Ён кіўнуў і сышоў.
Бурштына чакала доўга, каля гадзіны, калі Бенжы нарэшце вярнуўся. Ён прынёс ёй букет буйных суніц і некалькі дзікіх яблыкаў.
— Гэты лес увесь пранізаны сцяжынкамі, — сказаў прынц. — Дзіўна. Кажуць, сюды рэдка хто адважыцца заходзіць. А сцяжынак процьма. Але якая з іх — патрэбная нам? Прыйдзецца ісці наўздагад.
Ён дапамог Бурштыне падняцца і пацалаваў ёй руку. Бурштына дапытліва паглядзела на яго твар. Прынц выглядаў вельмі задаволеным.
— Я і не мог спадзявацца, што мая мара здзейсніцца так хутка, — сказаў ён, трымаючы прынцэсу за руку. — Толькі ўчора прыехаў — а сёння ўжо вяртаюся дахаты з дзяўчынай, якую кахаю.
— Кахаеце? Але мы ледзь знаёмыя.
— Я пакахаў вас, слухаючы аповеды купцоў і вандроўных музыкаў. «У далёкім каралеўстве стаіць замак, акружаны непрыступнай сцяной, — казалі яны. — У тым замку жыве прынцэса з залатымі валасамі. Яна самая прыгожая дзяўчына на зямлі, і шчаслівы будзе той, чыёй жонкай яна стане». Я слухаў іх і думаў: яна павінна быць маёй! А калі я ўбачыў вас, Бурштына, то зразумеў, што не з’еду адзін. І мне пашчасціла: вы самі прыйшлі і сказалі, што сыходзіце разам са мной.
— Вы няправільна зразумелі, прынц. Я сыходжу з замка, але не ў ваша каралеўства. За Глухой сцяной нашы дарогі разыдуцца.
— Але чаму? — аслупянеў ён. — Куды вам яшчэ ісці?
— Не ведаю.
Ён маўчаў. Глядзеў на яе, любуючыся. Ветрык варушыў яго чорныя валасы, шаўкавістыя і хораша пастрыжаныя: нават непрычасаныя, яны выглядалі як толькі што ад цырульніка. Бурштына ўспомніла Чэса, яго светла-мядовыя, заўсёды зблытаныя валасы, зялёна-карыя вочы, рабацінне. Чэс такі загарэлы, амаль карычневы, а прынц Бенжы — беласкуры, нібы выкупаны ў малацэ.
— Я падабаюся вам, прынцэса. Не кажыце не, я гэта бачу. Але вы параўноўваеце мяне з кімсьці іншым.
— Ён кахае мяне.
— Вы сышлі з замка, дзе ён застаўся. Так?
Яна кіўнула.
— Значыць, вы не кахаеце яго. Інакш бы засталіся з ім.
— Не ўсё так проста.
— А што можа быць складанага ў каханні? Кахаеш чалавека — застаешся з ім. Не кахаеш — сыходзіш шукаць таго, каго пакахаеш. Вы сышлі, і значыць, у мяне ёсць шанец.
— Сонца ўжо высока. Калі нас зловяць, ніякага шанцу не застанецца. Трэба ісці.
Яны зноў пачалі свой шлях па вузкіх і заблытаных сцяжынках. Раз-пораз зараснікі крапівы, велізарныя мурашнікі, непраходныя ельнікі і гразкія палянкі з ярка-зялёнай асакой прымушалі кінуць адну сцяжынку і ступіць на іншую. Лес гуляў з імі, перастаўляючы як фігуркі на шахматнай дошцы. Бенжы абадраў руку, Бурштына парвала сукенку і два разы правалілася ў непрыкметныя балотныя акенцы. Апоўдні, брудныя і змучаныя, яны вырашылі зрабіць прывал. Цяпер ужо і ў прынца не засталося сіл.
На сонечнай канюшынавай палянцы пад чорным дрэвам з залатым лісцем яны прыселі ў цені. Пырхалі матылькі. Над канюшынай гулі пчолы і залацістыя мушкі. На круглым валуне ў цэнтры паляны грэлася вялікая змяя. Цяжкі водар нагрэтай зямлі паднімаўся да неба. Так хацелася спаць! Забыўшыся пра небяспеку, Бурштына прыхінулася да чорнага ствала. Ён быў цёплы і нібы жывы. Бенжы сеў побач і шырока пазяхнуў.
— Трэба адпачыць, — сказаў ён сонным голасам і заплюшчыў вочы. Бурштына глядзела на яго твар, спакойны і светлы, з доўгімі вейкамі і прамым пародзістым носам. Нават спаў прынц прыгожа, не губляючы сваёй каралеўскай годнасці. Бурштына падумала, што ён не такі ўжо і дрэнны, і таксама заснула. Ёй снілася, што чорнае дрэва выпусціла са ствала тонкія залацістыя карэньчыкі, якія ўпіліся ў яе скуру. Дрэва вырашыла прарасці ў яе, каб яна стала яго часткай і нікуды не сышла з цёплай канюшынавай палянкі.
Карэньчыкі вострымі іголачкамі праколвалі скуру і пранікалі ў цела. Гэта было не балюча, трохі казытліва і нават прыемна. Бурштына ўсё глыбей апускалася ў сон.
— Прачніся! Прачніся ж! — крычаў хтосьці ёй у вуха, біў па шчоках. Бурштына з вялікім намаганнем адкрыла вочы. Над ёй схіліўся Чэс. Яго зялёнакарыя вочы былі пашыраны з перапуду, і Бурштына здрыганулася.
— Асцярожна, — сказаў ён і паказаў кудысьці ўніз. — Паглядзі. І толькі не варушыся.
Яна паслухмяна паглядзела — і закрычала ад агіды. Усё яе цела было прашыта маленькімі празрыстымі трубачкамі, па якіх перапампоўвалася штосьці цёмна-чырвонае. Трубачкі выходзілі з-пад адзежы, са скуры — і цягнуліся да дрэва, хаваючы канцы ў яго чорнай кары. Такой жа сеткай быў зблытаны спячы Бенжы.
— Што гэта? Што гэта, Чэс? — закрычала Бурштына, спрабуючы вырвацца, устаць.
— Не рухайся, — прашыпеў ён. — Калі рэзка ўстанеш, карані адарвуцца, і ты сыдзеш крывёй.