А Аляксандра Рыгоравіча на той час захліснулі, відаць, больш важныя справы і на Шклоўшчыну ён наведваўся ўсё радзей. Прыём грамадзян і ўсю астатнюю работу ўзяў на сябе яго памочнік Уладзімір Канаплёў. Неяк я спыталася, ці ведае ён што пра "Спагаду"? Уладзімір Мікалаевіч здзіўлена паціснуў плячыма і папрасіў патлумачыць. Што я і зрабіла. А заадно і паказала яму папку з адпаведнай інфармацыяй. Там знаходзіліся і два, на мой погляд, вострыя сігналы з аддаленых ад райцэнтра саўгасаў — "Рабочы" і "Юбілейны". Дабрацца туды мне не было на чым, і я папрасіла Валодзю ці самому туды з'ездзіць, ці мне дапамагчы з транспартам. Ён Паабяцаў заняцца гэтым неадкладна, а заадно, "раз гэта датычыцца Лукашэнкі", аддаць яму папку. Больш я яе не бачыла. Толькі аднойчы, калі напомніла пра "Спагаду", Уладзімір Мікалаевіч доўга ўспамінаў, потым адмахнуўся:
— Адстань ты, Вольга, з гэтай ерундой. І без яе справаў хапае.
А я цяпер думаю: заканамерна гэтай справе было праваліцца. Бо кожны дзень прыносіць ўсё новы чыйсьці чалавечы боль, пакуты, нават зарэгістраваць якія ўжо не ў стане ніводная папка. Іх можа зменшыць толькі наша працавітасць і мудрасць кіраўніка дзяржавы. Мудрасць, якой выразна бракуе.
СІМПТОМ ВАГАННЯ
Не ведаю дакладна, калі я пачала яго адчуваць. Але паступова з глыбіні душы падымалася, выходзіла і шырылася расчараванне дэпутатам Вярхоўнага Савета Аляксандрам Лукашэнкам. Мне самой не падабалася гэта пачуццё. Я яго не хацела. Я яго баялася. Але яно мяне запалоньвала ўсё больш і больш.
3 чаго яно ўзялося, адкуль узнікла? Сказаць складана. Хоць хутчэй за ўсё вынікла з нашых больш цесных кантактаў, якія з цягам часу ўсталяваліся. У выніку я ўбачыла ў Аляксандру Рыгоравічу хоць і нязначныя, але выразныя элементы хлуслівасці. І калі на іх наяўнасць у жыцці простага смяротнага можна было б нават і ўвагі не звярнуць, то для зоркі першай велічыні, на якую яўна прэтэндаваў А.Р.Лукашэнка, гэта было недапушчальна. Але, каб не быць галаслоўнай, я лепш прывяду некаторыя канкрэтныя прыклады.
... Мы сустрэліся ў Доме Саветаў. Аляксандр Рыгоравіч павітаўся за руку, спытаўся пра справы.
— Нармальна, — адказала я і ў сваю чаргу запыталася пра ягоныя. Ён паківаў галавою, даючы такім чынам зразумець, што слоў не знаходзіць, каб ахарактарызаваць занятасць.
— А тут яшчэ Шклоў ліхаманіць, — сказаў і паправіўся:
— Не тое, каб увесь Шклоў, а калектыў міліцыі бурліць і сябручкі Якімцова, якога я звольніў з пасады. Усё змірыцца не могуць. А давядзецца, бо начальнікам міліцыі яму ўжо ўсё роўна не працаваць. Дарэчы, сёння а 14-ай гадзіне ў мяне прызначана сустрэча з супрацоўнікамі райаддзела. Хачу вывесці там на чыстую ваду міліцэйскае жуллё. Калі хочаш, прыходзь і ты.
— Дзякуй! — задаволена сказала я.
Вялікая стрэлка падбіралася пад другую гадзіну, а новы начальнік міліцыі — Аляксандр Еўдакімавіч Карпаў — дзесьці затрымліваўся. І нас з Аляксандрам Рыгоравічам запрасіў у свой кабінет намеснік (таксама новы) начальніка міліцыі Уладзімір Мікалаевіч Осіпаў. Выразна памятаю тупат ног супрацоўнікаў асабовага складу райаддзела, калі яны праходзілі паўз той кабінет ў "ленінскі пакой" — збіраліся на сустрэчу. А намеснік нясмела наракаў на разбітую тэхніку і прасіў А.Р.Лукашэнку дапамагчы ў аснашчэнні тэхпарка. Казаў, што на выклікі міліцыянеры ўжо змушаны выязджаць на ўласных машынах. Дый запісваючай апаратурай наспеў час разжыцца. Аляксандр Рыгоравіч запісваў усё ў блакнот, выцягнуты з шыкоўнай папкі. Паабяцаў:
— Самае неабходнае будзе ў вас гэтымі днямі, я ўжо правёў перамовы ў міністэрстве і яшчэ з кім трэба. Сапраўды, пры разгуле злачыннасці нельга працаваць дзедаўскімі метадамі.
У хуткім часе мы ўвайшлі ў залу, дзе нас стоячы віталі супрацоўнікі міліцыі. Вольных месцаў не было, таму мяне запрасілі сесці ў прэзідыуме. Усведамляючы, што гэта не жэст ушанавання, я адсунулася ад стала прэзідыума як мага далей і ўтупілася ў магнітафон, які ўключыла. Назіраць было за чым: ягоная стрэлка то варушылася ў такт прамоваў, то замірала на доўгія хвіліны. Спадзявацца на запіс не даводзілася, таму я стала ўважліва слухаць.