Выбрать главу

Гаўдэнт. Не! Я добра чуў, як ён казаў табе «ты»… А чаму ён называў цябе «пумпачка»? Га? Можа й гэта няпраўда?

Магдалена. Казаў «пумпачка?» Вось далібог не памятаю… Ну, калі казаў «пумпачка», значыцца ёсьць такое слова.

Гаўдэнт. А я не хачу, каб ён называў цябе «пумпачкай»! Чуеш?

Магдалена. Вось яшчэ чаго! Ты думаеш, граф будзе цябе пыгацца, што ты хочаш, а чаго ня хочаш… Падумаеш! Фігура вялікая! (хоча йсьці).

Гаўдэнт (устрымаўвае яе). Пачакай! Яшчэ ня ўсё… А чаму ты з ім цалавалася? Можа скажаш, што й гэта няпраўда?

Магдалена. Што?! Як ты сьмееш казаць мне гэтакае! Мы зусім не цалаваліся, а граф навучаў мяне скакаць адзін новы загранічны танец — «тіп–топ».

Гаўдэнт. Але! (дразьнячы яе) топ! топ! Ніякіх танцаў не скачуць сідзячы.

Магдалена (упарта). А не! Вось ёсьць такія, каторыя трэба скакаць сідзячы. Ты нічога ня ведаеш.

Гаўдэнт (бязьсільна). О, Божа, мой! Які ў яе язык! Божа мой! Не дам я з ёю раданьні… О, сьвяты Язэп! зьлітуйся нада мной!

Магдалена. О! ужо пачаў свае охі ды ўздохі! А калі–б спытацца: чаго? — дык дальбог няма ведама.

Гаўдэнт. Магдзя! зашто мучаеш мяне? Зашто?! Я–ж табе сягоньня купіў матэрыі на спадніцу, думаў зрабіць сабе новыя портачкі, але вось купіў табе на спадніцу, бо сягоньня твае імяніны: для цябе я купіў гэтага віна, якога ніхто піць не хацеў, праз цябе я брытвай парэзаўся, — я для цябе ўсё, а ты што? Ты з гэтым графам шашні заводзіш!.. Ах, Божа мой! Божа мой!

Магдалена. Ну, ужо пачаў стагнаць, быццам скуру хто з яго абдзірае!

Гаўдэнт. Ты сэрца мне з грудзей выдзіраеш, гадаўка ты!

Магдалена. Калі ласка! Толькі бяз гэтакіх хамскіх слоў! Вось яшчэ чаго! Лаяцца пачаў! «Гадаўка!» Падумаеш!.. Сам ты гад, хам, мужык!

Гаўдэнт. Палятуха!

Магдалена. Мядзьведзь касалапы! Стары чорт!

Гаўдэнт. Магдзя! Змоўкні, бо не стрываю!

Магдалена. А што? біць будзеш? Ну, толькі папрабуй!

Гаўдэнт. А вось і папрабую! Памятаеш, як раз…

Магдалена. Ну, папрабуй!.. Пры людзёх не пасьмееш!

Гаўдэнт. А вось і пасьмею! (хоча не лупцаваць).

Магдалена. Ня сьмей! Не чапай!.. Буду крычаць!.. Сорамна… там граф… пачуе… (тузаюцца).

Зьява 18

Мяшочак, Гаўдэнт, Магдалена, Мацальскі і інш. госьці.

Мацальскі (уваходзіць, за ім госьці). А цяпер, мэсье і мэдам, я прапаную…

Гаўдэнт (да Мацальскага). А вось як я табе задам «мадам», дык ты й сваіх не пазнаеш! (кідаецца на Мацальскага).

Мацальскі (баронючыся крэслам). Што гэта?! Гэта мавэтон!.. Мэсье і мэдам!..

Гаўдэнт. Я табе пакажу! Ня будзеш ты баб цягцуць да сябе ў госьці! Ня будзеш ты больш з бабамі ў кутох цалавацца! Бачылі яго! А яшчэ граф!

Уршуля (падыходзячы да Гаўдэнта). Перш–на–перш, выбачайце, я ня баба, а паненка, а па другое, якое вам дзела да гэтага, што між намі было?

Гаўдэнт. А вы чаго тут лезеце? Ніхто–ж вас не чапае, дык сядзеце ціха і ня лезьце!

Мяшочак (прачхнуўшся і лезе ў гушчу паміж людзей). Вось вы замест сварыцца, скажэце мне чаму Каін…

Магдалена (да мужа). Вось калі так, калі ты гэтакі бязстыднік, што пры чужых людзёх авантуры робіш, дык вось на злосьць табе буду і цалавацца, і ўсё такое!.. Буду! буду! А нічога на гэта не парадзіш! Буду!

Гаўдэнт (кідаецца на жонку). Забью! забью!

Магдалена ўцякае. Мужчыны хапаюць Гаўдэнта за рукі.

Мацальскі таксама ўцякае.

Уршуля млее.

Заслона

Акт III

Налева дзьверы ў пакой Мацальскага. Далей дзьверы ўхадныя. Направа на першым пляне адчыненае вакно. Далей дзьверы. Наўпрост усходы, якія вядуць на гару ў панкія пакоі.

Пасярэдзіне сцэны стол, крэслы.

Зьява 1

Мацальскі (адзін).

Мацальскі (бяз сурдута стаіць ля вакна, чысьціць боты і гавора праз вакно). Учора прыйсьці ня мог… — Чаму? — быў на вечарыне… — Што? ці села? (д. с.) Пад канец не надта было весела… (Голасна). Бяз панны Марыянны мне ніколі не бывае весела… — Гдзе? — а гэта ўжо сакрэт… Не! не скажу!.. — Панна Мар'янна! панна Мар'янна! Пачакайце! ну, скажу ўжо, скажу!.. Гэта, бачыце, былі імяніны. Я адзін раз пазнаёміўся ў кінематографе з аднэй гэтакай… — Панна Мар'янна! пачакайце!.. Вы, калі ласка, ня думайце чагосьці дрэннага… але!.. Ну вось папрасілі мяне на гэтыя імяніны, я й пайшоў… Не, вы толькі ня думайце, што… — Не! Старая ўжо і ўся ўжо сыплецца, як спарахнеўшае дрэва… Значыцца выпілі там, паскакалі—вось і ўсё!.. Ага! яшчэ не сказаў: я там збрахнуў, што я граф. Вось сьмех! ха–ха! Каб вы ведалі, як каля мяне ўвіхаліся! але! але! далібог!.. Панна Мар'янна! гроша прыйсьці да мяне, я маю да вас справу… Што?.. — Пана няма, пайшоў кудысьні.. Вернецца, здаецца, ня скора… — Што, хутка прыдзеце? — Добра! (пасылае рукой пацалункі). Ах, ты мая пумпачка!.. (Пры левых дзьвярох звоніць званок). А які там чорт?.. (ідзе да дзьвярэй і адчыняе).