Выбрать главу
Удаль дарога ўпоцемках пралегла, Бяжыць аўтобус па дарозе ўдаль, Дзе ўсё ў вузёл раздратавання збегла: Рух, і лятунак, і нясцерпны жаль... Бяжыць аўтобус, I жыццё прабегла.
Навідавоку ў маладосці дзёрзкай Ёсць што аплакаць вопыту твайму. ...I шлях, і слота — сцэнай бутафорскай Пякельнасці небутафорскіх мук, — I палагодзіць іх Няма каму...
1984
ДАЗВОЛ НА АДПАЧЫНАК
Быццам раптам кроў спусцілі з цела — Бліск маланкі, потым — змрок густы...
Вось і маеш тое, што хацела? Гэткага спачынку прагла ты?
Што ж, цяпер адпачывай, нябога, — Загадалі горкія радкі, — Шчасце — вера, а твая дарога — Вечна тупікі ды тупікі. Б'ешся, б'ешся, як сляпая птаха, То аб неба, то аб камяні. А каханне ж — радасць, а не плаха. Я не зычыў плахі. Адпачні...
Нават слёз няма, адно здранцвенне... Неба... Тупікі... Каменне!..
1985
ЯШЧЭ НЕ ДАРЭШТЫ
- Адкуль ты? - З Беларусі. - Беларус? Ківаеш галавою: ну канешне! I стане сэрцу соладка чамусь, Хоць застанешся і спакойны знешне.
I песні ж беларускай не спяеш, I хто такі — не ўпомніш — Каліноўскі: Без гэтага нябедна пражывеш!.. Невераемна, што яшчэ... але ж Шчэ соладка пры згадцы: край бацькоўскі...
1986
ЛІСТОК
Дубовы лісток падаеш — як руку — I два жалуды... Не весела сэрцайкам на скразняку. Халады.
Не нам іх баяцца. Нейк перажывем — Людзьмі ды з людзьмі. А гэты лісток — яму лепш у траве — Ты садзьмі.
З маёй далані ты садзьмі яго сам Без жалю-тугі: Хай будзе як ёсць ужо ў нашых лясах, Дарагі...
1984
ПРОСТРАНЬ КАХАННЯ
Паэма-калыханка

Якія мізэрныя мы

I якое жыццё наша горкае,

Калі скарб аддаём неацэнны

Сумненням.

Сінція Віцьер. кубінскі паэт
Не атрымалася, не атрымалася, Як малявалася, як спадзявалася.
Спіш, мая донечка? Спі, люлі-люлі... Думкі мае, хоць бы й вы дзе прыснулі!
...Ты не прыкідваўся, о не. Ты ў самым шчырым парыванні Ад прагі ласкі, спачування Тады хіснуўся да мяне.
Такія блізкія тугой, Такія родныя самотай, Як узаемнаю пяшчотай Уваскрасалі мы з табой!
Былі шчаслівыя ж, былі! Ты не ашукваўся, сам бачыў Як цудадзейна свет іначаў Пад чыстым небам тых хвілін,
Калі і словы, і маўчанне — Усё гучала як адказ, Што ёсць ад бед паратаванне, Ёсць. Любасць. Гэткая, бы ў нас.
Не атрымалася, не атрымалася, Як уяўлялася, як абяцалася.
Спі, мая донька, расінка малая. Толькі табою свой боль прылюляю.
Людзі, як зёлкі, чый род — палыновы. Поўніцца горыччу тут ім не нова.
Голькі чарнобылю цёмнае сілы, Што неаднойчы сябе ўжо касілі.
Доўбняю. Мечам. Свінцом. Радыяцыяй. I найстрашнейшым — душы дэвальвацыяй.
Хто ж мы?.. Ляжаць на грудзях у жанчыны Дзеці ўсёй чыста зямное айчыны.
Хто ж мы?.. Хварэем бяссоннаю вартай I за найгоднейшых, і за нявартых.
...Я вінаватая сама, Што так паверыла ў нязводу, У немінанне нашай згоды, Што нам расстання тут няма.
У непрагляднай даўніне Расцятыя на двух багамі, Зліліся зноў вось, і над намі Нішто ўжо неба не сатне!..
Забыла я, што чалавек Сам спеліць і святло, і морак, З багамі роўны быў учора, А сёння — мураха ў траве.