Выбрать главу
Я змучыла цябе. Не даравання, А кары з любых рук тваіх прашу. Хоць што яшчэ страшней за катаванне Агнём, якім сама сябе душу?..
Ды кара твая падае!.. Упала! — Мой горкі, адхінаешся ў журбе... Такога пекла сэрца шчэ не знала... Ці вернешся?.. У ножанькі б упала... Ці вернешся?.. Я змучыла цябе...
1985
АПАТЫЯ
Разглядваеш паныла лямец дзён, Адпушчаных на песню — Змарнаваных На тло бясконцых вымаганняў быту, — Самапавагі, песні той жадзён, Разглядваеш бяздарны лямец дзён: Ах моташна ад затхлай поўсці...
Душа за кабалу адпомсціць!
1984
СЯБРЫНЕ
Не знадзейвайся. Перажыві. Хоць якая, ды ёсць патоля: Намарозіць радня па крыві — Адагрэе радня па долі.
Скруха — зашмаргай... Перарві. Ёсць лагода на боль, на скруху: Адрачэцца радня па крыві — Паратуе радня па духу.
Праўду гэту — як ёсць — прыві Да сцяжыны далейшага руху. Будзь здарова, радня па крыві. Будзь бяссмертна, радня па духу!
1985
СТУДЗЕНЬСКІ ЛІСТ
Такая намаразь на шыбах, Што праз яе амаль не дападае Святло суседзяў з дому насупроць.
(Прашу цябе, самота: Хоць на міг Ад роднага мне чалавека Адступі!)
На вуліцы вядзьмарыць завіруха: След кожны ўвачавідкі зарастае Ссівелым мохам — зеллем прамінання.
(Прашу цябе, трывога: Хоць на міг Ад роднага мне чалавека Адступі!)
Над Белым возерам, над светам белым Драпежна сцюжа кружыць. Толькі рэкі Людской бяды ніяк не вымярзаюць...
(О слова — шпак вясновы! Хоць на міг Сагрэй сягоння Роднага мне чалавека...)
1985
НА АДВІТАННЕ 3 БАШКІРЫЯЙ
Скажу яшчэ раз «дзякуй» краю гэтаму За радасць лучнасці з харошымі людзьмі, За песню цёплую курая[2], мне напетую У самых весніцах пяклівае зімы.
Шмат што адпрэчу, шмат забуду я, ды знаю: Ужо мне помніць, каб жыла хоць сто гадоў, Як чуйная душа трысціны той — таго курая — Трысцінку мыслячую прагла ўкрыць ад халадоў.
Вялізная Зямля мая, мая маленькая!.. Пад кронай сонца — пад трывог адвечнай кронай! Усюды марыш ты і верыш так жалейкава, Усюды дзецям тваім трэба ласка, абарона...
1986
* * *
А ты жыві, каханы мой, жыві. Хай журавель нарэшце дасца ў рукі. Я забяру ў магілу тыя мукі, Што выпалі нам на кастры любві. Ад золі сэрцайка сваё адхукай: Жыві, каханы мой, жыві!
На свеце гэтым шмат харашыні. Хоць людзі ў свеце гэтым — тое голле, Па-над якім вятрам бяды скуголіць Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні. Ці чалавек задуманы для болю? Як ён жадзён харашыні!..
Не пасягнуць мне розумам маім Тваіх намераў велічных, Прырода. Жыццё дала — не папытала згоды. Усе цацанкі-абяцанкі — дым. Жыццё бярэш, — і мне зусім не шкода Аднойчы развітацца з ім.
Бо што мяне прызеляніла тут? Якая ўжо мяне чакае радасць, Як дружны род мой расхітала здрада, Як дзецьмі не ацеплены мой кут, Як песенны мой дар не мае ўлады I над драбнейшаю са смут?..
А ты жыві, каханы мой, жыві. Хай сэрцу будзе да каго хіліцца. Хай жураўлём абернецца сініца. Сваю шчаслівай долю назаві. Хай светла збудзецца, што светла сніцца, — Жыві, каханы мой, жыві!
1985
ТАК ЗВАНАМУ РЭАЛІСТУ
Бядуеш: не цямлю як след, Што свет скрозь ілжывы, злачынны. Сама яго трохі звучыла. Не трэба мне лекцый пра свет.
вернуться

2

Башкірскі народны музычны інструмент, нагадвае беларускую дудку, жалейку.