Мацальскі (падае руку ўвайшоўшаму за Магдаленай Гаўдэнту). Шчасьліваму мужу гэтакай прыгожай жонкі маё, можа сказаць, прывітаньне… проста кажучы: о рэвуар!
Гаўдэнт (вітаецца раней з Мацальскім, пасьля з усімі пачарзе; бутэлька яму перэшкаджае, ён яе хавае за пазуху; прывітаўшыся, пайшоў у другі пакой праз сярэднія дзьверы і ставіць там на стале бутэльку).
Мацальскі. Мэдам і мэсье! Калі можна спытацца, ці скокі будуць?
Магдалена. Няўжож! Толькі ў нас музыка няважная, можа вы, граф, не прывыклі танцаваць пад гэтакую… (чутно званок за сцэнай; кліча да муа ў другі пакой). Гаўдэнт! адчыні! спаткай гасьцей!
Мацальскі. Нічога… я прывык пад уселякую… Асабліва ў такой вясёлай кумпаніі… Вы пазволіце першага вальса з вамі… Тру–ля–ля!..
Магдалена. Калі ласка… з вялікай прыемнасьцю.
Мацальскі (гледзячы на яе, як кот на сала). Ох, мая ягадка чырвоненькая! пумпачка!.. (цалуе яе ў руку).
Магдалена (аглядаючыся навокал). Ах, што вы!.. пасьля…
Зьява 12
Тыя–ж, Лапурка, Галька, Уршуля (уваходзяць).
Лапурка (вясёлы хлапец з гармонікам; увайшоўшы, цалуе Магдалену ў руку). Пані Магдалене наша паважаньне! Віншую з імянінамі… каб заўсёды было многа грошай, многа шчасьця і многа дзетак…
Магдалена. Фу!.. Ну, што вы!.. Дзякую!..
Галька (цалуецца з Магдаленай). Віншую цябе, Магдзя, і зычу табе ўсяго таго, чаго сама хочаш…
Магдалена. Дзякую… дзякую…
Уршуля (так–сама цалуецца). Усяго найлепшага…
Магдалена. Дзякую… Будзьце знаёмы: граф Мацальскі, — пан Лапурка з жонкай, панна Уршуля…
Мацальскі (падае руку). Граф Мацальскі… Я, можна сказаць, авэк плязір…
Магдалена. Ну, і ня будзем марудзіць. Калі ласка, прашу ўсіх сюды, у гэты пакой, закусіць крыху… Прашу!.. (паказвае рукой на сярэднія дзьверы).
Усе, апроч Шышкі і Пышкі, ідуць у другі пакой і сядаюць навокал стала. Мацальскі пасярэдзіне.
Пышка (устрымоўваючы Шышку). Слухай, ты ня ведаеш, ці пры стале трэба з дамамі гутарыць, ці можна маўчаць?
Шышка. Пры стале, здаецца, можна маўчаць… але вось у часе скокаў дык трэба гаварыць камплямэнты…
Пышка. Гм… трудна…
Шышка. Есьць такая кніжка, называецца «самавар вівр», ці што, дык у ёй напісана ўсё, як і калі трэба. Мы яе купім у складчыну. Добра?
Пышка. Але. Купім…
Магдалена (зварачваючыся да Пышкі і Шышкі). Калі ласка, просім да стала!.. Чаму–ж вы засталіся?..
Пышка І Шышка. Мы ўжо… выбачайце…
Магдалена (паказваючы ім іхнія месцы). Вось вы тут, пане Пышка, а вы, пане Шышка, тут…
Мацальскі (устае, трымаючы ў руцэ чарку). Мэдам і мэсье! У гэтакі ўрачысты мамэнт, калі можна сказаць, наша пані гаспадыня сьвяткуе свае імяніны, я прапаную выпіць гэту першую часрку за здароўе пані гаспадыні… Ура!
Усе. Уррра! (пьюць).
Акт II
Дэкарацыя тая самая.
Усе ўжо добра выпілі. Твары пачырванелі.
Зьява 1
Гаўдэнт, Магдалена, Мацальскі, Фэлька, Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Уршуля, Лапурка, Галька, Пышка, Шышка.
(Усе сядзяць яшчэ пры стале).
Мяшочак (да Мацальскага). Вось калі ты такі вучоны граф, дык ты скажы мне, чаму Каін Абэля віламі колець? Вось я стаю, гляджу на месяц і бачу: Каін Абэля… Ну, чаму, пытаюся?
Мацальскі. Гэта мусіць ад ветру…
Мяшочак. Сам ты ад ветру… Я пытаюся, чаму…
Мацальскі. Выбачайце, але я не ад ветру, і абражаць сябе не пазволю! (Устае).
Мяшочыха (да мужа). Калістрат! Кінь ты ўжо аб навуцы!
Магдалена (да Манальскага). Граф! Не зважайце на гэта!..
Мацальскі (цалуе гаспадыню ў руку). Для вас я гэта зраблю, але каб хто іншы… Я ўжо раз меў такое здарэньне… дык адразу на паядынак! (Уваходзяць па сцэну).
Магдалена. Ах, Божа мой! і забілі?
Мацальскі. Ці я дурны! Каб у турму папасьці! Фі донк!