— Трэба мне было схлусіць наконт яго паэтычнага таленту — Беларусь толькі б выйграла ад таго, што Лукашэнка заняўся б вершаскладаннем.
У адзін з сакавіцкіх дзён адбылася агульная сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі раёна. І паколькі ў райцэнтры новы Дом культуры яшчэ знаходзіўся ў стане будаўніцтва, то ўсе галоўныя мерапрыемствы праходзілі ў клубе папяровай фабрыкі "Спартак" ("Чырвоным кастрычнікам" у народзе ён называўся). Гэтая сустрэча таксама прайшла там жа. Кандыдаты сядзелі за сталом на сцэне, павярнуўшыся да залы, як тыя казачыя асілкі. Кожны неназойліва дэманстраваў зайздроснае здароўе, ледзь не маладзецкую ўдаласць, розум, увогуле разыгрываў "у дошку свайго хлопца". Мы, члены ўсіх груп падтрымкі, пазаймалі тады першыя рады.
Вельмі выйгрышна глядзеўся "наш" — чаго былі вартыя адны толькі вусы, што быццам смоллю акаймавалі рот. Зала была перапоўненая, многія стаялі ў праходах, а больш дабітныя нават вокны асядлалі. Кожны кандыдат, мяркую, успрыняў тую напоўненасць як цікавасць выключна да сябе, таму незвычайны прэзідыум свяціўся радаснымі ўсмешкамі. Інфармацыя старшынюючага наконт прадастаўлення слова кандыдатам строга ў алфавітным парадку была адразу ж забыта слухачамі, увогуле праігнаравана, а вось што "Лукашэнку і тут слова першаму не даюць, заціскаюць, гады", — прагучала ў зале і замацавалася потым у людскім незадаволеным гуле.
"Наш" не пайшоў па заезджаным шляху сваіх палітычных сапернікаў, не стаў нудотна расказваць пра ацёлы, чалавека-дні і дыспансерызацыю. Пачаўшы з замалёвак з натуры, ён, апелюючы да канкрэтных "рабацяг" і называючы іх пайменна, пачаў раскручваць тэму пра несправедлівую сутнасць сучаснага жыцця. На эмоцыі скупіцца не стаў... І яшчэ доўга потым, праігнараваўшы рэціраванне астатніх кандыдатаў, удзячныя слухачы не хацелі выпускаць Аляксандра Рыгоравіча з жывога шчыльнага палону. У зале было вельмі душна, і я выйшла на ганак. Напэўна, дачушцы, чыё сэрцайка ўжо білася пад маім, больш падабалася ядранасць паветра, чым палітычныя гульні дарослых дзядзькоў.
— Ты з кім збіралася паехаць? — пачула неўзабаве голас Лукашэнкі побач.
— Вось стаю і думаю, — жартаўліва адказала я.
— А ты не стой і не думай, а займай месца вунь у тым "казле", — у тон мне адказаў ён. — Падвязём цябе да дома. Вы ўсё яшчэ там жывяце?
Я кіўнула галавой.
— Тады нам нават і па дарозе.
Калі праз некалькі хвілін машына спынілася на вуліцы Дняпроўскай насупраць старога будынка рэдакцыі, у якім на той момант жылі тры сям'і, Аляксандр Рыгоравіч спытаў:
— Якія твае вокны?
— Сярэднія.
Ён паспачуваў інтэлігенцыі, якой не ствараюцца належныя жыццёвыя умовы, і, сказаўшы яшчэ некалькі фраз, перайшоў да галоўнага:
— Як ты ацэньваеш маё выступленне?
Я шчыра прызналася, што была проста ў захапленні, што іншыя кандыдаты не ішлі ні ў якое параўнанне з ім. Сядзеўшыя ў машыне Уладзімір Снегаў (за рулём), Аляксандр Шчарбак і Уладзімір Канаплёў пачалі дружна дзяліцца ўражаннямі. Асабліва падсыпалі на арэхі "старым казлам" — Вітольду Палікарпавічу Буевічу і Арцёму Яўсеевічу Карнееву. Пасля абмеркавання некаторых тактычных пытанняў з серыяла палітычнай гульні, званай выбарамі, я напрамую спыталася:
— Аляксандр, а ты не баішся, што апаненты прад'явяць табе абвінавачванні за сувязь з Ларысай Маськовай?
Гэтага пытання ён, адчулася па рэакцыі, чакаў, але толькі не ад мяне і не ў той момант. У салоне машыны павісла змрочная цішыня, а Уладзімір Снегаў ажно ўцягнуў галаву ў плечы — мабыць, тэма гэтая была яшчэ балючая. Павольна так, рэчытатываем, А.Р.Лукашэнка прамовіў:
— Ларыса зрабіла для мяне шмат добрага, і я, як раяць мне сябры, — ён абвёў усіх суровым позіркам, — не збіраюся ёй здраджваць. Паміж намі ўжо даўно ўсталяваліся чыста сяброўскія адносіны. Акрамя таго, Ларысу напаткала сур'ёзная хвароба, нядаўна ёй, кажу па сакрэту, зрабілі аперацыю, а цяпер, хутчэй за ўсё, на чарзе і другая. Так што ты, Вольга, павінна зразумець, што турбаваць яе не трэба, бо ніякія размовы, акрамя як супакойваючага характару, здароўя ёй не нададуць, а Ларысе ж яшчэ дачку падняць трэба.