Выбрать главу

Гаўдэнт. Што?! Мая жонка па вуліцы ходзіць?

Мар'янна. Толькі ціха, спакойна. Не, не так ходзіць, як вы думаеце, але так сабе ходзіць, пайшла значыць на спацар… А яе тут няма.

Гаўдэнт. Я ведаю, што яе тут няма. Мне панна Уршуля ўжо ўсё сказала… І выбайчайце, панок, што я вас пакрыўдзіў…

Мацальскі (д. с). Добра пакрыўдзіў.

Гаўдэнт. Але вы самі разумееце, што са мной робіцца! Жонка ўчора як выйшла з хаты, дык дагэтуль не вярнулася… Але яшчэ скажу вам вось што: нашто вы ўсё гэта зрабілі? нашто вы ўсіх нас гэтак ашукалі? нашто вы сказалі, што вы граф?.. «Граф! граф!» — ну што граф? Мы людзі простыя, без царамоніі, мы–бы вас і так добра прынялі, дык нашто задзіраць нос у гару: «Граф! граф!»

Мар'янна (ціха да Мацальскага). Ён зусім не вар'ят.

Мацальскі (таксама да Мар'янны). Не! Вар'ят! Зусім вар'ят.

Гаўдэнт. А яшчэ задурылі галаву панне Уршулі. Якіясь запісачкі, тынды–рынды… Не гожа!.. Калі–б захацелі жаніцца, дык трэба інакш, а не гэтак… Так сорамна, не ганорна.

Мар'янна (да Гаўдэнга). Штооо?! жаніцца? О! гэта дык выбачайце! Гэта ўжо дарма… Я ўжо пярсьцёнікі купіла, у гэту нядзелю першыя запаведзі будуць… О! зараз! жаніцца!! А фіга з макам!.. І годзі ўжо ўсяго гэтага. Зьбірайцеся і йдзеце сабе дамоў, або шукаць жонкі, як да спадобы, а з намі гугарка ўжо кончана. (Бярэ яго за падпаху і хоча весьці да дзьвярэй. У гэты час Гаўдэнт пабачыў на стале торбачку сваей жонкі).

Гаўдэнт. Чакайце! А гэта што? Гэта маей жонкі торбачка! Скуль яна тутака?

Мацальскі. Якая торбачка?.. Не! гэта панны Уршулі торбачка.

Уршуля. Не, гэта не мая. Я сваю маю.

Мацальскі. Дык значыць гэта мая торбачка. Я люблю іншы раз гэтак з торбачкай па вуліцы… (да Гаўдэнта). Дайце, калі ласка.

Гаўдэнт (не аддае, але адчыняе торбачку і выймае з яе хустачку). Не! вось і яе хустачка. (Разглядае хустачку). Вось і яе літары: М. З. — значыць, Магдалена Залепчыха. (Да Мацальскага). Га? Скуль торбачка? значыцца я добра дадумаўся! значыцца яна тут! Дзе яна? Я яе знайду! яна тут! (выбягае ў першыя дзьверы налева).

Зьява 12

Мацальскі, Мар'янна, Уршуля.

Мацальскі (да Мар'янны). А што? Я казаў: вар'ят!

Уршуля. Садома і Гамора! што тут робіцца! (паказваючы на Мацальскага). і гэтакаму чэлавеку я даверыла сваё нявіннае дзявочае сэрца! о! страх падумаць! (хоча йсьці).

Мацальскі (за ёю ўсьлед). Панна Уршуля! Дык чаго–ж у канцы канцоў вы сюды прылезьлі? Клікаў я вас сюды, ці што?

Уршуля (нэрвова сьмяецца). Ха–ха–ха! Ён яшчэ пытаецца! У! нягоднік! (пайшла ў выхадныя дзьверы).

Зьява 13

Мацальскі і Мар'янна.

Мар'янна. Пане Ільдэфонс! пачакай пан! (бярэ яго за руку і вядзе на аван–сцэну). Цяпэр я пана спытаюся: што ўсё гэта значыць? га? га?

Мацальскі. Ну што–ж? Усе павар'яцелі.

Мар'янна. Павар'яцелі? Быць можа, але я, дзякуй Богу, яшчэ не звар'яцеўшы. (Выймае з кішані нейкую паперку). Вось, калі ласка, глянь пан Ільдэфонс і што пан Ільлэфонс на гэта скажа? У мяне ўсё запісана акуратна. (Чытае з паперкі). Дала пану Ільдэфонсу раз 500 марак, пасьля зафундавала паўбутэляк гарэлкі і фунт сальцэсону, пасьля грашыма дала йзноў 300 марак, пасьля новую манішку пану Ільдэфонсу купіла—і так далей — вось усё запісана! Аддай мне цяпер усё, пан Ільдэфонс!

Мацальскі. А я за тое заплаціў ксяндзу за запаведзі!

Мар'янна. Колькі пан Ільдэфонс заплаціў?

Мацальскі. Добра не памятаю, здаецца, што…

Мар'янна. Жулік! Мусіць не даваў на запаведзі, а толькі галаву дурыць ужо трэці месяц.

Мацальскі. Дык–жа панна Мар'янна! я ад шлюбу не адмаўляюся. Я, далібог, калі раз сказаў, дык ужо як ў газэце надрукаваў.

Мар'янна. А жулік! Не пайду я з гэтакім да шлюбу, які ўжо перад шлюбам шашні з бабамі заводзіць.

Мацальскі. Дык–жа панна Мар'янна! Я далібог… Гэта якійсь вар'ят… Тая таксама непрытомная.

Мар'янна. Але! але! круці цяпер пан Ільдэфонс языком, як цялё хвастом. (Дражніць). «Я далібог, я далібог…» Той вар'ят, гэты вар'ят, толькі пан Ільдэфонс адзін гэтакі разумны знайшоўся… Не! мяне не абдурыш!