Ужо потым, на лесвіцы, я спыталася ў яго:
— А хто вы па гараскопу?
— Я — Дзева, — услухваючыся ў сваё вымаўленне, сказаў ён. На адной з прыступак крыху затрымаўся, сказаў:
— Мне, Вольга, таксама ў жыцці хапіла цяжкасцей. Мо, таму ўсе вясковыя работы па плячу: што кароў даіць, што за плугам хадзіць.
На вуліцы я села ва ўрадавую "Волгу", задаволеная і шчаслівая. Ён павёў машыну па цэнтральнай вуліцы горада ў нашы Рыжкавічы. Я ўглядалася ў твары прахожых, якія, пазнаўшы машыну Лукашэнкі, праяўлялі да яе павышаную цікавасць.
Аляксандр Рыгоравіч спыніў машыну насупраць маёй хаты. Я, падзякаваўшы, хацела выйсці, але ён працягваў са мной размаўляць, і я затрымалася ў салоне. Напэўна, яму хацелася проста пагаварыць, а я была ўдзячнай слухачкай. А мо, і сапраўды ўва мне ён бачыў свайго аднадумца, памочніка, якому можна даверыцца, а як жанчыне — і паплакацца. Урэзаўся ў памяць эпізод, калі ён расказваў пра свайго сына:
— Уяўляеш, я стаю ля акна свайго кабінета ў Доме ўрада і гляджу ў бок універсітэта, дзе якраз у той момант і таксама на другім паверсе здаваў экзамен Віця, і ў думках прашу: "Божачка, памажы майму сыну".
— А хіба вы не маглі папрасіць аб гэтым "каго трэба"? Вы ж дэпутат, ваша прозвішча многа каму вядома, — спыталася я.
— Менавіта гэтая акалічнасць і не дазволіла пра гэта падумаць. Калі б я нават з'явіўся ў тых калідорах па іншаму якому пытанню, мяне абавязкова абвінавацілі б у хадайніцтве за сына. Там, падазраю, ворагаў у мяне столькі ж, колькі і добразычліўцаў. Раздзьмухаюць тады пажар з нічога. Не, я лепш свой боль і турботу пакіну ў сваім сэрцы.
Я бачыла накіпелыя на вачах слёзы ў Аляксандра Рыгоравіча, і яго перажыванне востра адгукнулася ў маім сэрцы. Так хацелася, каб у яго ўсё было добра!
Я тады паспрабавала вырашыць свой інтэрас. У мяне на руках было крыху свабодных грошай, і я шукала варыянты, куды б іх надзейней укласці. Папрасіла яго парады, сама прапануючы: што-небудзь купіць і, звёзшы ў суседнюю Расію, перапрадаць? А мо накупляць прадуктаў харчавання (мукі, крупы, сухароў) і такім чынам зберагчы грошы пры чарговым падаражанні?
— Што, што? — перапытаў ён і... рассмяяўся.
І тады я ўцяміла, што майму субяседніку глыбока ўсё роўна, куды я ўкладу свае сто якіх долараў і ці ўкладу ўвогуле. Больш не захацелася працягваць размову, і я зазбіралася дамоў:
— Пайду, дачушка там, напэўна, вачэй з акна не зводзіць. Я, Аляксандр Рыгоравіч, нават і не здагадвалася, што дзяўчынкі такія пяшчотныя. І вы давайце не шкадуйце грошай і купляйце, пакуль маладыя, дачушку-памочніцу на старасць.
— Дачушку? — перапытаў ён і, глыбока ўздыхнуўшы, працягнуў мне на развітанне руку.
Я пачакала, пакуль развернецца машына. Каб бяспечней перайсці дарогу, зірнула ўправа, потым улева і ўбачыла на лавачцы сваю 86-гадовую суседку Антаніну Пятроўну. Моцы на вокліч у яе не хапала, затое рукой запрашала актыўна: маўляў, падыдзі бліжэй. Я завярнула да яе. Антаніна Пятроўна задрабніла па-дзіцячаму танюсенькім галасочкам:
— Скажу, скажу тваёму мужыку, што з кавалерамі пад'язджаеш, — жартаўліва патрэсла мне высахлым пальцам. Але, каб не напалохаць незнарок падараваную лёсам ці выпадкам субяседніцу, лёгка патушыла імгненне весялосці:
— Жартую, жартую, Волечка. Але скажы, чый жа гэтанькі прыгожанькі мужчына?
— Лукашэнка, — адказваю.
— Лукашэнка? — паважліва перапытала яна і, вытрымаўшы паўзу, што ў даным выпадку азначала вялікую сімпатыю, усё ж не ўстрымалася:
— А ці жыве ён са сваёй жонкай Галяй?
ШЭРШЭ ЛЯ ФАМ?
Пытанне, якое задала мне суседка, у Шклове ўзнікала часта. А цяпер — і на больш шырокай прасторы. Аўтара гэтых радкоў можна было б абвінаваціць у нетактоўнасці ў дачыненні да чужой сям'і. Калі б не адна акалічнасць: А.Р.Лукашэнка — прэзідэнт краіны. А гэта значыць, што сакрэтаў ад народа ў яго быць не павінна. Нават калі гэта датычыцца чыста сямейных спраў. Аляксандр Рыгоравіч і сам неаднаразова выказваўся, што ён цяпер цалкам належыць беларусам. Дык што ў тым дзіўнага або непрымальнага, калі мы закранём і гэтую далікатную тэму?