— Вырашай. Але калі ты сыдзеш з ім, то не будзеш вольная.
— Што ж мне абраць? — задуменна прагаварыла яна.
— Абяры таго, каго кахаеш, і застанься з ім.
Чэс схаваў нож і выйшаў, паціху прачыніўшы дзверы. Бурштына памарудзіла, але ўсё ж выйшла следам. Чэс сядзеў на лаўцы каля студні. Ноч была цёмнай, і Бурштына насілу распазнала яго сілуэт.
— Чаму ты не ідзеш спаць? — спытаў ён. Сумным, цяжкім голасам.
— Хачу пагаварыць з табой.
— Пра што нам размаўляць? Ты ўсё вырашыла.
— Ты сказаў: застанься з тым, каго кахаеш. А чаму ты не можаш зрабіць гэтак жа? Чаму хочаш разлучыцца са мной?
— Таму што мне патрэбна ўлада. Я хачу быць каралём.
— А я не хачу быць каралевай.
— Бачыш, мы вярнуліся да таго, з чаго пачалі.
— Я не магу з табой застацца, а ты не можаш са мной сысці, — сказала яна сумна. — Ці значыць гэта, што мы не кахаем адзін аднаго?
Чэс павярнуўся да яе.
— Я не ведаю.
Поўня смутна бялела скрозь смугу чорных аблачын. Трывожна і хутка ляцела над галавой неба. У ляшчыне спявалі салаўі. Пахлі начныя фіялкі, белымі зорачкамі рассыпаныя пад вокнамі Ведзьмінай хаты. Зямля аддавала цяпло, назапашанае за дзень. Бурштына стала мерзнуць, і Чэс адвёў яе да цёплага агменю. Спаць яны не маглі, адчуваючы тугу і незразумелую віну. Чэс закіпяціў ваду і заварыў гарбату, дастаў з паказанага Ведзьмай куфра пачаты пірог.
— З’еш. Заўтра трэба будзе ісці ўвесь дзень.
— Не хачу, — стомлена сказала Бурштына. — Я нічога не хачу.
Чэс зірнуў на яе, яна адвяла вочы. Абое ўздыхнулі. Бенжы ціха спаў, агонь дагараў, успыхваючы час ад часу яркімі іскрамі.
— Ты так ніколі ні з кім не застанешся, — сказаў Чэс. — Будзеш падазраваць кожнага ў тым, што ён жадае ўсяго толькі скарыстацца тваім дарам. Стаць дзякуючы табе бессмяротным.
— Я не думаю так пра цябе.
— Думаеш, — ён пакруціў галавой. — Ты баішся замка, думаеш, што ён стане тваёй турмой. Як стаў турмой для тваёй маці.
— Калі б я ўмела вядзьмарыць, — уздыхнула Бурштына. — Калі б магла разбурыць сцены замка.
— Твая маці назаўжды застанецца там.
— Ведаю.
Яны моўчкі пілі духмяную травяную гарбату. Потым Бурштына заснула, апусціўшы галаву на стол. Прачнулася яна на досвітку, ад лёгкага дотыку.
— Чэс? — але яго ў пакоі не было, а Бенжы спаў. Бурштына выйшла з хаткі і агледзелася. Чэс удалечыні кідаў нож у дуплаватае старое дрэва. Каму на сёння падарыць бяссмерце, падумала Бурштына з сумам. Чэс адмыслова сышоў, каб першы мяне ўбачыў Бенжы? Ён што, хоча памерці? Ці хоча, каб Бенжы застаўся жывы?
Памыўшыся і прычасаўшы валасы, Бурштына падышла да Чэса.
— Ён прачнуўся? — спытаў Чэс, не абарочваючыся.
— Спіць.
— Сыходзь, я не жадаю на цябе глядзець.
Нож паляцеў і ўваткнуўся ў тонкі сук, абламаўшы яго. Некалькі кропель расы ўпала з дрэва, здрыганулася лісце. Бурштына ўзяла Чэса за руку і прымусіла яго павярнуцца.
— Калі ўжо я ўмею гэта рабіць, то я жадаю падарыць бяссмерце табе.
— А я не жадаю тваіх падарункаў! — сказаў ён злосна і пайшоў па нож, вырваўшы з яе рукі сваю. — Мне гэта не трэба! Зразумей! Я не жадаю жыць вечна!
— Тады.
— Што? — ён павярнуўся.
— Пазбаў мяне ад гэтага дару.
Ён некалькі секунд стаяў моўчкі, нібы не разумеючы. Потым сумна пакруціў галавой. Схаваў нож і пайшоў да хаты. Там на ганку ўжо пацягваўся заспаны Бенжы. Выглядаў ён добра, ведзьміны зёлкі дапамаглі.
— Добрай раніцы! — крыкнуў ён. — Шпацыравалі перад сняданкам?
— А ты прыгатаваў сняданак? — спытаў Чэс.
— Я? — прынц засмяяўся. — На гэта ёсць служкі.
— Тады сёння ты застанешся галодным, — Чэс прайшоў у хату, пхнуўшы Бенжы плячом. Бенжы паглядзеў яму ўслед, потым — на Бурштыну — і зразумела ўсміхнуўся.
— Пасварыліся?
Бурштына ўздыхнула.
***
— Чаму ты не прыйшла ўчора да прабабулі? — спытаў Коцік. Ён сядзеў у пакоі Ванды і гартаў альбом з яе вышыўкамі. Ванда адарвала погляд ад кнігі.
— Чытала.
— Ты дагэтуль не скончыла? — здзіўлена спытаў ён. — Кніжка не такая і вялікая.
— Я знарок чытаю павольна, — прызналася Ванда. — Там ужо мала застало ся. Героі дойдуць да Глухой сцяны, і прынцэсе застанецца абраць аднаго з жаніхоў. І ўсё.
— Няўжо так цікава?
— Вельмі!
Потым Ванда сышла на кухню, каб зрабіць какаву. Калі яна вярнулася з падносам, Коцік ужо амаль дачытаў.
— Хто з жаніхоў табе больш падабаецца? — спытаў ён.
— Чэс. Ён добры. А прынца я падазраю.
— Я дайшоў пакуль да Ведзьмы і пярсцёнкаў. Потым дачытаю. Насамрэч, цікава.