Выбрать главу

Памятаю выпадак, які падштурхнуў мяне звярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча з канкрэтнай прапановай. Я прысутнічала на чарговым пасяджэнні па справах непаўналетніх пры райвыканкаме. Была зіма 1993 года. Лютыя маразы прабіралі да касцей. Мы, члены камісіі, сядзелі ў кабінеце намесніка старшыні райвыканкама і, заслухоўваючы справы юных парушальнікаў, усё больш ціснуліся да награвальных батарэяў. Л.А.Бургута запрасіла "на суд" чарговага "цяжкага" падлетка, які прыйшоў з бацькам, жыхаром Ардацкага сельсавета. Апрануты ледзь не па-вясноваму, хлопчык стаяў перад намі навыцяжку і адчайна спрабаваў сагрэць рукі, ледзь не абняўшы імі сябе. Перад тым, як адпусціць бацьку і сына, Людміла Аляксееўна Бургута, якая западозрыла няладнае, сказала хлопчыку:

— Ану, здзень, братка, боты.

Напалоханы хлопчык хуценька выканаў загад. Ды і зусім не цяжка было яму скінуць з хударлявенькай сваёй босай ножкі той гумовы бот, здавалася, сорак апошняга памеру...

— Не магу больш тут працаваць, — рыдала некалькімі хвілінамі пазней спецыяліст па апякунству дзяцей пры райвыканкаме Л.А.Бургута. — Сэрца не вытрымлівае дзіцячых нечалавечых пакут.

Я і цяпер, праз шэсць гадоў, трымаю ў памяці і тую ножку, і таго хлопчыка. А тады месца сабе не знаходзіла ад няўцешнасці. Куды звярнуцца па дапамогу для такіх вось гаротнікаў? У "гуманітарку"? Сапраўды, на той час у Шклоў прыязджалі замежныя машыны, нагружаныя яркімі скрынямі розных памераў і колераў, якія разгружаліся потым у спецшколе для дзяцей з паслабленым зрокам ці прама ў доме старшыні рэгіянальнага аддзялення "Дзеці Чарнобыля" Уладзіміра Канаплёва. Ну што, ісці да яго прасіць шкарпэткі для таго хлопчыка з Ардаці? Або для бабулькі, што ходзіць марознаю парой у адных галёшах?

Не напросішся. Ды і назва тлумачыла, што тая дапамога толькі для дзяцей Чарнобыля. Сітуацыя патрабавала іншага падыходу. Літаральна з тыдзень мая галава было забіта гэтай праблемай. Я нават выпісала з нейкай апазіцыйнай газеты адрасы беларускіх суполак за мяжой і ва ўсе канцы свету разаслала "SOS" з выразкамі сваіх публікацый і просьбай аб дапамозе. Дарэмна чакала адказу. Хутчэй за ўсё пільныя вочы кадэбістаў не выпусцілі за мяжу мой крык адчаю.

Эўрыка! Наш дэпутат Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — вось хто дапаможа. Да самай сустрэчы з ім я выношвала ў душы план. Праграмай яго наракла. І назву прыдумала: "Спагада". Гэтае слова, як тлумачыць С.І.Ожагаў, азначае "спачуванне, спагадлівыя адносіны да перажыванняў, няшчасця іншых". А што, думалася, гэтае тлумачэнне дасканала стасуецца з маёй ідэяй...

Аляксандр Рыгоравіч, як гэта калісьці бывала, сам зайшоў да мяне ў кабінет. Я і выказала яму свой план, папрасіла, калі гэта не дакучліва, падтрымаць працэс. Ён выслухаў мяне: "Гэта можна". Потым падумаў-падумаў і ўдакладніў:

— Якой канкрэтна ты бачыш маю дапамогу?

Цяжка мне даўся той адказ. Бо і сама канкрэтнай праграмы не акрэсліла, не ведаючы, якая і каму дапамога будзе неабходна. Толькі ў тым, што маючых вострую патрэбу ў ёй аб'явіцца многа, не сумнявалася. Але Аляксандр Рыгоравіч зразумеў мяне. І сказаў:

— Дзейнічай. І праз газету і радыё паведамі. Самым-самым я гатовы дапамагчы.

Гэтае паведамленне было надрукавана. Толькі, праўда, паступіла ўсяго некалькі заявак. Першымі, памятаю, адгукнуліся суседзі адной бабулькі з вуліцы Фабрычная,якія расказалі пра яе пакінутасць роднымі і прасілі дапамагчы аформіць у дом састарэлых. Праблема была ў тым, што бабульчыны дзеці і ўнукі жылі побач, толькі да яе не паказваліся наогул. Адгукнуўся і жыхар вёскі Сасноўка інвалід першай групы Ваня Кавалёў. Малады яшчэ хлопец жыў з маці, таксама інвалідам. Але вельмі спадзяваўся на выздараўленне і таму жыў актыўным пасільным жыццём. Яго хвалявала вясковая бездараж, нязручнасць у забеспячэнні вяскоўцаў пітной вадой, адсутнасць паліва. Я сустрэлася з гэтай сям'ёй, і ў хуткім часе ў райгазеце быў змешчаны і пазней прадубліраваны ў рэспубліканскай "Народнай газеце" артыкул "Чыста сямейная справа". Публікацыя атрымала рэзананс, юнаку мясцовыя ўлады дапамаглі справіцца з гэтымі і іншымі праблемамі. А сам Ваня адкрыў у сабе зайдросныя журналісцкія здольнасці і да свайго апошняга дня на гэтай грэшнай зямлі яшчэ паспеў надрукаваць некалькі яркіх матэрыялаў у нашай райгазеце. А пасля яго найцікавейшага нарыса "Аб чым шумяць сосны" рэдактар Л.М.Анціпенка стаў дапісваць да аўтарскага подпісу: "Іван Кавалёў, в.Сасноўка", аўтарытэтнае "няштатны карэспандэнт". Так што хоць у адным дапамагла менавіта "Спагада" — адшукаць і падтрымаць на нейкім этапе жыцця гэтага юнака.