Вольга Паўлава
ШКЛОЎСКІЯ СТРАСЦІ
ЗНАЁМСТВА
У 1989 годзе нас с мужам прыняў да сябе калектыў шклоўскай раённай газеты "Ударны фронт". Мяне — у якасці радыёарганізатара, Валодзю — адказным сакратаром. Хто знаёмы з журналісцкай "кухняй", ведае, што гэтыя пасады давалі сякую-такую свабоду ў "праштурхванні" некаторых матэрыялаў на свой густ (у кожным разе, так было раней). Як цяпер усё больш пераконваюся, менавіта гэта і паўплывала на тое, што я трапіла ў поле зроку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі...
Саўгас "Гарадзец" знаходзіцца, што называецца, пад самым бокам райцэнтра — усяго за дзесятак кіламетраў, а яшчэ — па суседству з магістраллю рэспубліканскага значэння — аўтадарогай "Санкт-Пецярбург — Адэса". Гэтыя акалічнасці спрыялі прытоку кадраў у гаспадарку, таму нават у самыя вострадэфіцытныя на рабочыя рукі часы саўгас "Гарадзец" не мог паскардзіцца на іх недахоп. Сярод іншых гаспадарак раёна ён нязменна займаў сярэдняе месца па працоўных дасягненнях і таму толькі зрэдку ды злёгку падвяргаўся калатуну з боку кіраўніцтва раёна.
Але была і яшчэ адна, больш важная прычына таго, што саўгас "Гарадзец" выпадаў з поля крытыкі. Дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка, востры на язык, прафесійна адбіваў крытычныя заўвагі, таму жаданне іх выказваць паступова зніжалася. Баяліся сюды паказвацца і раённыя журналісты. А калі раптам і адважваліся на такі крок, то толькі за станоўчым матэрыялам.
Рэдакцыя на той момант мела новенькі аўтамабіль "Жыгулі". У ім штодня, асабліва з раніцы, любіў корпацца рэдакцыйны шафёр Мікалай Чульцоў. І калі машына сустракала нас расчыненым, нібы рот, капотам, значыць яна ў гэты дзень далей гаража не выедзе. Ну, а калі ўжо і адважваўся Міхась пазначыць шклоўскую зямлю ўзорыстым малюнкам шын, то ў машыну набівалася столькі журналісцкай браціі для аўтапрабегу па матэрыялы, што, як кажуць, ні дыхнуць, ні павярнуцца. А калі яшчэ ўлічыць, што гістарычна раённае радыё было за няроднае дзіця ў райгазеце, то ці варта ўдакладняць, наколькі часта планавалася месца ў машыне для "радыё", наколькі былі ўлічаны прафесійныя інтарэсы радыёарганізатара. Таму, каб лішні раз не дакучаць газетчыкам, я найчасцей спадзявалася на спадарожныя машыны і свае ногі.
Саўгас "Гарадзец" прыцягнуў маю ўвагу тым, што знаходзіўся побач са Шкловам і што пра яго рэдка згадвалі на старонках райгазеты. Каб выраўняць гэты дысбаланс, я і накіравалася туды. Праўда, папярэдне патэлефанавала ў саўгасную кантору. Дырэктара ў кабінеце, напэўна, не было, і я набрала нумар старшыні прафкама. Выслухаўшы прапанову аб прыездзе, ён раптоўна перапыніў мяне:
— Якраз побач знаходзіцца дырэктар саўгаса, калі ласка, лепш з ім ўзгадніце вашы пытанні.
Парадаваўшыся некалькімі хвілінамі раней, што яго тэлефон не адказаў (а гэта магло азначаць і адсутнасць гаспадара ў саўгасе на той момант), я збянтэжылася, раптам натрапіўшы на яго тут. 3 Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам візуальна пакуль знаёмай не была, а вось пачуць давялося шмат: маўляў, пальца ў рот не кладзі. А яшчэ на той момант Шклоў ліхаманілі размовы пра тое, як дырэктар "Гарадца" пабіў мясцовага трактарыста Васіля Бандуркова па мянушцы "Муркін". Ён пераехаў у гаспадарку са шклоўскай вёскі Аўчыненкі і вельмі любіў прыкласціся да пляшкі. Аднойчы п'янюсенькім яго і заўважыў дырэктар. Аляксандр Рыгоравіч быў надта строгі на гэты конт. А яшчэ — хуткі на расправу. Вось і не вытрымаў кіраўнік, выцягнуў з трактара гора-трактарыста, як след адлупцаваў таго ўсімі сваімі канечнасцямі і зламаў небараку нагу. Шмат потым намаганняў давялося прыкласці А.Р.Лукашэнку, а ці не больш і яго сябрам-падтрымшчыкам У.І.Снегаву і А.М.Шчарбаку, каб патушыць узніклы ў сувязі з гэтым скандал унутры гаспадаркі і не даць ходу справе ў народны суд.
Да вушэй абывацеля прасочваліся і чуткі пра актыўныя яго амурныя справы. Згадвалася тады саўгасная вёска Башкіраўка, дзе стаяў утульны цагляны дамок — дача Аляксандра Рыгоравіча. Казалі, што ў вольныя ад працы хвіліны ён там бавіў час з каханкамі. Балазе домік, як, зрэшты, і вёска былі самой прыродай схаваныя ад цікаўных вачэй. Потым, стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, Аляксандр Рыгоравіч адхрысціўся ад гэтай дачы, міласціва пасяліў туды мнагадзетную сям'ю механізатара.
Але гэта будзе потым. А на той момант дрыготкаю рукою я моцна прыціснула трубку да вуха.
— Слухаю вас, — раздалося на тым канцы дрота.
Прывітаўшыся, я "панесла" кампліменты пра поспехі працоўнага калектыву, пра неабходнасць расказаць пра іх радыёслухачам.
— А вы прыязджайце да нас, на месцы пра ўсё і пагутарым. За вамі прыслаць машыну?