Зьява 2
Мацальскі і Уршуля.
Уршуля (уваходзіць, твар закрыты густой вуалькай).
Мацальскі (пазнаўшы яе, вельмі зьдзіўлены).
Уршуля (паднімаючы вуальку, скромна). Гэта… Добры дзень!
Мацальскі (я. в.). А? што?.. ага!.. добры дзень, выбачайце…
Уршуля. Можа вам гэта здаецца дзіўным, што я, знайшоўшы ў сваей торбачцы вашы запросіны, так адразу да вас прыйшла? Але ў мяне такая ўжо арыгінальная натура! Я шукаю перажываньняў… Толькі, калі ласка, вы, граф, не падумайце аба мне нічога дрэннага!.. Я толькі так… бо вы, граф, такі незвычайны чалавек! такі не так, як іншыя, а апроч таго… (пабачыўшы ў яго руках бот і шчотку). Што гэта? Вы самі боты чысьціце, граф?
Мацальскі (зьбіўшыся з панталыку). Я? боты?.. (няшчыра сьмяецца). Ха–ха–ха! Гэта я так… для мацыёну, я гэта люблю… (кідае бот і шчотку ў кут і апранаецца).
Уршуля. А дзе–ж вашы слугі?
Мацальскі. Мае слугі? Дзе–ж мае слугі?.. Ах, праўда!.. Я пусьціў свайго лёкая на вечарыну, няхай хлопец пагуляе сябе трохі (д. с.) Добра, цяпер пана няма!
Уршуля. Ах, якое ў вас добрае сэрца, граф!
Мацальскі. О, але! Як я прызываўся ў салдаты, дык доктар, аглядаючы мяне, сказаў: о! у яго сэрца важнецкае!..
Уршуля. Граф! Чаму вы не запрапануеце мне сесьці?
Мацальскі (усхопіўшыся). Ах, праўда!.. выбачайце! (Падае ей крэсла). Калі ласка! (д. с.) Чаго яна да мяне прыпёрлася?
Уршуля (сядаючы). Ах, учора было гэтак непрыемна! так прыкра! Вы першы раз прыйшлі да гэтых людзей, а яны прынялі вас, як грубіяны!.. Зараз біцца! фу! якое хамства!.. Мне было так нялоўка!..
Мацальскі. Нічога, глупства, гэта здараецца… (да сябе). Яе мусіць падаслалі, каб яна мяне перэпрасіла!
Уршуля. Гэты Залепка надта кепска выхаваны чэлавек. Ён гэтага не разумее, што ёсьць душы, якія бяз доўгага знаёмства, бяз лішніх слоў, ад аднаго першага погляду адчуваюць сваю блізкасьць.
Мацальскі. Я ня ведаю, чым гэта кончылася, бо ўцёк… Што–ж? гэты вар'ят пабіў сваю жонку?
Уршуля. Не, куды там! Яго мужчыны схвацілі за рукі, а яна ўцякла да суседзяў і дома не начавала… Я цяпер, ідучы да вас, спаткалася з ёю на вуліцы недалёка ад вашай брамы… Я страшэнна засаромілася, баючыся, каб яна не падумала, што я йду да вас. Вы самі разумееце, што злыя людзі могуць падумаць, калі маладая паненка йдзе ў госьці да кавалера.
Мацальскі (д. с.). Маладая паненка… гм… гм!..
Уршуля. Дык я з ёю прывіталася і сказала, што йду на гэты падворак да швачкі… Праўда, калі йдзе аб шчасьце двох людзей, дык можна сказаць няпраўду?
Мацальскі. Выбачайце, але я нічога не разумею… Значыцца, яна ня ведае, што вы пайшлі сюды? Гэта значыцца бяз яе ведама?
Уршуля. Што вы, граф! Як–жаж яна магла аб гэтым ведаць! што вы! (сароміцца).
Мацальскі. Ага! (д. с.). Значыцца сам муж прыслаў яе сюды, каб пагадзіцца… (голасна) што–ж! можаце сказаць гэтаму Залепцы, што я нічога проціў ня маю, — можна пагадзіцца, можна на згоду й выпіць.
Уршуля. Выбачайце, я не зусім разумею: вы, значыцца хочаце з гэтым хамам пагадзіцца?
Мацальскі. Ну, што ж такое, што ён раз мяне там ляпнуў, але–ж не скалечыў. Калі ён сам першы хоча…
Уршуля. Але скуль жа вам ведама, што ён хоча?