Выбрать главу

За сцэнай званок.

Хтож–бы гэта? Можа яна?! (устае, ідзе адчыняе дзьверы).

Зьява 3

Гаўдэнт і Уршуля (ўваходзіць).

Уршуля. Пан Гаўдэнт, выбачайце… У вас цяпер такое няшчасьце, а я да вас лезу са сваімі справамі.

Гаўдэнт. Ах, няшчасьце, вялікае няшчасьце, пана Уршуля!

Уршуля. Я вас хацела прасіць, каб вы, пан Гаўдэнт, нікому не казалі аб тым, што здарылася… што я… што я там была…

Гаўдэнт. А нашто казаць! Нікому я не скажу. Што мне да гэтага!.. Сядайце, калі ласка.

Селі. Паўза. Гаўдэнт і Уршуля час–ад–часу охаюць–уздыхаюць.

Уршуля. Пан Гаўдэнт! Вы здаецца ходзіце да споведзі да ксяндза Кяпкевіча?

Гаўдэнт. Але. Да Кяпкевіча. А вы?

Уршуля. Я таксама да ксяндза Кяпкевіча.

Гаўдэнт. Малады, але спавядае добра.

Уршуля. Ох, як добра!.. Я ня ведаю як мужчын, але нас, паненак, вельмі добра.

Гаўдэнт. Я заўсёды хадзіў адзін раз у год, перад Вялікаднём, але цяпер думаю ў гэтым тыдні пайсьці,—шмат грахоў набралося.

Уршуля. Я вас хацела яшчэ прасіць… Пан Гаўдэнт! Не кажэце ксяндзу Кяпкевічу аб гэтым са мной здарэньні.

Гаўдэнт. А нашто мне?.. У мяне столькі сваіх грахоў!.. А вось Магдзя рэдка ходзіць на споведзі. Добра было–б, каб і яе ўдалося намовіць… Панна Уршуля! Як панна Уршуля думае: ці Магдзя вернецца да мяне?

Уршуля. Пасьля ўсяго таго, што сталася хіба была–бы без ніякага стыду, каб да вас вярнулася, да вас — чэлавека такога набожнага, скромнага… Яна ня ўмее вас ацаніць. А ёсьць душы, якія шукаюць запраўднага каханьня, гэтакага чыстага анельскага збратаньня душ…

Гаўдэнт. Вось я хацеў–бы, каб Магдзя глядзела на справу так як вы: гэткае чыстае збліжэньне двох душ. Але яна хоча чаго іншага… Выпьеце гарбаты, панна Уршуля?

Уршуля. Калі ваша ласка…

Гаўдэнт. Зараз будзе, я падагрэю самавар… (ідзе ў другі пакой, бярэ са стала самавар і нясе яго).

Уршуля. Ах, што вы! Вы самі будзеце ставіць самавар?

Гаўдэнт. Я заўсёды сам, бо Магдзя ня хоча ручкі пэцкаць.

Уршуля. Ах, як–жаж можна! Гэта не мужчынская работа… Дайце мне… (хоча ўзяць ад яго самавар).

Гаўдэнт. Ну не. Я ўжо прывык.

Уршуля. Але не! Дазвольце мне быць у вас сягоньня за гаспадыню.

Гаўдэнт. Ну добра… Вуглі ў кухні каля печкі.

Уршуля. Добра, добра… я знайду… (выходзіць за самаварам у кухню).

Гаўдэнт (адзін). Добрае сэрца ў гэтай панны Уршулі, і набожная! Каб–жа мая Магдзя была гэтакая, вось было–б шчасьце! Ах, Божа мой! Я–бы кожну сераду і пятніцу пасьціў–бы, я–бы ў брацтва цьвярозасьці запісаўся…

Уршуля (з правых дзьвярэй). Пан Гаўдэнт! сярнічкі маеце?

Гаўдэнт. Маю. (Дае сярнікі). Але ўзапраўды, панна Уршуля, гэтак не выпадае: я тут сіджу сабе, а вы працуеце!

Уршуля. Ах, такое глупства! Няма аб чым казаць.

Гаўдэнт. Але гэты самавар з фанабэрыяй з ім трэба ўмець, вы можа не патрапіце…

Уршуля. Ах, я ўмею ладзіць ня толькі з самаварнымі фанабэрымі! Я кожную душу адчуваю і кожнага разумею… І калі–б хто палюбіў мяне я–бы была яму вернай прыяцелькай і рабіла для яго ўсё прыемнае. (Сядае на канапе).

Гаўдэнт (сядаючы побач). А вы нікога не яшчэ не палюбілі?

Уршуля (саромліва). Ах, не пытайцеся! (апірае галаву яму на плячо).

Гаўдэнт. Што вы? змарыліся?

Уршуля. Абыймеце мяне! (Гаўдэнт нялоўка абыймае яе). Ах, так!.. Ах, як я шчасьліва!.. Нарэшце я знайшла чэлавека, які зразумеў і ацаніў мяне! Бо ў мяне душа незвычайная, мяне зразумець трудна… Ах, які пан Гаўдэнт прыгожы! Як можна вас не любіць! (закідае яму рукі на шыю).

Зьява 4

Гаўдэнт, Уршуля, Магдалена (уваходзіць).

Магдалена. А! смачнага апатыту!.. можа перашкодзіла?

Уршуля (адскочыўшы ад Гаўдэнта). Ах!!

Магдалена. Што–ж гэта? Жонка толькі на адзін дзень выйшла з хаты, а муж знайшоў ужо сабе другую і цалуецца!