Выбрать главу

Мацальскі. О! мэдам!

Мяшочыха і Леакадка. Ох, граф! (выйшлі)

Зьява 9

Мяшочак, Мацальскі, пасьля Уршуля.

Мацальскі (абцірае хустачкай пот на твары і падыходзіць да стала, пье піва. Закурывае папіроску).

Уршуля (уваходзіць, сядае, зіркая на Мацальскага. Паўза). Ах, як вы добра танцуеце!

Мацальскі. Я–ж з вамі здаецца не тацавала, дык скуль ведаеце?

Уршуля. Але я бачыла, як вы… з іншымі.

Мацальскі. Але… я вучыўся ў танцы ў Шрайбмана.

Паўза.

Уршуля. Вы такі сумны: вы мусіць закахаўшыся, або вершы пішаце?

Мацальскі. За шмат гарэлкі выпіў… Я яшчэ перад тым, як прыйсьці сюды, спаткаўся з адным прыяцелям і мы здорава сербанулі.

Уршуля. Ці вам больш падабаюцца брунэткі ці бляндынкі?

Мацальскі (сьмяецца). О! я ўселякіх люблю, былі толькі прыгожая і маладая…

Уршуля. Ці вы маглі–б палюбіць асобу, каторай чыстае дзявочае сэрца яшчэ не спазнала каханьня і каторая усей душой першы раз у жыцьці ўлюбіла–бы вас?

Мацальскі. Чаму–ж не? Гэткія здарэньні ў мяне ўжо былі.

Уршуля. Ах, я бачу, што вы баламут… Граф! павахлюйце крыху, я так змарылася! (дае яму свой вахляр).

Мацальскі (д. с.). Чаго баба да мяне прычапілася! (Голасна, узяўшы вахляр і вахлюючы). Ня трэба так многа скакаць, дык–бы й не замарыліся. Уршуля. Ах, я так люблю скокі!

Мацальскі. Ну, выбачайце, рука баліць, не магу больш… (аддае ей вахляр і выходзіць).

Уршуля (адна). Ах, як ён на мяне глядзеў! як глядзеў!.. Або цяпер або ніколі!.. Ен будзе мой, будзе мой! (выходзіць за ім).

Зьява 10

Мяшочак і Гаўдэнт.

Гаўдэнт (уваходзіць і глядзіць за сцэну). А той гад ізноў прыклеіўся да мае Магдзі!.. О! хваціў яе за падпаху і цягне сюды… Схаваюся, даведаюся, аб чым яны будуць гутарыць. (Хаваецца за канапу, на якой сьпіць Мяшочак).

Зьява 11

Мяшочак, Гаўдэнт, Мацальскі, Магдалена.

Магдалена. Ах, калі я так баюся!

Мацальскі. Ня бойся, ціпачка, ніхто–ж аб гэтым ня будзе ведаць, ты прыйдзеш праз другія дзьверы, — не ад вуліцы, значыцца, а праз браму, праз кухню…

Магдалена. Калі–ж так неяк… не выпадае…

Мацальскі. Праз кухню выпадае. Нікога ў кватэры ня будзе, буду толькі адзін я… буду чакаць…

Гаўдэнт (высунуўшы галаву з–за канапы, чуў ўсё гэта). А! вось як!..

Мацальскі (не бачучы Гаўдэнта). Каб ты, пумпачка, не забылася, я напішу табе свой адрэс…

Магдалена. Ах, каб толькі мой муж не даведаўся!

Мацальскі. Ніхто не даведаецца. Зачынім дзьверы на ключ… і будзем шчасьлівы!

Гаўдэнт (я. в.). Вось і даведаўся!

Мацальскі. Значыцца добра? Прыйдзеш?

Магдалена. Ах, калі я сама ня ведаю… Ну, добра…

Мацальскі (абыймаючы яе). Ах, пумпачка ты мая! (цалуюцца).

Гаўдэнт (кашляе знарок).

Магдалена (усхопіўшыся). Ах!..

Мацальскі (не страціўшы рэзону). А гэта… Вось гэты новы танец трэба так… вось значыцца тру–ля–ля…

Магдалена (да мужа). Пан граф наўчае мяне скакаць новы танец… (да Мацальскага). Як гэта завецца?

Мацальскі. Тіп–топ.

Магдалена. Але. Тіп–топ. Страшэнна трудны, не вельмі модны.

Гаўдент (вылезшы з–за канапы). Можа ён і не модны, але не надта трудны. (Выйшаў).

Зьява 12

Мяшочак, Мацальскі, Магдалена.

Магдалена (ціха да Мацальскага). Здаецца чуў?

Мацальскі. Ну, нічога, ён–жа майго адрэсу ня ведае, ён нам не перашкодзіць… Вось я табе зараз напішу свой адрэс, а ты яго добра схавай, каб раптам твой муж не знайшоў…

Магдалена. Ах, не, не! я баюся! Ня трэба, я не прыйду! (пайшла за сцэну).

Зьява 13

Мяшочак і Мацальскі.