Не думала, што ўжо і мы
Далучаны да той кагорты,
Дзе шчасце блытаюць з камфортам,
Дзе ўсё рашае суд гурмы...
Спі, прамянінка мая залатая.
Толькі табою жыццё апраўдаю.
Хай мае смуткі не стануць прычынай
Для наракання на долю жанчыны.
Праўда не ў тым, што нас папіраюць.
Ісціна ў тым, што без нас — паміраюць.
Гінуць як Рыцары, Воі, Паэты.
Лепшыя з іх сэрцам помняць пра гэта.
Вось чаму лепшыя з іх без вагання
Нават галовы складуць за Каханне.
...Як лёгка пагадзіўся ты
З маёю роспаччу адчайнай,
Што больш не трэба нас страчання,
Не трэба шчасця нам з лухты.
Як быццам толькі і чакаў,
Каб выдыхнулася такое, —
Усе харугвы здаў без бою.
Шчэ побач быў, а ўжо ўцякаў...
Я выжыла. Мне трэба жыць.
Як-небудзь звыкнуся са стратай.
Ды памяць!.. Як трымцяць напята
Таго яднання міражы!
Няма тых вуснаў, а гараць
На мне ўсе пацалункі тыя,
Няма тых рук, а трапяткія
Віры іх ласкі ўсё віраць!..
...А як жа, мілы, ты жывеш,
Як дыхаецца там, з другою?
Ты і яе найдарагою,
Каханай і яе завеш?
I з ёю гэтак, як са мнон,
Табе і ўдосвіта, і ў змроку,
I гэтак жа навідавоку
Ўсе барвы шчасця, мілы мой?
Ці ўсё ж — на самым дне маны —
Ты палкім прытварацца мусіш,
I слухаць у смяротнай скрусе,
Як звоняць па любві званы?!.
I не сканаць, і не забыць.
Ні апраўданнейка, ні рады.
Жахлівей не бывае здрады,
Як сонца ўласнае забіць!
Пракляты будзь — так званы доўг!
Будзь клятая — мараль натоўпу,
Што ад часоў патопу топіць
Слабых у багне пошлых догм!
Там кожны ведае, як жыць,
I кожны кожнага асудзіць.
I паразвучваліся людзі
Адзіна вартым даражыць —
Сваёй Любоўю...
Ах, першацвет мой кранальна чысцюткі,
Донька мая! Годы пройдуць так хутка.
Бачу той час, калі шызую чаплю
Суму твайго я прагнаць не патраплю.
Будзе кружыць над табой неадхланна,
Покуль і ты не прашэпчаш: «Каханы!»
Покуль не пойдзеш і ты па лязе
За сонцам уласным, а даль — у смузе!
О хай сабе, хай! Толькі б далеч — была:
Каханне без пространі — птах без крыла.
І як ні падтрымваць, і чым ні лячыць —
Сканае ў пакутах. Памрэ. Не ўзляціць.
Будзь ластаўкай, доля, будзь чорнай змяёй —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!
Я дам ен нангожую ў свеце зямлю,
Якую да спазмаў у горле люблю.
Дам вежы яе, і яе курганы,
I казкі-паданні сівой даўніны.
Бярозку пры лёне, ў палёце бусла,
Усё, што і мне колісь мама дала,
Усё, чым багата сама я душой, —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!
Я ведаю змалку, знаць будзе й дачка,
Чым слаўная ў свеце зямля Васілька.
I што мы любілі, і што мы клялі,
I як выжывалі на гэтай зямлі.
У мальвах надзей, пры тузе касачоў
Наш зранены сцяг развіну над плячом,
I дух Белай Русі ў дачцэ не прымрэ,
I мове сунічкай на вуснах гарэць.
Што трэба шчэ ў нашай старонцы жытной?! —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!
Не дай ёй пачуць, як пачула я:
«I твой тут — ніхто, і ты — нічыя».
1986
АЛЕ ТВАЯ СЛЯЗА
Выясніваўся дзень. I ноч растаць хацела.
...О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!
Ад промняў з-пад смугі ўся далеч залацела.
...Але твая сляза ў маю слязу глядзела.
Чародка галубоў над намі ўсё гусцела.
...О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!
Крылялі галубы як свята, як нядзеля.
...Але твая сляза ў маю слязу глядзела.
1986
КАРА
Я змучыла цябе. I гэта праўда.
Як праўда тое, што каханы ты.
I што хранічны страх за нас — не наўда
Так закамплексаванай прастаты.