Ды ўсё паўтараецца... Не прамінае.
I таўры на лёсах гараць:
Даецца жыццё нам, каб радасць з адчаем
Вучыліся мы прыміраць.
Каму ж удаецца ў адпушчаным часе
Наблізіцца хоць на паўкроку да ясі?
1989
ТАЯ ЎСМЕШКА
А. Д. Кушчынай
Праўду кажуць, што ўпоцемках доля брыдзе,
Бо не раз і не два спатыкнецца,
Хоць магічны ліхтарык даецца —
Тая ўсмешка, якая на вуснах цвіце,
А карэніцца ў саменькім сэрцы.
Як багата людзей умурована ў змрок
Страху, злосці або нараканняў,
Ні сабе, ні камусьці ў блуканнях
Не пасвецяць ні поблізу, ані здалёк,
Пераслеплыя да шкадавання.
I як мала, як мала між люду такіх,
Хто ва ўласнай хадзе па выбоях
Зберагае, як найдарагое,
Чысты вогнік свайго міласэрдзя да ўсіх,
Сам аж свеціцца хто дабратою.
Але вось ён, нябесны ці дар, ці заклён:
Покуль ляжаш грудочкам пад сосны —
Аддавайся жыццю светланосна!
I цвіце тая ўсмешка, якая спакон —
Знак абранасці тайнай, дзівоснай.
КАСТРЫЧНІЦКАЕ
У садзе маім — залатыя жыткі ды вяргіні.
Па ліпеньска-жнівеньскіх люта навальных дажджах
Кароткія дні ўшчэрць наліты і сонцам, і сінню,
Цяплом і лагодай атулены дол па начах.
У садзе маім, павуцінкай знітованы белай,
Ідуць клён з бярозкай на гібельна-зоўны касцёр.
I гэтак дзівосна, і блізка ўсё, і зразумела,
Нібыта прырода ўзяла маю жытку за ўзор...
1988
ЦІ ТРЭБА БЫЛО?
Не ты мяне любіш —
Жыццё мяне любіць,
Тваёю істотай вітае-галубіць, а.
Тваімі вачамі ўзіраецца ў вочы,
Тваімі рукамі абняць мяне хоча,
Тваёй палымянаю думкай вартуе,
На самым на ўскраечку прорвы ратуе,
Бо змеркламу сонцу ўсё ззянне вяртае,
Калі да грудзей я тваіх прыпадаю.
Ці трэба было, каб жыццё праляцела,
Пакуль гэту праўдачку я ўразумела?..
1989
VITA BREVIS. PATRIA ETERNIS[3]
Пажадаў дабра мне друг зычлівы.
Добра мне.
Дзень, адмалку на журбу ўрадлівы,
У цане.
Ах, не час валошкавы мой тае —
То пылок
З трапятлівых крыльцаў асыпае
Матылёк!..
Vita brevis. Patria eternis.
Зорны цвет
Чалавечых дум аб шляху ў цернях,
Запавет.
Як не выйду больш на васільковы
Я парог —
Пагукай безмежжа гэтых словаў
Чатырох...
1989