Выбрать главу

— Ты думаеш? — Чэс усміхнуўся. — Гэты дурны прынц прыехаў сюды ўпотай. Наўрад ці ён раззваніў на ўсё сваё каралеўства, што збіраецца цябе выкрасці. Шпіёнаў усюды хапае. Так што, хутчэй за ўсё, ніхто не ведае, дзе прынц. І ніхто не даведаецца пра яго трагічную гібель.

Бурштына маўчала.

— Ён папаўся па ўласнай дурасці, — сказаў Чэс.

Яны стаялі ля брамкі. Чэс ізноў абняў Бурштыну, але яна адхілілася.

— Нельга быць такой добрай. Усіх не выратуеш.

— Паслухай. А з чаго ты ўзяў, што я пагаджуся дапамагаць табе?

— Што?

— Чаму ты ўпэўнены, што я буду сядзець у хованцы, пакуль кароль не памрэ, а потым вярнуся з табой у замак?

— Ты ж сышла са мной з замка.

— Так, таму што я хацела сысці з замка. Але вяртацца туды я не жадаю.

— А калі я выратую твайго прынца, выйдзеш за мяне замуж? — пасур’ёзнеўшы, спытаў Чэс.

— Навошта я табе? Я ж не каралеўскай крыві.

— Прычым тут кроў? Я сам сын прыслужніцы. Ты патрэбна мне. Я з самага дзяцінства любаваўся табой. Вядома, гэта прагучыць недарэчна, але. я . цябе. — ён запнуўся.

— Чаму ж недарэчна? — спытала Бурштына.

— Для мяне ты па-ранейшаму недаступная далёкая прынцэса. Раней я. што я мог табе даць? Пучок фазанавых пёраў ці жменьку ажын? А зараз я выканаю любое тваё жаданне. Я разумею, што мы ўсё адно няроўныя. Ты не звычайная дзяўчына, нарадзілася ад чараўніцтва, і чараўніцтва ёсць у табе. І пакахаеш ты асаблівага чалавека, не такога, як я ці гэты прынц. Але я магу даць табе дах над галавой, спакой, дабрабыт і павагу. Я нават не буду прасіць, каб ты кахала мяне, я ведаю, ты не станеш прытварацца. Проста застанься са мной у замку. Я буду кароль — і твой слуга.

— І будзеш першым жадаць мне добрай раніцы? — спытала Бурштына кпліва. — Таксама замкнеш на ключ? Ці замуруеш?

— Як ты можаш так думаць? — закрычаў ён, і ў яго зялёна-карых вачах бліснулі слёзы. — Я не зраблю з табой такога ніколі, чуеш? Хочаш сысці — сыходзь, і хай табе будзе добра там, куды ты пойдзеш.

— Чэс, пойдзем разам, — ціха сказала Бурштына. — Кінем замак і каралеўства, знойдзем новы дом і будзем жыць вольна, самі па сабе.

— І што мне дасць гэтая воля? Кім я буду? Паляўнічым ці кашолачнікам? А можа, служкам? А ты? Ты ж нічога не ўмееш, як ты заробіш сабе на жыццё? Падумай, Бурштына, табе нельга сыходзіць з замка. Тут ты атрымаеш усё гатовае, а там.

— Там я буду вольная, а тут ты пачнеш сваё праўленне з двух забойстваў.

Чэс памаўчаў, абдумваючы штосьці.

— Калі я адпушчу прынца, ты станеш маёй жонкай?

— Не.

— Але чаму? — закрычаў ён. — Чаму? Ты заўсёды так добра ставілася да мяне, я ж адчуваю, што падабаюся табе.

— Так, ты мне падабаешся, — прызналася Бурштына, пазбягаючы казаць пра каханне, — і я стала б тваёй жонкай, але толькі не тут. Не ў замку.

— Чаму? Кароль памрэ, гэта ён не даваў табе волі! Са мной усё будзе інакш! — ён схапіў Бурштыну, абняў яе і пацалаваў. Яна не супраціўлялася.

Незаўважна ўзышло сонца. Зніклі апошнія цені, совы схаваліся ў дуплы, кажаны вярнуліся на гарышчы і ў склепы, піснула, спрабуючы голас, першая пеначка. Раса холадна свяцілася на траве, ад зямлі паднімалася волкая смуга, ахутваючы кусты алеандру і калючую акацыю. Наперстаўка і дурман адкрылі свае званочкі, прапануючы пчолам атрутны мёд.

— Ты застанешся са мной? — спытаў Чэс, калі яны з Бурштынай расплюшчылі вочы і адхіліліся адзін ад аднаго.

— Ты пойдзеш са мной? — спытала Бурштына.

Абодва пакруцілі галавамі.

— Вазьмі, — Чэс працягнуў ёй ключ. — Гэта ад падзямелля, ён падыходзіць і да ланцугоў. Пакінеш там дзе-небудзь на бачным месцы.

— Дзякуй. Куды ты зараз?

— Не ведаю. У лесе шмат зацішных месцаў. Перачакаю пару дзён і вярнуся, каб стаць каралём.

Яны паглядзелі адно на аднаго. Бурштына маўчала. Чэс хмурна кіўнуў ёй і выйшаў праз зялёную брамку ў Навакольны лес. Праз хвіліну яго сілуэт знік сярод Чорных дрэў.

***

Прынц Бенжы спаў на ахапку саломы, накрыўшыся курткай. Было цёмна і прахалодна, таму прынц часта варушыўся, спрабуючы ўкрыцца цяплей. Кожны раз пры гэтым звінелі доўгія ланцугі, якімі Бенжы быў прыкаваны да сцяны. Да свайго паланення ён паставіўся спакойна, разважыўшы, што ні ў чым не вінаваты, а значыць, яго хутка адпусцяць. У крайнім выпадку, прагоняць з каралеўства.

Пачуўся нейкі гук. Цяжкія дзверы зарыпалі ржавым замком, ключ доўга важдаўся, перш чым павярнуцца. Потым дзверы пачалі павольна і няўпэўнена адчыняцца.

Прынц расплюшчыў вочы, прыўстаў. У дзвярным праёме з’явілася тонкая фігурка.

— Прынц Бенджамін? — спытала яна.