Выбрать главу

Мацальскі. Як: скуль? Вы–ж, здаецца, гэта казалі.

Уршуля. Я гэтага не казала.

Званок зьвініць пры дзьвярох.

Уршуля (спалохалася). Ах, Божа! Нехта прыйшоў, можа гэта ваш лякай! Я не хачу, каб мяне хтоколечы тут бачыў… Раней чымсь адчыняць дзьверы, схавайце мяне, схавайце!..

Мацальскі (д. с.). Каго–ж там чорт нясе?.. (да Уршулі). Ну, хавайцеся вось сюды ў гэты пакой, сюды!.. (адчыняе дзьверы у пакой направа, упіхвае яе туды і зачыняе ключом, пакінуўшы ключ у дзірачцы замка; пасьля йдзе да дзьвярэй налева і адчыняе іх. Уваходзіць Магдалена).

Зьява 3

Мацальскі і Магдалена.

Мацальскі (рад і зьдзіўлены; ціха). А, пумпачка! А я й не спадзяваўся!..

Магдалена. А вось запамятала твой адрэс і прыйшла. Ты здаволены, што я прыйшла?

Мацальскі (зірнуўшы на дзьверы, за якімі сядзіць схаваная Уршуля, са страхам). Цсс! Не так голасна! Ціха!

Магдалена (зьдзіўлечая). Чаму?

Мацальскі (ня ведаючы, што адказаць). Бо… бо… у мяне галава баліць, калі голасна гавораць… якая, можна сказаць, настальгія…

Магдалена (спагадліва). Бедненькі! які дэлікатны! Якая ў цябе рыстакратычная натура!.. А ведаеш? і ў мяне так–сама галава баліць, калі хто голасна гавора, бо я так–сама з вышэйшага сьвету, хоця й выйшла замуж за гэтага хама Залепку… Ах, дарагі мой Ільдэфонс! Ты на мяне ня гневаешся за тое, што было ўчора?

Мацальскі. На цябе? А за што–ж на цябе? Ты–ж мяне ня біла!

Магдалена. Ух, як я ненавіджу гэтага… свайго мужа! Фу! мядзьведзь! без ніякага выхавачьня!.. Вось ты зусім іншы чэлавек!

Мацальскі. Ну, ведама, я, можна сказаць, маладзец! Гэтакі, проста кажучы, бон віван!

Магдалена (гледзячы на яго ачараваная). Ах, які ты прыгожы!.. Слухай, Ільдэфонс! Ты ня ведаеш, ці развод дастаць лёгка? Кажуць, што заграніцай можна… бо я ужо не магу болей з ім жыць, я яго ненавіджу!

Мацальскі. Гм… развод? Нашто, пумпачка, развод? Калі глядзець на справу, так кажучы, з погляду, дык можна й без разводу… (абыймае яе) Ух, ты! ты! пумпачка! (цалуе яе).

Уршуля за сцэнай чыхнула.

Магдалена (спалохаўшыся). Што гэта? Хто там?

Мацальскі. Не, ніхто!.. Гэта я там котку зачыніў, гэта котка мяўкнула.

Магдалена. Не, мне здаецца, што там нехта чыхнуў.

Мацальскі. Чухнуў? Няўжож? Ну, значыць, котка чыхнула. Ну але! гэта котка чыхнула, там ляжыць адзежа і сьмярдзіць нафталінам.

Магдалена. Ах, я так люблю катоў! Пусьці сюды, я з ёю пагуляю. (Хоча ісьці ў пакой, дзе Уршуля).

Мацальскі (устрымоўваючы яе). Ды што ты, пумпачка! ня трэба! яна кусаецца. Гэта не звычайная котка, а такая дзікая… Лепш пойдзем сюды, у мой пакой, сюды, там спакайней… (абыймае і вядзе ў пакой налева).

Магдалена (як дзіця). Не, пакажы мне котку, я хачу бачыць котку!

Мацальскі. Добра, добра, але пасьля!.. (выходзяць).

Зьява 4

Мар'янна (адна).

Мар'янна (таўстая, здаровая, чырвоная кухарка, уваходзіць праз уходныя дзьверы; глянуўшы, што на сцэне нікога няма, кліча:) Ільдэфонс! пан Ільдэфонс! я ўжо прыйшла… (Ідзе да дзьвярэй, у якія пайшоў Мацальскі з Магдаленай, хоча іх адчыніць, але дзьверы не адчыняюцца). Гм… дзьверы зычынены, яго значыць няма, а прасіў прыйсьці… Як–жаж так? (падслухоўвае пад дзьвярыма). Не! здаецца, нешта варухнулася! (кліча): пан Ільдэфонс! а пан Ільдэфонс! (пауза). Не, значыць яго няма… (Уршуля за сцэнай ізноў чыхнула). А вось дзе ён! Чыхае бедненькі! Бадзяецца па якіхсь вечарынках, позна варочаецца, а пасьля прасьцюдзіўшыся чыхае! Ах, трэба яго выдзерці за вушы… (Ідзе да правых дзьвярэй, адчыняе іх і затрымоўваецца зьдзіўленая на парозе). А–а!.. А гэта–ж што? А вы хто такая? (ірон.). Вось гэта мне падабаецца! Са мной жаніцца абяцаўся, а другую ў пакоі на ноч зачыняе. Ну, я–ж яму задам, як ён прыйдзе!

Уршуля (уваходзячы без капелюша). Выбачайце, але хто вы і якое вы маеце права?

Мар'янна. Якое права? — А вось якое права: гарэлку маю пье, на сьвежыя блінчыкі ў кухню да мяне бегае, як зьбярэцца ў мяне якаясь лішняя копейка, дык зараз да мяне: «панна Мар'янна! зыч! аддам, далібог аддам!» (ірон.) аддае, каб — ня скіс! — вось якім правам! Сьцямілі?