсё жывое
На шляху сваім,
Найхаробрая істота —
Як сянінка ў ім.
Гінуць зоркі, гіне сонца
У глухой тужбе...
- Дзе ён, той куток злавесны?
- Зазірні ў сябе.
За гарамі, за марамі
Ёсць такая шыр,
Дзе пануе неасяжны
Шчасцямоўны мір.
Выпадковае, не мае
Там прытулку зло:
Толькі радасць, толькі воля,
I святло, святло
Над усім, ва ўсім, што чэзла
У глухой тужбе!..
- Дзе ён, край той блаславёны?
- Зазірні ў сябе.
1989
ШЧЫМЛІВАЕ
Да берага бязмоўя не дабрацца
Мне годна — без твайго пляча ў плыўбе:
Ажно гатова сэрца разарвацца
Ад любаснай пяшчоты да цябе!
Найблізкі мой, мой цуд, маё ж ты свята,
Любоў мая, ты ведаеш даўно:
З табой збару я мель і перакаты,
Не ўцягне чорны вір мяне на дно.
Мой валадар, мой скраб неверагодны!
Купае сэрца светла-светлы шчэм:
Вось плынь жыцця.
Вось любасці нязводнасць.
Бязмоўны бераг дзесь. I мы - плывем...
1988
УСЁ ПАЎТАРАЕЦЦА
Усё паўтараецца — з кожным і ў кожным?
Дзяўчынка, мой след абміні,
Прайдзі муравой, а не колкаю пожняй, —
Не хмарцеся, юныя дні!