Выбрать главу

Леакадка (быццам засаоміўшыся). Ах, што мама… Паўза. Пышка і Шышка час–ад–часу кашляюць быццам хочучы нешта сказаць, але ня ведаючы з чаго пачаць. Леакадка клумсае сваю хустачку.

Шышка. І чаму гэта так дзіўна бывае, што ўлетку падае дождж, а ўзімку — сьнег!

Леакадка. Як падае дождж, дык надта дрэнна.

Пышка. Асабліва, калі парасона няма.

Мяшочыха. (падыходзіць да заснуўшага мужа і тузае яго). Калістрат! У чужым доме!.. не выпадае!.. Калістрат!

Мяшочак. Дай паспаць… Адчапіся!.. Яшчэ рана.

Зьява 8

Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Пышка, Шышка, Магдалена, Фэлька, Мацальскі.

Магдалена (уваходзячы). Калі ласка, просім бліжэй, просім… Будзьце знаёмы: гэта пан граф Мацальскі, а гэта — пані Мяшочыха, пан Мяшочак, панна Леакадка, а гэта пан Пышка і пан Шышка…

Ува ўсіх, як пачулі слова «граф», ад дзіву выцягнуліся фізяноміі. Кожны асьцярожна, з пашанай падае руку Мацальскаму.

Мацальскі. Вельмі прыемна… (горда гледзячы з гары на ўсіх, падае руку).

Шышка (да Пышкі ціха). Чуў? Граф!

Пышка. Я жывога графа першы раз бачу.

Шышка. А ў майго брата быў знаёмы, дык ён расказваў…

Мацальскі. Мэдам і мэсье! Проста кажучы, вельмі рад, што я апынуўся сягоньня ў гэтай незнаёмай, але такой вясёлай кумпаніі. Я сам чэлавек вясёлы і люблю павесяліцца, і прыйшоў–бы сюды шмат раней, каб ня служба.

Магдалена (гледзячы на Мацальскага ачараваная). Няўжож вы, пан граф, маеце службу?

Мацальскі. Ня тое, каб служба, а гэтакая. Проста кажучы, калі глядзець на справу з погляду, дык і ня служба, а гэтакая гульня, можна сказаць пур пассэ лятан…

Магдалена. Вы, пан граф, мусіць займаецеся палітыкай?

Мацальскі. Але, і палітыкай… Бо, ведаеце, такая нуда, такая страшэнная нуда, што трэба хоць чымсь займацца, каб было весялей.

Мяшочыха. А музыку вы любіце, пане граф?

Магдалена (да Фэлькі ціха). О, гэтая ідыётка ўжо вылезла са сваей музыкай.

Мацальскі. О, вельмі!.. Асабліва вальсы!.. Як зайграе музыка: тра–ля–ля, тра–ля–ля, тра–ля–ля, ды проста кажучы, ногі самі скачуць… (балянсіруе перад Магдаленай і пяе): Тру–ля–ля, тру–ля–ля…

Мяшочыха (ціха да Леокадыі). Ідзі бліжэй пагавары з ім аб музыцы. Ці–ж на тое я плачу грошы вучыцельцы, каб ты стаяла як пень, не адчыняючы рот.

Мацальскі. А вось заграніцай дык я чуў не такую музыку, як у нас бывае, а такі вялізны аркестр, мусіць дзесяць або сто тысяч чэлавек… Дык гэтакі аркестр так голасна грае, што ў другім горадзе, суседнім, так мусіць вярстоў за сто, людзі пад гэту музыку скачуць… (ізноў я. в.) Тру–ля–ля, тру–ля–ля…

Мяшочак (падсоўваецца). А вы, граф, любіце астраномію?

Мацальскі. Што? Каго? А! проста кажучы, зоркі глядзець… Ха–ха–ха! Вясёлая кумпанія! Люблю вясёлых людзей!.. Тру–ля–ля!.. Тру–ля–ля…

Зьява 9

Тыя–ж і Гаўдэнт.

Гаўдэнт (з правых дзьвярэй высоўвае галаву, паказвае бутэльку з віном, псыкае і ківае пальцам да жонкі).

Магдалена (да гасьцей). Выбачайце, я зараз… (выходзіць на кліч мужа).

Зьява 10

Тыя–ж без Магдалены і Гаўдэнта.

Мацальскі. А! гаспадарскія клопаты!.. Госьці нарабілі гаспадыні клопату!.. Калі ласка… калі ласка… (да Фэлькі). Я вельмі вам удзячны, што праз вас я пазнаёміўся з гэтай прыемнай кумпаніяй… А пані гаспадыня — гэта ягадка!.. Проста кажучы, я шчасьліў… як кажуць пафранцузку: я вельмі жантэнты! Гм… так… таго… (курыць папіроску; усе маўчаць і глядзяць на яго з пашанай).

Пышка. А… пагода сягоньня харошая…

Мацальскі (недачуўшы). Але, асабліва гэты носік, гэтая кругленькая мордачка… Люблю гэтакіх баб!.. Тру–ля–ля, тру–ля–ля…

Мяшочыха (да Мяшочка). Ты чуеш, што ён кажа аб нашай Леакадцы? Спадабалася!

Зьява 11

Тыя–ж, Магдалена, Гаўдэнт.

Магдалена (уваходзячы да Мацальскага). Калі ласка, пан граф, будзьце заёмы: мой муж…