Ён часам папраўдзе турма,
Дзе людзі бязлітасна злыя,
Дзе сэрцы такія малыя,
Нібыта й зусім іх няма.
Дзе кожны адно аб сабе
Пыхліва, хапужліва дбае,
З убогай уявай аб раі,
Усё ў сваю норку грабе.
Жалёта казаць!.. Ды хіба
Яно не таму і балюча,
Што ў кожнай душы немінуча
Сядзяць — Чалавек і гурба?
Што гэта ж ад кожнага з нас,
Ад сэрца й сумлення залежыць,
Дабру нашы сцежкі належаць,
Ці зло мае сыты папас...
1985
МАНАЛОГ КАМІЛЫ МАРЦІНКЕВІЧ
Дзіва што! Канешне, я вар'ятка!
Ну, бо як жа — панна, а нашу
Простую сялянскую апратку
I павагі да яе прашу!
Ах, якая сарамота, ах, —
Гэта ж проста жах!
А яшчэ — ў касцёле, звонка, зычна
Пасярод малельнай цішыні
Заспявала гімн патрыятычны:
«Роўнасць людзям, божа наш, вярні!»
Ах, якое святатацтва, ах, —
Гэта ж проста жах!
А яшчэ — пры лютым пры тэроры
Тут, дзе праўда аплыла крывёй,
Не хачу сваё затойваць гора —
Па братах забітых смутак мой!
Ах, якая непрыстойнасць, ах, —
Гэта ж проста жах!
А яшчэ — гатова без вагання
I сама ў шарэнгі тыя стаць,
Хто за незалежнае дыханне
На цара пасмеў сякеру ўзняць!
Ах, ну што ж, як розуму няма —
Ёсць і багадзельня, і турма!..
Хай! Скажу адно шчэ на астатку:
Я не ўгну, панове, галавы!
Зразумее люд сваю вар'ятку:
Покуль пратэстуе — ён жывы!
1957
* * *
Якіх адно вякоў-стагоддзяў не было ў нас:
Каменны,
І жалезны,
І бронзавы,
І залаты!
Ажно да атамнага дажыліся...
А веку Людскага
Так і не выгаравалі
Ні разу.
Няўжо
Не выкаласяць людзі часу,
Калі набудзе вартасць велічную
Адзіна вартае тут велічы –
Самыя Людзі?..
МАНАЛОГ КАХАНАЙ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА
«...галубка... чарнабровая мая... мая галубка...
галубка... чарнабровая мая... мая галубка...»
О божухна неміласэрны!..
Костусь!..
Не па свайму мяне абраў ты росту.
Не па свайму. Ты дужы. Я слабая.
Ты смерць прыняў за ўвесь гаротны люд.
А я адно табой была жывая.
А мне адзіна ты быў сонцам тут.
Цябе няма —
і сонца мне пагасла.
І не сарваць бязлітаснай пятлі
Цяперка з долі і маёй уласнай,
Як з долі нашай роднае зямлі.
Шторанку б'юць па сэрцы барабаны:
Я зноў на плошчы думкамі ў гурбе,
Дзе ў кожным новым вязні дацкаваным
Кат зноў і зноў, зноў вешае — цябе!
Кастусь, Кастусь! Саколе мой адзіны...
Паглянь з-пад зорак на Варшаўскі шлях,
Як тысячамі гоняць пабрацімаў
На катаржную згубу ў кайданах.
Ты з імі, ў іх. Для іх ты быў — як з крыцы.
Са мною ж ты...
«Марыська, заспявай
Любімую маю, што пра ўдавіцу...»
Цяпер яе галосіць цэлы край!..
«Прывыкайце, чорны вочы,
Адны начаваці:
Няма майго міленькага,
Не з кім размаўляці.
Няма майго міленькага,
Няма гаспадара,
Каму бы я пасцелечку
Пухаву паслала...»
Я знала: шчасце наша немагчыма,
Пакуль лютуе самаўладства гнусь.
Тваёй любоўю, верай і айчынай
Адна была жанчына — Беларусь.
Кастусь, Кастусь! Няўжо не збыцца мроі,
Няўжо дарма жывіла люд яна:
Каб не ўнямелай наймічкай —
сястрою
Суседкам стала наша старана?!
Каб разам з імі знебыла галечу,
Нароўні годна свой вяршыла лёс,
Каб ані цар, ні пан не смеў калечыць
Душы яе, аслеплае ад слёз.
Так прадзірацца праз такія церні,
Ускласці столькі жыццяў на алтар
Свабоды —
і няўжо з такога зерня
Не ўскаласуе годнай волі дар?!
Гараць, гараць двары, сялібы, вёскі,
Паўсюль балюе царскі глум і здзек,
Сціскае грудзі пах крыві і воску,
I ўжо няўцям, дзе звер, дзе чалавек...
«Навярніся, мой міленькі,
Да з таварышамі,
Калатніце міраедаў,
Каб яны не ўсталі!..»