Выбрать главу

Пасля вячэры і гарачага віна разамлелы Бенжы адразу захацеў спаць. Загарнуўшыся ў коўдру, ён некаторы час спрабаваў падтрымліваць гутарку, але хутка заснуў.

— Як завецца гэты звер? — спытала Бурштына, пагладжваючы белую шэрстку.

— Ты не ведаеш? — здзівіўся Чорны Вандроўца. — Гэта ж котка.

— Котка? — узрадавалася Бурштына. — Котка, якая ўсё вырашае сама?

— Так. Як жа атрымалася, што ў замку не засталося котак?

— Там былі злыя чорныя сабакі, — сказала прынцэса. — Але я ператварыла іх у добрых белых сабак. Больш яны нікога не заб’юць.

— Ператварыла? — чараўнік увесь напружыўся. — Пакажы свае рукі, дзяўчынка!

— Так, Ведзьма Навакольнага лесу падарыла мне пярсцёнкі, — сказала Бурштына. — І сказала, што чароўнымі яны застаюцца толькі на маёй руцэ. Я б аддала іх табе, але гэта бессэнсоўна.

— Значыць, такі мой лёс, — безнадзейна сказаў ён. — Я спадзяваўся з дапамогай гэтых пярсцёнкаў пазбавіцца ад праклёну. Ты ж ведаеш, што я не магу нідзе затрымацца больш, чым на суткі. Цяпер я тут, а заўтра досвіткам буду ўжо далёка.

— Ты выкраў маю маці і прадаў яе каралю, — сказала Бурштына.

— Толькі дзеля свайго выратавання, — паспрабаваў растлумачыць ён. — Так, я разумею, што гэта не апраўданне, выратавацца такой цаной.

— А ці ёсць іншыя спосабы зняць праклён? — спытала Бурштына, слухаючы, як вуркоча белая котачка на руках.

— Толькі калі хто-небудзь пажадае, каб я жыў у яго хаце. — усміхнуўся чараўнік.

— Я б пажадала, ды ў мяне няма хаты, — сказала Бурштына.

— Ты можаш адправіцца з прынцам і жыць у палацы.

— Я баюся зноў апынуцца ў турме. Бенжы ведае пра мой дар. Што, калі ён таксама зробіць мяне сваёй палонніцай?

— Тады будзь як котка. Абяры сама свой лёс.

— Але коткі часам прыходзяць жыць да людзей, — сказала Бурштына.

— Але яны могуць і сысці, калі ім не спадабаецца, — запярэчыў чараўнік. — Калі ж не спадабаецца табе, наўрад ці Бенжы цябе адпусціць.

— Што ж мне рабіць? — спытала прынцэса. — Мне страшна адной ісці невядома куды. І страшна было застацца з Чэсам. І страшна паверыць Бенжы. Я ніколі не прымала так многа рашэнняў. Я стамілася.

— У цябе ёсць чароўныя пярсцёнкі, — падказаў Чорны Вандроўца.

Драўляны пярсцёнак ператворыць злое ў добрае, чорнае ў белае. Шкляны пярсцёнак зробіць празрыстымі чужыя думкі. Алавяны — выканае чужое запаветнае жаданне. «Але думай добра, калі будзеш загадваць, не змарнуй чараўніцтва на дробязі». Так сказала Ведзьма.

— Я магу прачытаць думкі прынца, — сказала Бурштына. — Але ці не дробязь гэта?

— Думай сама, думай сама, — паспешна адказаў чараўнік. — Я ведаю адказ, але не хачу падказваць табе, дзяўчынка. Вучыся ствараць свой лёс.

— Калі я пашкадую пярсцёнка, і Бенжы мяне ашукае, то потым чары мне ўжо не дапамогуць, — падумала Бурштына. — А калі ён праўда кахае мяне, я змарную чараўніцтва дарма.

Яна глядзела на пярсцёнкі. Драўляны цямнеў на ўказальным пальцы, алавяны шарэў на сярэднім, а шкляны свяціўся, адбіваючы агонь, на безы­менным.

— Хачу даведацца, што пра мяне думае Бенжы, — рашылася Бурштына.

Тут жа ў яе галаве прагучаў голас прынца: «Бурштына такая прыгожая.

Я насамрэч яе кахаю. Мне ўсе будуць зайздросціць. Трэба прыгатаваць пакой, у якім мы будзем жыць. На вокны паставіць краты. А ў дзверы ўрэзаць сакрэтны замок, каб слугі не ўвайшлі і не перашкодзілі мне першаму бачыць яе досвіткам.»

Бурштына перарывіста ўздыхнула. Калі б яна была звычайным чалавекам, то заплакала б. Чараўнік тут жа апынуўся побач і абняў яе за плечы.

— Што ж, ты прыняла правільнае рашэнне. Малайчына, дзяўчынка.

— Мне трэба ісці, — сказала Бурштына. — Цяпер, пакуль ён не прачнуўся. Я баюся, каб ён не адвёў мяне ў сваё каралеўства сілай.

— Куды ты пойдзеш?

— Не ведаю. Я зразумела: усе людзі, пазнаўшы пра мой дар, павядуць сябе гэтак жа, як прынц. Занадта вялікая спакуса — стаць бессмяротным, нічога не аддаючы наўзамен. Я баюся, што ніколі ніхто мяне не пакахае.

— А ты не раскрывай сваю таямніцу да вяселля, — сказаў чараўнік.

— Не, гэта будзе несумленна, — адказала Бурштына. — Я мару пра сапраўднае каханне. Пра такое, што зможа вытрымаць такое выпрабаванне.

— Што ж, ты бессмяротная, у цябе шмат часу на пошукі, — усміхнуўся чараўнік. — А скажы мне, якім чараўніцтвам валодае алавяны пярсцёнак?

— Яно выконвае запаветнае жаданне іншага чалавека, — Бурштына ўздыхнула. — Не маё, а чужое. Дзіўныя яны, чароўныя пярсцёнкі. Паслухай, можа быць, мне выканаць тваё жаданне? Праклён знікне.

Вандроўца нічога не адказаў, толькі вочы яго заззялі. Ён маўчаў некаторы час, нібы спрачаўся сам з сабой, а потым сказаў: