Выбрать главу

— Разумею, ты жадаеш аддзячыць мяне за гасціннасць. Ты добрая дзяўчынка, пярсцёнкі нездарма дасталіся менавіта табе. Але я не магу прыняць твой падарунак.

— Ты адмаўляешся? — Бурштына не магла паверыць.

— Успомні пра чалавека, якому больш, чым мне, патрэбна твая дапамога, — сказаў чараўнік.

— Мама. — прашаптала Бурштына. Котачка ў яе на руках прачнулася і зірнула на прынцэсу разумнымі зялёнымі вачамі.

— Хай здзейсніцца запаветнае жаданне маёй маці, — урачыста сказала Бурштына.

І знікла.

***

Ванда здзіўлена перагарнула старонкі. Пуста. Гісторыя абарвалася на такім цікавым эпізодзе. Куды падзелася Бурштына? Хто вызваліць чараўніка ад праклёну? Якое запаветнае жаданне было ў каралевы? Апошнія лісты старадаўняй кнігі былі жоўтыя і чыстыя, нібы казачніку раптам надакучыла складаць гэту гісторыю і ён, закінуўшы кнігу пад ложак, адправіўся ў кавярню выпіць кубачак капучына.

На вуліцы быў позні вечар, усе дамашнія ўжо клаліся спаць. За акном на небе міргалі зоркі, вецер абвіваўся вакол яблыневых галінак, станавілася ўсё цішэй і спакайней. Запальваліся ў траве светлячкі, расхінала пялёсткі серабрыста-ружовая мацыёла. Ванда ўздыхнула, паклала кнігу ў сакрэтнік. Такая дзіўная гісторыя, такія мілыя героі, і вось, яна ніколі не даведаецца, што ж здарылася з золатавалосай прынцэсай.

Успамінаючы казку, яна пачысціла зубы, перапранулася ў начную кашулю і ўжо збіралася легчы, як раптам ва ўваходныя дзверы пазванілі. Ад званка, які раздаўся ў цішыні, Ванда здрыганулася. Хто б гэта мог быць так позна?

Па сходах загрукаталі чаравікі Віктара, рыпнулі дзверы бацькоўскай спальні. Ванда ўслухоўвалася ў крокі і прыглушаныя галасы, і нейкае трывожнае прадчуванне нарастала ў душы.

— Ванда! Вераніка! — раздаўся звонкі і нейкі дрыготкі мамчын голас. — Спускайцеся хутчэй!

— Ванда! — у пакой зазірнула заспаная Вераніка. — Да нас госці прыехалі!

— Уначы? — спытала Ванда, але сястра ўжо знікла.

Ванда паспешна надзела толькі што знятую сукенку, прыгладзіла валасы. Сэрца ўсхвалявана калацілася, калі яна спускалася па прыступках, спрабуючы зазірнуць праз парэнчы, хто ж там стаіць у гасцінай. І, здаецца, хтосьці плача?

Тата ўсхвалявана размаўляў з кімсьці па тэлефоне. Твар у яго быў агаломшаны. Міма пранёсся Віктар з валяр’янкай і шклянкай вады.

— Пастаў чайнік на агонь, — загадаў ён на хаду. — І скажы Вераніцы, хай прыгатуе гасцявы пакой.

Не ў сілах больш чакаць, апошнія прыступкі Ванда адолела ў два скачкі. І замерла, трохі спалоханая. На канапе ля каміна плакалі, абняўшыся, мама і нейкая жанчына, вельмі на маму падобная, толькі крышачку маладзейшая. А ў дзвярах, разгублена аглядаючыся, з белай котачкай на руках, стаяла прынцэса Бурштына. У доўгай, змятай сукенцы, з растрапанымі валасамі, яна ўсё адно выглядала казачна і надзвычайна. Толькі глядзела здзіўлена і не магла зразумець, дзе знаходзіцца.

Ванда нясмела падышла да яе і працягнула руку.

— Добры вечар, Бурштына.

— Ты мяне ведаеш? — уразілася прынцэса.

— Я твая сястра, — са шчаслівай усмешкай адказала Ванда.

***

Усю ноч у вокнах дома на пагорку гарэла святло. У зачаравана-шчаслівым настроі Ванда паспявала падумаць, напрыклад, пра тое, што калі б зараз хтосьці зазірнуў у яе акно, то абавязкова пазайздросціў бы.

Манетка з торта не ашукала, выканала жаданне Ванды. І жаданне Коціка, і бабулі. Аказалася, усе яны марылі пра адное і тое ж, так бывае, са здзіўленнем думала Ванда — і зноў апускалася ў цёплы і радасны свет — свет, у якім цяпер у яе ёсць сястра.

Бурштына не магла паверыць у тое, што здарылася. Толькі белая котка ды тры пярсцёнкі на руцэ нагадвалі, што зусім нядаўна яна была прынцэсай у казачным каралеўстве.

— Ты жыла ў казцы, — сказала яе сястра Ванда, гледзячы захоплена і крышачку зайздросна. — А я гэтую казку чытала! Мне было так цікава!

— А ты б памянялася са мной месцамі? — спытала Бурштына. Ванда падумала і збянтэжана пакруціла галавой. Чэс, безумоўна, вельмі прывабны, але прамяняць на яго маму з татам і прабабуляй, утульнасць роднага дому, раўчук з фарэллю і ўсё сваё лялечна-кветкавае жыццё? Не, яна хацела б чытаць казкі, а не жыць у іх. Бо чым цікавей казка, тым цяжэй даводзіцца галоўным героям.

— Столькі ўсяго здарылася. — сказала Бурштына. — Я дагэтуль не веру.

Мама Ванды не адыходзіла ад Якабіны, яны зачыніліся ў мамчыным пакоі і размаўлялі, размаўлялі. А Ванда гэтак жа не пакідала адну Бурштыну. Яна паказала сястры свае сукенкі, капялюшыкі, сумачкі, калекцыю пацерак і аль­бом з вышыўкамі, свой школьны дзённік і кніжную, поўную казак, шафу.