Выбрать главу
I не падлічваюць пры гэтым людзі, А што за гэту ласку ім прыбудзе.
Я ж не ару, не сею і не жну я, I не праду, не тку і не будую — Выводжу толькі думкі на папас, Над словам праўды зболенай шчырую.
Ці дарасту, ахвярнікі, да вас?
1987
I ТЫ — РАДЗІМА
Башкірыя! Зноў раннія снягі Імкнуць з нябёсаў на твае разлогі, А ты зычліва сцелеш мне пад ногі Кілім гасціннасці найдарагі.
Башкірыя! Не бачыла яшчэ Ні гор-лясоў тваіх, ні Агідэлі[1], Ды ўжо мяне так шчодра абагрэлі Агні твае ў імзе маіх начэй.
Башкірыя! Калі яшчэ вясна З яе магутнай, жыватворнай ласкай?!. Але цвіце дзівоснейшая краска Душы тваёй, і мне цвіце яна!
Услухваюся ў песню: о, як шмат У ёй журбы!.. Нібы ў бярозы ніцай... Башкірыя! Мы ўжо не чужаніцы. I ты — Радзіма. Дзякую. Рахмат.
1985
НЕ ТРЭБА ПЫТАЦЦА
Не трэба пытацца, што можа Любоў наша, еднасць людская: Не ўсё ўзяць нам тут на аброжак, Вось справа якая. Ды ўсё ж узаемныя смуткі Мы здольны хоць трошкі ўтаймоўваць — Пакуль не змялела ціхутка Сардэчная мова. Купаным у гэтым вытоку Найгодных людскіх парыванняў, I сам ён кладзецца пад крокі — Шлях да ратавання.
1984
МАТЫЛЁК

З прыватнага ліста

Нахалолі шыбы з ночы, затуманелі, Па-асенняму глядзяцца ў мокры сад. Не забавілася слота, хмурай паняю На пачэсны самы просіцца пасад.
З ёю жарты, з ёю сваркі - надарэмныя, Гаспадарліва шчыруе ад душы: Носіць жухлую лістоту абярэмкамі, Носіць суткамі дажджы ў гнілым кашы.
Ды бывае - неба гляне так падсінена! І тады, нібы дзівосны госць здалёк, У акно, што па нагоду зноў расчынена, Трапятліва залятае матылёк.
Ах ты, госць мой! Рэха лета - выпадковае! Аж вачам уласным веры не даю... Як жа хораша замовай каляроваю Ты няўтульнасць заварожваеш маю!
Матылёчак, летуценнейка дзіцячае... І лагодзяцца маршчынкі на ілбе, І шчэ гэтулькі пяшчоты нерастрачанай: Знік ты - я ж усё ўсміхаюся табе!..
1984
ОДА ДЗІВОСНА ПРЫГОЖАМУ ЧАЛАВЕКУ

Сымону

Існуе ж хараство!.. Як на ікону, Так і глядзела б на цябе да скону, Не заўважаючы ваколля, часу - Ва ўладзе неўгаданейшага шчасця Наяве анынуцца раптам сведкай Гармоніі невераемнай гэткай Духоўнага і вонкавага, - мусіць, Такі адзіны ты на Беларусі! Бо цуд, каб часты быў, не зваўся б цудам. Відаць, ніколі з памяці не збуду Прадоннай, засяроджанае плыні З вачэй тваіх, нібы валошкі, сініх, Такіх сінюткіх - аж безабаронных Пры смолі валасоў рассераброных! Нібы крынічку, не стамлюся слухаць Бянтэжлівасць усмешкі, годнасць рухаў, Усё тваё прыўкраснае аблічча, Сагрэтае, ажыўленае знічам Душ волелюбных нашага народу, Якім - ты - знак таго - не будзе зводу!
1985
* * *
Я ўсё жыццё Цябе шукала, Гадамі йшла праз морак і праз боль, Як быццам верыла, як быццам знала, Што немінуча стрэнуся з Табой.
Аж дзіўна, скуль было той веры брацца Пры ўсведамленні: рады тут няма... Ды нешта ўсё загадвала: трымацца! Ды нешта цвердзіла ўсё: недарма!
Я акіян тугі правеславала, Я тысячу пустынь перабрыла I тысячу надзей там пахавала. I вось — знайшла... Я ўсё ж Цябе знайшла?!
О, толькі не пакінь, не адступіся! Пазнай мяне, прызнай, не абміні! Цяпер Ты ўсё мне: і мой дол, і высі, — Вясёлку свету белага вярні! Падломваюцца ад дарог калені, Вось-вось лісточкам сэрца абляціць, — Не адвярніся!.. Больш з такім маленнем Ужо няма мне да каго ісці.
вернуться

1

Рака Белая.