Не ведаю, як у такіх выпадках водзіцца, а ў той момант мы ўмоўна былі падзелены на дзве катэгорыі ўдзельнікаў "справы": "за" і "супраць" Якімцова. "Заісты" — А.К.Якімцоў і журналіст рэспубліканскай газеты Анатоль Гуляеў — сядзелі на правым баку, "праціўнікі", а іх было каля дзесятка чалавек — на левым. Тут жа на ўсякі выпадак прытуліліся і проста цікаўныя. Два Анатолі сядзелі плячо ў плячо, быццам імкнучыся аб'яднаным намаганнем прарваць нарэшце зачараванае кола, у якім па іроніі лёсу апынуўся ва ўсіх адносінах некалі магутны чалавек.
Пасля істца слова было дадзена адказчыку — Міхасю Бабку. Хто ведае гэтага чалавека, зразумее, колькі намаганняў давялося прыкласці сакратарцы суда, каб паспець запісаць яго выказванне. Некалькі разоў і сама суддзя рабіла спробу прыпыніць яго прамову, штосьці ўдакладніць. Але дзе там! Міхаіл Фёдаравіч, здаецца, нічога не чуў і не бачыў, акрамя тоўсценькага стосіка паперы, шчыльна спісанай уласнай рукой: ён усё гнаў і гнаў. А напрыканцы, калі дарэшты змардаваныя старшыня і сакратарка суда ўжо і не разлічвалі спыніць ягоныя тлумачэнні, Міхась Бабок узяў паўзу і, павярнуўшыся да істца, пераможна крыкнуў:
— Бессаромны ты злодзей, рабаўладальнік!
Анатоль Канстанцінавіч не прамарудзіў выказаць пратэст. Суддзя, спусціўшы канфліктную сітуацыю на тармазах, хуценька дала слова мне. Бабкова даўжэзная "споведзь" супакоіла мяне, і цяпер мой унутраны стан выдавалі толькі шчокі, якія пунсавелі пераспелымі па памідорамі.
— Няхай жыве шклоўскі суд — самы справядлівы суд У свеце! — гучна працытавала я перафразаванымі крылаты выраз, чым здзівіла служыцеляў Феміды. А далей пачала адбівацца ад прэтэнзій істца, спасылаючыся на тое, што ў сваіх радыё- і газетных матэрыялах я выказвала абвінавачванні ў ягоны адрас, спасылаючыся на выказванні дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, які афіцыйна заяўляў аб быццам бы існуючай ужо "справе Якімцова", асноўныя паказанні якой пакуль што, у інтарэсах справы, трымаюцца ў сакрэце. Але якія, маўляў, ведаюць правяраючыя і ён, нардэп Лукашэнка.
— А я веру больш дэпутату Вярхоўнага Савета, — сказала я і, павярнуўшыся ў бок істца і ўбачыўшы яго бледна-нервовы твар, памякчэла:
— Хоць і вельмі хочацца паверыць у невінаватасці Анатоля Канстанцінавіча.
"Ой, што гэта я раблю, — мільганула ў галаве думка — Гэты чалавек дабіваецца прызнання мяне вінаватай прысуду мне фантастычнага штрафу, а я ўжо раскісла ад сумненняў. Падумаеш, ашпарыўся чалавек. А мне якая справа!" І, накруціўшы сябе такім чынам, я з пафасам мовіла, у паўабарота павярнуўшыся ў прастору паміж гаспадарамі працэсу і істцом:
— Калі Анатоль Канстанцінавіч Якімцоў паклянецца перад богам і судом у тым, што ён ніколі нічога ні ў людзей, ні ў дзяржавы не браў, то я, нават не чакаючы рашэння суда, добраахвотна аддам гэтыя спаганяныя з мяне два мільёны рублёў.
Так, я бравіравала. Бо была ўпэўнена ў надзейнасці тылу.
А суд зайшоў у тупік. У арсенале вопытнай суддзі Т.А.Кашкінай такая справа была першай. У роспачы яна, парушаючы судовы этыкет, з лёгкай разгубленасцю спыталася, прама гледзячы ў залу:
— Дык што ж рабіць?
3 залы пачуліся спачатку нясмелыя, потым больш рашучыя аднолькавыя прапановы:
— Выклікаць у суд Лукашэнку і няхай ён дасць свае паказанні.
Суд аб'явіў перапынак і поўным складам пайшоў раіцца. Праз некалькі хвілін з вуснаў старшынюючай Таццяны Антанінаўны Кашкінай прагучала:
— Справа адкладваецца да запрашэння ў суд дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі.
Дамоў ісці не хацелася. Хоць у гэты дзень мы былі вызвалены ад работы, накіраваліся ўсе ўчатырох у рэдакцыю: я, Уладзімір Канаплёў, Міхаіл Бабок і карэспандэнт "Магілёўскіх ведамасцей" Барыс Лагоўскі (Барыс Лагоўскі: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — намеснік рэдактара магілёўскай абласной грамадска-палітычнай газеты "Магілёўскія ведамасці", пасля — яе рэдактар). Па дарозе памочнік дэпутата Лукашэнкі Уладзімір Канаплёў дзяліўся ўражаннямі:
— Ну, малайчына ж ты, Фёдаравіч! Гаварыў, бы той Цыцэрон. Ты, Вольга, таксама старалася, толькі, прабач, хвастом віляла: і аднаго табе шкада, і другога каб не пакрыўдзіць. Баб'ё, адным словам. А вось Фёдаравіч не разгубіўся, як след усыпаў гэтаму прайдзісвету...
У бліжэйшым нумары абласной газеты "Магілёўскія ведамасці" сапраўды з'явілася пашыраная інфармацыя Б.Лагоўскага з залы суда. Там ён цытаваў і мяне. Прызнацца, гэта цешыла маё самалюбства, і я, зачытаўшы тую інфармацыю да дзірак, вывучыла ўласную цытату назубок. І часта, калі прачыналася сярод ночы, мае губы замілавана яе вышэптвалі. А сэрца ў той момант не мясцілася ў грудзях: яно білася гучна-гучна, быццам маючы намер і ўвогуле выскачыць вон, каб прама тут жа са мною побач, ад радасці пусціцца ў скокі.