Выбрать главу

Кнігу са срэбным замочкам Бурштына адразу пазнала. Адкрыўшы старонку з партрэтам Чэса, сёстры дружна ўздыхнулі. Пераглянуліся, і Буршты­на нявесела ўсміхнулася, а Ванда зноў апусціла вочы. Яна зразумела, што Бурштына наўрад ці будзе гуляць з ёй у хованкі і рабіць кветкавых лялек з дзьмухаўцоў. Яна старэйшая і больш сур’ёзная, хоць і не падобная на легкадумную модніцу Вераніку. «Каб сябраваць з Бурштынай, прыйдзецца пасталець», — падумала Ванда. Гэта адкрыццё трохі засмуціла яе, але засмучацца так не хацелася.

Увечары ўся сям’я сабралася ў прабабулі. З кухні даносіўся чароўны водар качкі, запечанай з мандарынамі. У гасцінай чакалі духмяныя булачкі з карыцай, бісквітныя торцікі, пірожныя і шакаладныя цукеркі. Тата прынёс велізарныя букеты руж і расстаўляў іх па антыкварных вазах. Вераніка незадаволена назірала за белай котачкай і рудым кацянём: як бы яны, гуляючы, не ўчапілі кіпцікамі яе новыя дарагія панчохі. Віктар праціраў куфлі для шампанскага і раз-пораз употай паглядаў на Бурштыну. Ён вырашыў заўтра ж намаляваць яе партрэт і назваць яго «Прынцэса з залатымі валасамі». Віктар казкі не чытаў, проста ён быў мастак і меў добрую інтуіцыю.

Бурштына, у новай белай сукенцы, сядзела каля каміна і глядзела на агонь. Бурштын у яе на шыі мігацеў залацістымі іскрамі, нібы паказваў, што побач схаваны нейкі скарб. Яна ўспамінала Чэса, яго ўсмешку, зялёна-карыя вочы, мядовыя валасы. Пытала сябе, хто ж з іх памыліўся, а хто меў рацыю, і не знаходзіла адказу. Ля акна стаяў Коцік і зачаравана глядзеў на Бурштыну. Ці то складаў верш, ці то проста любаваўся. А Ванда, расстаўляючы талеркі і раскладваючы відэльцы з нажамі, раз-пораз кідала хуткія погляды на Коціка. Яна зразумела, што зараз уся яго ўвага будзе непадзельна належаць яе сястры, і яшчэ не ведала, цешыцца гэтым ці засмучацца. Яны ж проста сябравалі. ці не? Як шмат пытанняў і думак з’явілася ў яе, калі здзейснілася мара.

Можа, гэта і завецца — сталець?

Пазней за ўсіх прыйшлі, нарэшце нагаманіўшыся, мама Ванды і Якабіна. Яны апрануліся ў амаль аднолькавыя сукенкі, блакітную і бірузовую, і аднолькава пазачэсвалі валасы. Убачыўшы малодшую дачку, бабуля расплакалася. А прабабуля толькі таямніча ўсміхалася, нібы загадзя ўсё ведала. Калі ўсе ўжо збіраліся садзіцца за стол, яна сказала:

— Па-мойму, кагосьці не хапае.

Бурштына пераглянулася са сваёй маці, тая ўсміхнулася і кіўнула.

— Калі ў нас зараз ёсць дом, — сказала Бурштына ціха, — то мы б хацелі бачыць тут аднаго чалавека.

Віктар перабіраў кошык з цукеркамі, вышукваючы ўлюбёныя труфелі, калі ў дзверы пастукалі старадаўнім малаточкам, што вісеў для прыгажосці. Віктар адчыніў — і замёр: на парозе стаяў высокі чалавек у чорным плашчы з каптуром. Ён старанна выцер ногі і ўвайшоў, здзіўлена аглядаючыся.

— Вы да каго? — спытаў Віктар.

— А. Бурштына дома? — не меней здзіўлена спытаў чалавек.

— Так.

— Значыць, я да яе.