А тут выбары падаспелі. Дый не абы-якія — у Вярхоўны Савет БССР, ды дэмакратычныя. Інтуіцыя прымусіла шклаўчан актыўна адрэагаваць на новую тэрміналогію. Ды і колькасць кандыдатаў жару паддала — ажно чатыры. Ды ўсе, акрамя начальніка аблсельгаспроду, свае, шклоўскія: галоўны ўрач раённай бальніцы Вітольд Палікарпавіч Буевіч, дырэктар эксперыментальнай базы "Спартак" Уладзімір Васільевіч Громаў, дырэктар саўгаса "Гарадзец" Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кожны з іх тады меў па мабільнай групе падтрымкі, якія, здаецца, без продыху сноўдаліся па ўсіх прадпрыемствах, установах, арганізацыях, на час палюбілі нават і перыферыю. Не бавілі дарма часу і самі кандыдаты, ад іх неназойлівай дакучлівасці стракацела ў вачах. У ход ішло ўсё: абяцанкі, зайгранкі і нават падпойванне людзей. А тыя і вушы паразвешвалі, бо ніхто яшчэ ім так соладка не спяваў, ніхто не ўзносіў іх на такую вышыню павагі. Аказваецца, не ўсё так дрэнна на не справядлівым гэтым свеце. Ёсць, ёсць святло ў канцы тунеля, думалі яны.
Памятаю, калі мы запісалі на радыё перадвыбарчую праграму В.П.Буевіча, ён сказаў:
— Я ўпэўнены, што ўсе жанчыны прагаласуюць за мяне. Бо няма ў раёне такой сям'і, якой бы я не дапамог напрамую ці ўскосна.
Меў права на такое прызнанне Вітольд Палікарпавіч Буевіч — выдатнік аховы здароўя СССР, уладальнік вельмі прэстыжнага знака імя Пірагова, а яшчэ, як сцвярджаюць жанчыны, найвыдатнейшы гінеколаг, які за працоўныя дзесяцігоддзі не адну з іх саміх і іх немаўлятак літаральна з таго свету вярнуў. Хоць і не афішаваў, але ведаў свае заслугі гэты чалавек, таму і не надта заігрываў з патэнцыяльнымі "галасістамі", нават свайго перадпенсійнага ўзросту не хаваў. Наадварот, канцэнтруючы на ім увагу, казаў:
— Я яшчэ любога маладога перапрацую ды ператанцую.
Чаго не скажаш пра магілёўскага кандыдата Яўсея Арцёмавіча Карнеева (чамусьці ўсе яго прозвішча вымаўляюць няправільна). Ён быў самы старэйшы з усіх чатырох. Але, бы тая маладзіца, ні за якія пернікі не хацеў выдаваць свайго ўзросту і ва ўсіх улётках і праграмах пусціў свой любімы партрэтны здымак сівой даўніны. Многія, асабліва падслепаватыя бабулькі, тыкаючы пальцам у яго, самага "юнага" з кандыдатаў, какетнічалі:
— Вось за гэтага, маладзенькага, галасаваць буду.
Уладзімір Васільевіч Громаў, па маёй асабістай ацэнцы, — працавіты мужык, спецыяліст. Прафесіянал. Любіць жыццё і людзей. Пра такіх кажуць, што ўмее ўсё.
Гадам, здаецца, не ўгнацца за ім, не прыбаўляюць яму яны ні маршчынаў, ні сівізны ў валасах. А яшчэ ён ідэйны камуніст. Менавіта гэтая акалічнасць і натхняла Уладзіміра Васільевіча і ў той, і ў наступныя разы ў барацьбе за дэпутацкі мандат. Ён надта верыў у перамогу камуністычных ідэяў, таму з усіх сіл дамагаўся ўбіць веру і ў галовы выбаршчыкаў сваімі ўра-ідэалагічнымі выступленнямі.
Зусім па-іншаму падаваў сябе сапраўды самы малады з кандыдатаў — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ашаламіць вытворчымі паказчыкамі падначаленага калектыву — саўгаса "Гарадзец" — ён не мог. Ужо падвялую камуністычную ідэалогію, якой спраўна служыў калісьці, вешаць локшынамі на вушы не стаў. Толькі смела, палымяна, бескампрамісна гаварыў пра недахопы. Ой, колькі накалупліваў ён іх у самой сістэме, у біяграфіях рознага рангу чыноўнікаў! І біў, што называецца, не ў брыво, а ў вока па знаёмых ўсім імёнах высокапастаўленых асобаў. Людзі спакой і сон страчвалі ад названых ім фактаў. А дзіўная ка той час ягоная смеласць у выказваннях узбуджала, вымушала верыць, палохацца і... супакойвацца, усё больш пераконваючыся, што ёсць, ёсць у іх надзея. І завецца надзея гэтая Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам... Што-што, а гаварыць ён быў сапраўдны майстар.
Моцнай самай была ў гэтага кандыдата і група падтрымкі: старшыня РК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі У.І.Снегаў, былы марак і палітрук А.М.Шчарбак, выкладчык спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам У.М.Канаплёў, старшыня РК прафсаюза работнікаў асветы В.Машагіраў. Іх штабам служыла хата Канаплёвых. Балазе тут было дзе прытуліцца: у недалёкім мінулым будынак належаў першаму сакратару райкама партыі Герою Сацыялістычнай Працы Дзікуну, а потым, пасля яго смерці, перайшоў да пляменніка — Уладзіміра Канаплёва. Дарэчы, менавіта ў гэтай хаце праводзіў большую частку свайго вольнага часу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Тут была яго як бы стратэгічная пляцоўка для старту Ў пасадную вышыню...
Аляксандр Рыгоравіч часцяком паказваў сябе праследаваным уладамі. Не цураўся і сам змадэляваць якую-небудзь канфліктную сітуацыю. Як было, напрыклад, з раённай газетай "Ударны фронт". Зразумела, фактычна кіраваў тады выбарчай кампаніяй райкам партыі. Выклікаўшы рэдактара і мяне, сакратар па ідэалогіі В.П.Перапечына загадала: