Выбрать главу

Неўзабаве ў замку зноў з’явіўся Чорны Вандроўца. Ён запатрабаваў абяцанае. Кароль прынёс скрыначку, але яна была пустая. Чараўнік не паверыў, што пярсцёнкі зніклі. Ён вырашыў, што кароль схаваў іх, і ў гневе знік, пракрычаўшы:

— Я табе адпомшчу!

Кароль спалохаўся, і з гэтага дня пачалося ўзвядзенне Глухой сцяны. Пад’езд да замка застаўся толькі адзін, пад аховай магутнага гарнізона. Каралеву ні на хвіліну не пакідалі без нагляду. Уначы яе замыкалі ў спальні, а на вокны паставілі чыгунныя рашоткі. Незразумела, чаго баяўся кароль, але гатаваць ежу асабіста для яго стаў спецыяльна наняты кухар. Ён прыехаў у замак з сакваяжам, у якім бразгалі бутэлечкі ды шамацелі сушаныя зёлкі. Наступным з’явіўся лекар. Ён абсталяваў катавальню ў падзямеллі, і адтуль даносіліся жудасныя крыкі. З прыездам садоўніка і сабакара вакол замка з’явіліся велізарныя чорныя дрэвы з атрутнымі шыпамі, а на ноч сталі выпускаць злых сабак, якія добра бачаць у цемры. Засталіся ў мінулым балі і прыёмы. Гарнізон так старанна правяраў усіх ахвотнікаў заехаць на замкавыя землі, што хутка ахвотнікаў не стала.

У гэтым жа годзе ў караля нарадзіўся сын.

Яго маці, служка Альма, атрымала шаўковую сукенку і павышэнне па службе. Яе прызначылі асабістай пакаёўкай каралевы.

Прайшло тры гады. Каралева прачнулася ўначы ад шораху. Альма спала. Каралева падышла да расчыненага акна. На падаконніку, ля самай рашоткі, ляжаў і слаба свяціўся вялікі спелы персік. Каралева ўзяла яго і з’ела, а костачку схавала пад падушку. Раніцой замест костачкі яна знайшла кавалачак бур­штыну на залатым ланцужку, схавала яго і нікому не сказала ні слова. А праз дзевяць месяцаў, уначы, каралева адчула боль.

Разбуджаны кароль блукаў па сваёй спальні і мармытаў:

— Але яна ж не можа памерці, яна ж бессмяротная!

Ён падышоў да дзвярэй у пакоі каралевы. Чуліся крыкі. Выйшла Альма.

— Што з ёй? — спытаў кароль.

— Трэба шмат гарачай вады і чыстыя прасціны. Каралева нараджае дзіця.

Плавіліся свечкі. За акном світала, кароль сядзеў у сваім кабінеце і адчуваў, як сыходзяць сілы. Без чараўніцтва ён пражыве дзень-два, бо яд затаіўся ў крыві.

Увайшла стомленая Альма.

— Хто? — спытаў кароль, ужо ведаючы, што загадае забіць каралеву і яе сына, сына Чорнага Вандроўцы.

— Дзяўчынка, — сказала Альма.

Так досвіткам хмурнага дажджлівага дня ў замку з’явілася прынцэса Бурштына. Дзяўчынку прыносілі да каралевы толькі пакарміць, увесь астатні час яна была ў спальні караля ці ў садзе пад наглядам Альмы і слуг. Яна не ўмела плакаць, расла спакойным і задуменным дзіцем. З яе не зводзілі вачэй, але ніколі не гладзілі па галаве і не цалавалі. У два гады Бурштыну аднялі ад матчыных грудзей. Каралеву замуравалі ў яе пакоях, пакінуўшы толькі маленькае акенца — перадаваць ежу. А для прынцэсы адвялі былую гардэробную караля. Увайсці туды можна было толькі праз каралеўскую спальню і ніяк інакш. Дзверы ў пакой прынцэсы кароль замыкаў на ключ кожны вечар і адчыняў раніцой.

У дзяўчынкі былі парцалянавыя лялькі з сапраўднымі валасамі, але яна не ведала, што з імі рабіць. Быў саф’янавы чырвона-залаты мячык, былі шахма­ты з ружовага дрэва, пяльцы і залатыя ніткі, але Бурштына толькі сядзела ля акна ці на лаўцы ў садзе. Ніхто не размаўляў з ёй. Вядома, яе клікалі да абеду, загадвалі надзець плашч, калі волка, ці шыракаполы капялюш, калі прыпякала сонца. Але ніхто ні разу не спытаў яе: «Як жывеш? Пра што ты думаеш? У цябе ёсць мара?» З Бурштынай ніхто не размаўляў, хоць яна магла шмат распавесці. Яна была такая цярплівая, што бачыла, як з бутона распускаецца кветка, як павук сплятае павуцінне, як выпараецца кропля расы. Яна была ўважлівая і ўсіх у замку пазнавала па кроках.

Аднойчы яна сядзела, як звычайна, на лаўцы і глядзела, як цень ад куста бэзу павольна паўзе па дарожцы. А міма ішоў Чэс, сын прыслужніцы Альмы. Бурштына часта бачыла яго, ён увесь час быў чымсьці заняты: тачыў нажы, абскубаў качак, цягаў ваду, калоў дровы, чысціў катлы пяском, лузаў фасолю, а калі не было працы, майстраваў сабе лук і стрэлы, выразаў дудачку ці плёў кошык. Прынцэсе падабаўся Чэс, яго загарэлы твар, мядовыя доўгія валасы і бліскучыя зубы, задуменны пагляд і летуценная ўсмешка. Ён часта хадзіў у Навакольны лес і заўсёды вяртаўся з поўнымі рукамі: нёс пучок мяты ці дзікага кмену, кошык ажын ці нізку грыбоў, мыльны корань ці жменю арэхаў. Вось і цяпер ён трымаў у руках ярка-памяранцавыя кветкі календулы.