— Што, сапраўды нічога не ведаеш пра той "хрэн"?
Я адмоўна пахістала галавой. І мне расказалі...
На адным з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета было прынята рашэнне аб тым, што блізкія да ўлады людзі больш не маюць права адначасова займаць свае пасады і валодаць зямлёю, якую на той час многія займелі. У Шклове па 50 і больш гектараў высокаўраджайнай зямлі паспелі замацаваць за сабой старшыня райвыканкама А.Г.Думлер, старшыня калгаса імя Леніна У.І.Маліноўскі, начальнік экалагічнай службы С.А.Панкратаў, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.М.Фірага і дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка. Участак Аляксандра Рыгоравіча знаходзіўся кіламетры за тры ад Рыжкавічаў па мінскаму маршруту. Яшчэ раней я чула па радыё яго выказванні па зямельнаму пытанню:
— Асабіста мне зямля непатрэбна. А мае сыны Віця і Дзіма — просяць захаваць надзел. Кажуць: "Мы, тата, самі яго апрацоўваць будзем". І я не магу ім адмовіць, няхай працуюць, грошы зарабляюць.
А потым, калі пад зямельныя пытанні была падведзена заканатворчая база і трэба было выбіраць пасаду ці зямельны надзел, хтосьці з дэпутатаў "праехаўся" па Лукашэнку, абвінаваціўшы яго ў невыкананні прынятых Вярхоўным Саветам законаў. А ён і паправіў: маўляў, спазніўся, браце, ад зямлі я даўно ўжо адмовіўся.
Гэтую лаянку, на сваё няшчасце, слухаў па радыё і А.П.Гардзееў, раённы землеўпарадкавальнік. Педантычны Аляксандр Пятровіч быў шакіраваны: каму верыць — сваім вушам ці раней бесправальнай памяці? Крыху| паразважаўшы, засумняваўся ў апошнім, бо Такі Вялікі Чалавек ды так чыстасардэчна хлусіць не будзе. Таму кумельгам паімчаўся ўдакладніць усё ў дзелавых паперах, падняў стосы стэнаграмаў райвыканкамаўскіх пасяджэнняў. Нават спацеў, а заявы А.Р.Лукашэнкі пра адмову ад зямлі так і не знайшоў, не кажучы ўжо пра рашэнне. Доўга вагаўся, але потым перамагла службістасць і ён, адшукаўшы Аляксандра Рыгоравіча ў Мінску, далікатна папрасіў усё ж аформіць пісьмова сваю адмову маўляў, слова да справы не падшыеш. На што А.Р.Лукашэнка заявіў:
— Ведаеш, Саша, а я не збіраюся ад яе адмаўляцца, хоць, прызнаюся, займаюся больш важнымі, дзяржаўнымі справамі. Аднак мае сыны растуць, ужо і самастойна могуць зямлю апрацоўваць, грошы мазалём зарабляць. Таму без згоды сыноў на гэта ніякай адмовы ад мяне не будзе.
Аляксандр Пятровіч збянтэжыўся:
— А як жа вас разумець, Аляксандр Рыгоравіч: у мікрафон на ўсю рэспубліку вы кажаце адно, а мне — зусім іншае. Дзе ж ваша сумленне?
Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ад смеху ледзь трубку ўтрымаў у руцэ:
— Дзе, Саша, было сумленне, там вырас хрэн.
... Крыху паздаваўшы свой зямельны ўчастак у арэнду, А.Р.Лукашэнка ўсё ж афіцыйна адмовіўся ад яго. Не ведаю толькі, якой датай аформлена была ягоная заява: "дахрэнавай" ці пазнейшай.
"СПАГАДА"
Малады нардэп рэспубліканскага ўзроўню прымаў хоць і ўскосны, але гарачы ўдзел ва ўсіх справах і пачынаннях. Яго падначалены калектыў саўгаса "Гарадзец" выступіў заснавальнікам магілёўскай газеты "Толока". Ён даў згоду спансіраваць раённае радыё, калі аднойчы старшыня райвыканкама выказаў думку закрыць яго з-за недастатковасці бюджэтных сродкаў. Гэта па яго ініцыятыве ў начальніцкіх кабінетах узнавілі пытанне пра шклоўскі стадыён-даўгабуд, раскрадзены ў фінансавым і натуральным сэнсах. Дарэчы, уся заслуга ў тым, што ён будзе ўсё ж дабудаваны, належыць толькі Аляксандру Рыгоравічу. Гэта дзякуючы яму на ўзнаўленне работ праз некалькі гадоў будзе накіраваны грашовы прэзідэнцкі вадаспад. А раённае кіраўніцтва дапаможа чым зможа: арганізуе "выхад" на дапаможныя работы па давядзенню стадыёна да ладу ўсіх працаўнікоў бюджэтнай сферы.
Лёгенька ўздыхнулі і працаўнікі машынна-транспартнага парка саўгаса "Гарадзец". Аляксандр Рыгоравіч папоўніў яго, карыстаючыся дэпутацтвам, вялікай колькасцю новай тэхнікі. На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі закіпела работа і па закладцы жылога пасёлка для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Праўда, лёс тых двухузроўневых катэджаў быў незайздросны шмат гадоў — роўна да таго часу, пакуль дырэктар саўгаса не стаў прэзідэнтам рэспублікі. Толькі тады іх недабудаваныя і раскрадзеныя сцены набудуць прыстойны выгляд і зноў, не без высокага спрыяння, на іх пральецца грашовы дожджык.
Захацела аднойчы заручыцца дапамогай А.Р.Лукашэнкі і я, задумаўшы зрабіць штосьці накшталт дапаможнай службы для маючых у ёй вострую патрэбу — адзінокіх і інвалідаў. Нават назву ёй прыдумала: "Спагада". Падштурхнулі мяне на гэта вялікія магчымасці А.Р.Лукашэнкі, якія давала яму дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце і жахлівае становішча некатарых катэгорый насельніцтва. На той час я курыравала і асвятляла ў газеце і на радыё пытанні праваахоўнай тэматыкі, жыцця інвалідаў, абяздоленых. Многія іх лёсы выклікалі ў мяне адчайны жаль, хацелася не толькі заявіць пра іх гаротны стан, але і рэальна дапамагчы. Але якім чынам? Тое, што рэдакцыя атрымлівала рэагаванні на мае публікацыі, у нейкай ступені сапраўды абнадзейвала. Але гэтага было мала. Неабходна было больш дзейснае ўмяшанне ў лёсы людскія.