Мацальскі (цалуе яе рукі). Так, як цяпер, ніколі ня быў…
Магдалена (быццам саромячыся). Ах, граф!..
Мацальскі. Анёлачак! Не кажы: граф! Кажы: Ільдэфонс! Мой дарагі Ільдэфонс!
Магдалена (сэнтымэнтальна). Ільдэфонс!.. Гэта зычыць, як музыка… Ільдэфонс! мой дарогі Ільдэфонс! (схіляе галаву яму ня плячо).
Мацальскі (горача абыймаючы і цалуючы яе). Анёлачак мой залаты! Магдаленачка! Пумпачка!
Мяшочак (перэварачваючыся на другі бок праз сон). А я пытаюся, чаму Каін…
Мацальскі і Магдалена (адскочыўшы ад сябе спалоханыя). Ах!
Мацальскі (прыгледзіўшыся да Мяшочка). Не, нічога!.. Ён сьпіць… добра налізаўшыся… не пачуе.
Магдалена. Я тут баюся…
Мацальскі (цалуе яе). Ня бойся!.. Лікёрчык ты мой! Пумпачка ты!..
Магдалена. Не, ня тут, ня тут… Пасьля… Пойдзем цяпер паскакаць!..
Мацальскі. Ну, пойдзем!.. Ах ты ягадка! Тру–ля–ля!.. (выходзяць).
Зьява 6
Мяшочак, Уршуля, Галька.
Уршуля (уваходзячы з Галькан). Ах, які гэты граф баламут! У часе вячэры ўсьцяж кідаў у мяне то галкамі з хлеба, то скурачкамі апальцыну, а цяпер танцуе толькі з аднэй Магдаленай!.. фу! які баламут! (няшчыра). Не падабаецца мне!
Галька. Гэтыя людзі з вышэйшага сьвету І яны такія. Я чула, што яны, як паедуць заграніцу, дык не бяруць там шлюбу па нашаму, у касьцёле, а йдуць да нейкага чыноўніка, там расьпішуцца толькі і жывуць ужо, як муж з жонкай. Зусім бальшавікі.
Уршуля. Ах, фі! фі!.. Што вы кажаце! Вось сорам!
Галька. Няма дзіва — усе яны бязбожнікі.
Уршуля. Пані Галена! Што я вас хацела спытацца… але ня ведаю як сказаць… трохі сорамна.
Галька. Ну?
Уршуля (саромліва апусьціўшы вочы). Ці ўжо пасьля шлюбу… і ўжо пасьля вясельля… ды вельмі страшна?
Галька. Ха–ха–ха! (сьмяецца і шапоча ей нешта на вуха).
Уршуля (млосна). Ах, ах! не кажэце! ах! страшна!.. ах! я–бы ляпей пайшла ў манастыр, чымсь пазволіла…
Зьява 7
Мяшочак, Уршуля, Галька, Пышка, Шышка.
Пышка (увайшоўшы, ціха да Шышкі). Ты з каторай?
Шышка (паказваючы вачыма на Гальку). Я з гэтай.
Пышка (паказваючы на Уршулю). А я з гэтай.
Шышка. Ну добра… (падыходзяць да жанчын, кланяюцца і вядуць за сцэну ў скокі).
Зьява 8
Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка.
Мяшочыха (уваходзячы з Ленкадкай). Ты, Леакадка, як граф пакліча цябе ў скокі, дык ты зірні на яго гэтак бокам і ўздыхні: ах! — каб ён, значыцца, сьцяміў, што ты вельмі рада. А як пачне гаварыць да цябе пафранцузку, дык ты не паказвай віду, што на разумееш, але скажы гэтак: ооох! каб, значыцца, можна было падумаць і не, і але…
Леакадка. Я ведаю, што рабіць, мамачка!
Мяшочыха (выймаючы з сваей торбачкі флякончык з парфумай). Чакай, я вось цябе папарфамую, каб ты не сьмярдзела потам… (Пырскае на дачку парфумай). А калі ён пацісьнець цябе за руку, дык так–сама яго, але не надта моцна, а так крыху і перэвярні вочы уверх ды ціханька гэтак уздыхні: ох!
Леакадка. Я ведаю, мамачка!..
Мяшочыха. А калі ён будзе казаць, што цябе любіць і жыць без цябе ня можа, дык ты саромліва апусьці вочы ўніз і скажы яму: «пагутарце аб гэтым з маей мамай»…
Леакадка. Калі ён нічога гэткага і ня думае казаць, а толькі сьмяецца і шчыпаецца.
Мяшочыха (зьдзіўленая). Шчыпаецца?!
Леакадка. Але. Усё хапае за бок, то за іншае месца і ўсё сваё: «тру–ля–ля»…
Мяшочыха (я. в.). Гм. гм… Мусіць цяпер новая такая мода…
Мяшочак (праз сон). А я пытаюся… чаму…
Мяшочыха. Ах, Божа мой! Калістрат сьпіць, а граф можа пабачыць і будзе сьмяяцца (да мужа, туваючы яго). Калістрат! а Калістрат! Устань!
Мяшочак (праз сон). Адчапіся!.. (сьпіць).
Леакадка. Граф ужо бачыў, што папа пьяны.
Мяшочыха (убачыўшы ў дзьвярох Мацальскага, ціха да дачкі). А вось ён глядзіць на цябе. Ідзі, ідзі, можа ён хоча паскакаць з табой. (Ідзе да дзьвярэй, Мацальскі дае ім дарогу, у дзьвярох робяць цэрамоніі кланяючыся).