Выбрать главу

— Чэс.

— Я вяртаюся ў замак. Цяпер я кароль, у мяне шмат спраў.

— Я тут адыду ненадоўга, — хмурна сказаў Бенжы, які пры ўсёй сваёй каралеўскай наіўнасці сцяміў пакінуць іх сам-насам.

— Бурштына, хадзем са мной у замак.

— Чэс, давай сыдзем разам.

Яны сказалі гэта і замоўклі, разгубленыя.

— Але ж я. — голас яго нязвыкла дрыжаў, а зялёна-карыя вочы падазрона блішчалі.

— І я, — Бурштына не плакала: не ўмела, гэтак жа, як не адчувала болю. Абняла Чэса, нібы вырашыла нікуды не адпускаць. Ён асцярожна трымаў яе за стан, удыхаючы кветкавы водар залацістых валасоў, хаваючы свае няпрошаныя слёзы і невымаўленыя словы.

— Няўжо ніяк нельга па-іншаму? — уздыхнула Бурштына. Яна паглядзе­ла Чэсу ў вочы, заўважыла мокрыя сляды на яго шчоках.

Ён пакруціў галавой.

— Хоць бы да сцяны.

— Не. Мне і так цяжка. Узяў бы і сілай адвёў цябе назад.

Ён не пацалаваў яе, толькі глядзеў доўга-доўга, як быццам маляваў у памяці партрэт. Потым рэзка павярнуўся і сышоў, не аглядаючыся.

***

Калі Бенжы вярнуўся на паляну, Бурштына сядзела ў траве і моўчкі глядзела перад сабой. Матылькі садзіліся ёй на плечы, вячэрняе сонца гуляла з золатам валасоў, ветрык ціхутка варушыў сукенку. Бенжы прыгледзеўся, але не заўважыў слёз на твары прынцэсы. «Добра, — падумаў ён, — значыць, яна не кахае Чэса».

— Вам дапамагчы, прынцэса?

Бурштына пакорліва абаперлася на яго руку і ўстала, але не сказала ні слова. Яна маўчала і па дарозе, не рэагуючы на словы Бенжы пра надвор’е, стомленасць і тое, што вельмі хочацца есці. Толькі адводзіла рукамі валасы з ілба і глядзела пад ногі.

Распускаліся на ноч белыя гронкі вячэрніцы, загараліся ў траве духмяныя начныя свечкі. Ад таемных лясных азёр цягнула волкасцю і холадам. Мільгалі на фоне жоўтай поўні кажаны. Крычала сава. Чорныя дрэвы спалі, згарнуўшы залатое лісце трубачкамі. Трава блытала ногі, замінала ісці.

Бенжы схамянуўся.

— Прынцэса, у вас няма з сабой крэсіва?

— Не. А вы ўмееце разводзіць агонь?

— Не, — уздыхнуў ён. — Я так змерз. Уначы ў лесе вельмі холадна.

— Так, — пагадзілася Бурштына.

Яна цяпер нічога не адчувала, увесь час разважаючы, ці правільна паступіла. Яна не захацела застацца, але ж і Чэс не захацеў сысці. Чаму менавіта яна павінна была саступіць? Бурштына ўздыхнула. Няўжо яны не кахалі адно аднаго, раз так спакойна рассталіся назаўжды?

— ...нейкі агеньчык. — сказаў Бенжы радасна. — Прынцэса, вы мяне чуеце?

— Што?

— Там, за дрэвамі, я заўважыў агеньчык! Можа, там людзі!

Бурштына паціснула плячамі. Вядома, Бенжы трэба думаць пра тое, каб не захварэць і не памерці ад прастуды. Таму яна пакорліва пайшла за ім.

Яны выйшлі да паўразбуранай хаткі з трыма цэлымі сценамі і дахам. Усярэдзіне гарэла вогнішча, і вакол распаўсюджвалася ласкавае жоўтае цяпло. Бенжы кінуўся грэць рукі, знайшоў нейкую коўдру і ўхутаўся. Потым збянтэжыўся, зняў коўдру з сябе і прапанаваў Бурштыне.

— Дзякуй, мне не холадна, — сказала яна. Села ля агню, паварушыла нейкай палкай паленцы. Яна заўсёды любіла глядзець на полымя, любавацца хуткай зменай залацістых гарачых узораў, танцам маленькіх пякучых шматкоў.

Ім і ў галаву не прыйшло задумацца, хто развёў агонь у пустэльным, злавесным Навакольным лесе, і куды сышоў гэты нехта ад выратавальнага цяпла і святла. Бенжы адшукаў кацялок з віном і зараз кіпяціў яго, шкадуючы, што няма рэзкіх затавак і цукру.

Раптам штосьці стукнула ў цемры, за межамі агнявога колца, і Бенжы ўскочыў, напружана ўзіраючыся ў чорны лес.

— Глядзі, Бялянка, у нас госці, — сказаў нягучны голас, і страшны чорны цень накрыў Бенжы і Бурштыну. Прынц выставіў наперад падпаленую палку і ваяўніча пракрычаў:

— Не падыходзь! Заб’ю!

Бурштына спакойна (што магло здарыцца з бессмяротнай?) глядзела на чалавека, які выходзіў з цемры. Чорны плашч з каптуром, худы сумны твар, а на руках нейкі белы звярок.

Чалавек прысеў ля агню, не зважаючы на Бенжы. Убачыў кацялок і пакруціў галавой.

— Не дачакаліся мяне, і пілі б пустое віно.

Ён зрабіў нейкі няўлоўны рух пальцамі, і ў паветры цудоўна запахла карыцай, мускатным арэхам, гваздзікай, цытрынай.

Бенжы спалохаўся яшчэ мацней.

— Хто вы? — спытаў ён, не апускаючы палкі і не набліжаючыся.

— Я? — чалавек дазволіў звярку саскочыць на зямлю, і той адразу адправіўся да Бурштыны на калены. — Я Чорны Вандроўца. Ці ведаеш ты гэта імя?

Бенжы пакруціў галавой, затое Бурштына схамянулася, напалохаўшы звярка.

— Гутаркі пакінем на ноч, — сказаў чараўнік і працягнуў ім круглыя свежыя праснакі. — Ешце.