Выбрать главу

— Я тут, — ён пагрымеў ланцугамі. — Вы прынеслі сняданак?

— Не, — сказала Бурштына, спускаючыся да яго. — Я прынесла ключ ад ланцугоў. Тут так цёмна. Працягніце мне рукі, калі ласка.

Яна доўга адмыкала старыя замкі наручнікаў. Бенжы ўдыхаў салодкі водар кветак і думаў, адкуль яму знаёмая гэтая дзяўчына.

— Прынцэса? — нарэшце спытаў ён.

— Так, — яна ўздыхнула. — Мой бацька вырашыў пакараць вас смерцю. Таму вам неадкладна трэба бегчы. Я праводжу вас да Глухой сцяны.

— Гэта вялікі гонар для мяне, — усцешана сказаў Бенжы. Значыць, ён спадабаўся прынцэсе!

— Справа не ў гонары. Я пакідаю замак. Таму нам па дарозе.

Бенжы вырашыў роспыты пакінуць на потым. Ён з задавальненнем паварушыў вольнымі рукамі, устаў і пакланіўся Бурштыне.

— Дзякую вам, мая цудоўная выратавальніца.

— Трэба спяшацца.

— Вядома, — Бенжы выйшаў на вуліцу і адразу зажмурыўся ад яркага ранішняга сонца.

— Як добра! — усклікнуў ён. — Варта было праседзець суткі на ланцугу, каб потым ацаніць хараство волі!

— Калі ласка, хутчэй, — нервова папрасіла Бурштына. Яна баялася, што кароль прачнецца і вышле пагоню. А Бенжы пазяхаў і пацягваўся, ціхамірна ўсміхаючыся. Ён не быў падобны на Чэса, прыгожы сваёй дагледжанасцю, вытанчанасцю рухаў, ганарыстай каралеўскай паставай. Нават у бруднай і мятай адзежы ён выглядаў сапраўдным каралём. Бурштына падумала, што Чэсу прыйдзецца доўга выпрацоўваць у сябе такую паходку, вучыцца трымаць спіну роўна і глядзець пагардліва нават на тых, хто вышэйшы ростам.

— Куды ісці? — спытаў Бенжы. І яны пайшлі да садовай брамкі. Раса выпарвалася, ад травы патыхала волкасцю. Падол сукенкі Бурштыны набрыняў і пацяжэў. Змакрэлі і туфлі прынца.

— У нас ёсць час да заходу, — сказала Бурштына. — Потым выпусцяць сабак.

***

У Школе добрых манер тоненька празвінеў званок, паведамляючы вучням і вучаніцам пра перапынак. Калідоры напоўніліся шолахам шаўковых спадніц і асцярожным грукам абцасікаў. Хлопчыкі галантна прапускалі наперад дзяўчынак і неслі іх партфелі. А дзяўчынкі рабілі рэверансы і міла ўсміхаліся. Ванда чакала маму, якая выкладала этыкет і харэаграфію. І пакуль мамчыны падапечныя развучвалі складаныя па ці колькасць зубчыкаў у рыбнага відэльца, Ванда чытала казку, павольна і неахвотна перагортваючы старонкі. Казка так хутка канчалася, няўмольна набліжаючыся да развязкі...

Ванда ўздыхнула. Шкада, што прынцэса не засталася з Чэсам. Атрымалася б такая прыгожая пара.. Яна зірнула на сябе ў люстэрка. Валасы, вядома, не залатыя, а проста светла-русыя, але ўсё адно можна памарыць, што ты прынцэса, і два прынцы змагаюцца за права стаць тваім мужам.

З настаўніцкай выйшла мама, на хаду зашпіляючы палярыну.

— Усё, сёння ў мяне ўрокаў больш няма, — сказала яна. — Дачытала?

— Дачытаю потым. І так мала засталося.

— Расцягваеш асалоду, — засмяялася мама. — У дзяцінстве я таксама любіла чытаць казкі. Мы з Якабінай заўсёды чыталі кніжкі разам. — яна замоўкла і спахмурнела.

— Хто такая Якабіна?

Мама разгубілася, але хлусіць не стала.

— Гэта мая сястра, — сказала яна сумна. — Мы былі пагодкі. Разам гулялі ў лялькі, шылі сумачкі, рабілі адна адной прычоскі, каталіся на конях. А потым яна знікла, і мы ніколі яе больш не бачылі.

— Яе выкраў чараўнік? — спытала Ванда, абняўшы маму за талію.

— Не ведаю, — уздыхнула мама. — Нават прабабуля не ведае.

***

Навакольны лес залаціўся пад ранішнім сонцам. Бліскучае глянцавае лісце чорных дрэў трапятала пад ветрам, чаплялася маленькімі іголачкамі адно за адно. Дакранешся да такой іголачкі — памрэш, таму што яна ўпусціць у цябе атрутны сок. Так казаў Чэс, і Бурштына верыла. Яна ішла, уважліва гледзячы пад ногі, каб не патрапіць у адну са шматлікіх пастак. Папараць шамацела, суніцы наліваліся салодкасцю, пчолы закопваліся ў пухнатыя венцы сон-травы і мядункі. Пахла смалой, вільготнай травой, пераспелымі ягадамі. Рудыя капялюшыкі чырвонагаловікаў і карычневыя — баравікоў выглядалі з-пад апалай лістоты, вабячы ўсё далей у глыб лесу. Сцяжынак было шмат, вялі яны ў багну, у калючыя зараснікі ядлоўца, у яры, заплеценыя хмелем і бузіной. Сцюдзёныя раўчукі заступалі дарогу, паваленыя дрэвы перакрывалі шлях, павуцінне ліпла да твару, галінкі драпежна хапалі за адзежу. Не маючы звычкі да доўгіх шпацыраў па лесе, Бурштына хутка стамілася і без сіл апусцілася на зямлю. Бенжы, больш трывалы, прысеў побач з ёй і спагадліва зазірнуў у зялёныя вочы дзяўчыны.

— Адпачніце, прынцэса, а я пайду наперад і разведаю дарогу.

— Не дакранайцеся да залатога лісця з чорных дрэў. Яно атрутнае.