Выбрать главу

Гаўдэнт. Але–ж гэта не я… гэта не я…

Магдалена (дражнячы). «Не я, не я…» А хто–ж гэта? (тыкае яго пальцам). Партрэт твой, ці што?

Гаўдэнт (ашаломлены яе нахальствам). Але–ж гэта не я знайшоў сабе… Я не шукаў…

Уршуля (д. с). А шчасьце было гэтак блізка! Магдалена. А хто шукаў? Значыцца панна Уршуля шукала?.. (іронічна). О, гэта добра! Надта гожа! вельмі пекна! Да кожнага мужчыны, як смала, прыклеіцца! Фэ! сорам, панна Уршуля! А набожная! Падумаеш, сьвятая якая! А як пабачыць мужчыну, дык ажно млее… Усе ад яе ўцякаюць, дык вось ведаеш якога знайшла сабе анёлачка! (З агідай да мужа). Ах, ты мядзьведзь!

Уршуля. Што?! Ад мяне ўцякаюць? О, выбачайце!.. Каб я толькі хацела!.. Але я ня думаю зажывацца з кожным графскім лёкаем…

Магдалена. Але з чужым мужам!

Уршуля. Але не з графскім лёкаем!

Магдалена. А гэта–ж што за прытычка такая? Это–ж гэта графскімі лёкаямі задаецца? Можа я? Што? можа я?! га?

Уршуля. А ну ведама, што пані Магдалена. Усім ведама.

Магдалена. Што?! Мяне тут абражаюць, а той (да мужа) стаіць тут як балван якійсь і нічога ня можа! Муж ты мой, ці ня муж? Як ты пазваляеш жонку сваю абражаць!

Гаўдэнт (нясьмела). Магдзя! Калі–ж навет торбачка твая там засталася…

Магдалена. Якая торбачка? Дзе торбачка? Там Сам торбачка, калі ня ўмееш бараніць сваю жонку ад напасьцяў. Стаіць як пень дурны… Што можа–б хацеў тут цэлы гарэм устроіць? Бачыце султан які!

Уршуля. Пані Магдалена! няхай пані так не крычыць, бо пані найбольш вінавата…

Магдалена. Што?! не крычаць? Вось–жа буду крычаць! Бо я маю права крычаць. Хто тут гаспадыня? Я! Гэта мая хата і я крычу, а пані, калі не падабаецца, дык можаш сабе йсьці вон!

Гаўдэнт (да жонкі). Ах, што ты, Магдзя! Ня трэба так…

Уршуля. Што?! Можа яшчэ будзеш за яе заступацца? Прысягаў, што мяне не пакінеш? Прысягаў, пытаюся, ці не?

Гаўдэнт. Я прысягаў… Але, коцік, ня трэба так…

Магдалена. Я ведаю, як трэба… А пані, панна Уршуля, вон пайшла і ня сьмей ніколі больш сюды прыхадзіць—і канец!

Уршуля. Пан Гаўдэнт! Ці вы ня чуеце? Як вы пазваляеце гэтак мяне абражаць?

Гаўдэнт. Ведаеце што панна Уршуля! Ідзеце ўжо сабе дамоў, я ўжо сам самавар пастаўлю.

Уршуля. Эх, вы мужчыны! Гады хітрыя! Чорт вас хіба выдумаў на наша няшчасьце дзявочае! Ніводнаму ўжо з вас ніколі не паверу (выходзіць).

Гаўдэнт. Ідзеце ўжо дамоў, панна Уршуля! ідзеце ўжо сабе.

Магдалена (у сьлед Уршулі). Праклінай у сваей уласнай хаце, а тут крычаць табе не пазволю.

Зьява 5

Гаўдэнт і Магдалена.

Магдалена. Гэта мне падабаецца! Чужому мужу кідаецца на шыю і яшчэ крычыць… Але й ты добры! Як толькі застаўся на адзін дзень без мяне, дык зараз і завёў тут шуры–муры!

Гаўдэнт. Але, коцік, нічога такога не было…

Магдалена. Не дуры галавы! Я бачыла.

Паўза. Гаўдэнт бярэ яе торбачку, якую прынёс з сабой, і пачынае яе круціць у руках, ня ведаючы, што сказаць.

Магдалена (падыходзіць да яго і вырывае яму з рук торбачку). Нашто ўзяў маю торбачку! Не чапай! (кідае яе на стол).

Гаўдэнт. Вось ты, коцік–Магдзя, уляцела й ды ўсё крычыш ды крычыш. А несправядліва. Папраўдзе кажучы, дык я павінен крычаць, а не ты.

Магдалена. Чаму–ж гэта? цікавасьць! Таму, што я не начавала дома? Я начавала ў Фэлькі. Не магу–ж я начаваць у аднэй хаце з чэлавекам, які без прычыны на людзей кідаецца. Я баялася, каб ты мяне ў начы не зарэзаў.

Гаўдэнт. Не, не аб тое йдзе… Але вось торбачка…

Магдалена. Што торбачка?

Гаўдэнт. Твая торбачка была ў гэтага лёкая, Мацальскага, ці як яго?

Магдалена (няшчыра). Торбачка? Ха–ха–ха! Торбачка! Дык–жа ты нічога ня недаеш, што гэты жулік Мацальскі як прычапіўся да мяне, дык я ніяк не магла адчапіцца… Усё прасіў, каб я дала яму на памятку сваю хустачку. Я не давала, дык ён узяў разам з торбачкай. І добра, што ты пайшоў і адабраў ад яго… Гм! Жулік які! І падумаць толькі. Кажа: граф! граф! І «авэк плязір» і «мадам–мэсье» — усё толькі вучоныя словы, усё пафранцузку, а бач! — лякай! А каб яму пуста было!..