Выбрать главу
Не вернешся. I я ўжо не крануся Твайго крутога, мужнага чала. I ласкаю тваёй не загаруся. Адшчыравала радасці пчала.
Не разамкну няшчаднай скрухі кола. Не адбаліць табой душа мая. Не адгучыць ва мне твой сумны голас: «Галубка, чарнабровая мая...»
Ён мой навекі — скарб пяшчоты гэтай, Што мне ў суцеху ў смерці вырваў ты. Хай над тваім апошнім запаветам Закаркалі ўжо груганы лухты, —
Яшчэ не ўсе так подла, нізка ўпалі, Каб слаць цару халуйства адрасы;
Яшчэ не ўсіх так моцна закавалі, Каб зноў не ўзняць сякеры ці касы;
Яшчэ твой воблік родны Беларусі. Кастусь, мой Костусь, любы мой Кастусе...
1987
З РАНКУ I ДА ВЕЧАРА
У юнацтве жывеш, Не дужа думаючы Пра вынікі ўласных учынкаў.
У сталасці, Жорстка зранены ў вечных сутычках Уявы і явы, З павагаю часам глядзіш На свой вопыт жыццёвы.
Але ён немінучы, прыход той хвіліны, Калі да бязлітасці ясна сам бачыш: Жывеш па старых шпаргалках.
1987
ВЯСНА ВОСЕМДЗЕСЯТ СЁМАГА
I зноў жывільны лівень мые Ад хлуду мёртвага зямлю. На думцы зноў сябе лаўлю: Сплываюць дні мае нямыя.
Зямля не ходзіць у пазыку Па сілу нанава радзіць. Душы злачынна немай быць, Як свет турбот такі вялікі.
Як дапякае палынова
Яшчэ і гэтая журба: Жнем тое, што дала сяўба, — Вось і ўмірае наша мова...
Калісь «халопскаю» панамі Была ўсмак збэшчана яна. Ды ўсё ж да смерці даўніна Яе не ссекла бізунамі.
Уваскрасала жаўрукова I на Палессі, і ў Ляўках, На вуснах голі-мужыка I ў Саўнаркоме Чарвякова.
Мы вольныя. Мы без прымусу Савецкі лад жыцця пяём. Між роўных роўныя жывём З былінным імем — беларусы.
Чаго ж тады камяк у горле Пры згадцы даўняга радка, Радка Мацея Бурачка: «Шануйце мову, каб не ўмёрлі»?..
1987
АДКАЗНАСЦЬ ШКОЛЬНАГА НАСТАЎНІКА
За адзнакі (Асобна – за веды), За наяўнасць на ўроках, вядома, За паводзіны ў школе і ўдома, З кім у дружбе і з кім пасварыўся, Ці здароў, як абуты-адзеты, Ці, як кажуць, напіты-наеты, Дзе да зглухлай апоўначы лазіць...
О, настаўнік, не плач! Ганарыся, Што аж так ты за вучня ў адказе: Ты – дзяржава! Бацькі не бядуюць: Ім дзяржава дзяцей нагадуе.
НАБАЛЕЛАЕ
Дзіва з дзіў для чалавека: ён часовы, Бюракрат жа несмяротны на пасту! Колькі звону пра размах перабудовы, Колькі лоску на чарговую лухту!
Покуль пуста ў кашальках у нас і ў крамах, Покуль чэргі ёсць, і хабары, і блат, Хто дудзіць «вярхам», што выканаў Праграму, Той сумленнаму працаўніку — не брат!
Трэба помніць гэта, людзі, трэба помніць, Каб, узняты плёнам нашых мазалёў, Не пасмеў чыноўны хам сабе выкоўваць Панцыр з медалёў!
Край і так ужо даведзены да краю Пад маўчанне наша, бы ні да казны Нам, ні нават да таго, за што ўміраюць На чужой чужыне родныя сыны...
Мы не падкія да плётак і сенсацый. Працінае ж душы сталіншчыны жах, Каб вучыліся за годнасць мы змагацца, Каб у рабстве не трымаў нас болей страх.
Не народ слуга ў чыноўніка, чыноўнік Служка люду паспалітага свайго! Мы забыліся пра гэта і віноўны За трагічны свет усе да аднаго.
Трэба ўцяміць гэта, людзі, трэба ўцяміць, Што апошні шанец маем сёння мы, Каб устаць за праўду й стаць гаспадарамі На зямлі без ашукальніцкай чумы.
1988
СУЗЯМЕЛЬЦЫ
Мае добрыя людзі, Суайчыннікі, Сузямельцы... Вы і цяпер, як некалі, Не так Бога баіцеся, Як начальніка! Пазавугаллю толькі Прынцыповасць сваю выяўляеце, Бы хвігу ў кішэні. Цела недасканалае ваша ў руках Невукаў дыпламаваных, Крыўда ж духу народнага вашага, Як лісцікам фігавым, хлусліва прыкрыта Плакатнаю дружбай народаў. Бедныя людзі мае, вы і цяпер, Як за памяццю прадзедаў, Пастаяць за сябе рызыкуеце толькі тады, Калі вас давядуць да краю. Што, калі нават гэтыя Зернейкі годнасці спадчыннай Па-рабску маўкліва Паможаце вытруціць I ў вашых дзецях? Бедныя людзі мае, Суайчыннікі, Сузямельцы...