Выбрать главу

— Вас, жаніхоў, не зразумееш, — сказала Ванда. — Карлу, наадварот, падабалася, што ў Веранікі фарбаваныя валасы, ён сам прасіў яе фарбавацца толькі ў руды.

— У руды? — прашаптаў Альберт. — Карл? Але ты казала мне, што выхоўвалася ў манастыры і да мяне не ведала мужчын.

— У манастыры? — пераглянуліся мама і тата. Тата падазрона закашляўся, а мама паспешна прапанавала:

— Альберт, яшчэ кавы?

— Мама варыць самую смачную каву ў горадзе, — сказаў Віктар. — Усе жаніхі Веранікі былі ў захапленні.

— Не, дзякую, — сказаў Альберт і ўстаў. — На жаль, вымушаны вас пакінуць, успомніў пра адну неадкладную справу.

Калі за ім зачынілі дзверы, Вераніка спытала:

— Што, ён сапраўды пашкадаваў грошай на антыкварныя завушніцы? А ён жа такі багаты!

— Таму ты з ім і сустракалася? — спытаў Віктар.

— Не, проста ў маёй калекцыі жаніхоў не было яшчэ ніводнага Альберта.

***

Вячэрняе сонца залаціла вінаграднае лісце і лужыны, што засталіся пасля дажджу. Скрозь аконную рашотку віднелася залаціста-ружовае неба. Далёка ў садзе брахалі сабакі. Рыпала тачка садоўніка.

Бурштына адлажыла залатое прадзіва і ўстала, таму што ў пакой увайшоў кароль.

— Прадзеш? — спытаў ён, паціраючы рукі.

— Мне надакучыла, — адказала Бурштына. — Я хачу танчыць і размаўляць з іншымі людзьмі.

— Размаўляць? — здзівіўся кароль і пагладзіў яе па галаве. — Твае валасы адрастаюць так хутка. Альма ўзяла дзвюх сялянак у памагатыя, яны не паспяваюць ткаць, а парчу ўсё дасылаюць. Усе жадаюць насіць сукенкі толькі з нашай парчы.

— Мне гэта надакучыла, — паўтарыла прынцэса.

— Так, так, ты хочаш размаўляць, — кіўнуў кароль. — Дык давай пагаворым, ты ж можаш пагаварыць са сваім бацькам, золатка? Да каралевы таксама цябе пускаюць без перашкод. Альма і Чэс заўсёды рады пабалакаць. І ўсе служкі. Чаго ж табе яшчэ?

— Мне патрэбна сяброўка, — уздыхнула Бурштына. — Мне патрэбна музыка. Я хачу смяяцца і танчыць. Чэс кажа, што раней у замак прыязджалі госці, іншыя каралі ды каралевы з дзецьмі і світай, што не спыняліся балі, маскарады, феерверкі, тэатр і лодкі. Што раней былі адчынены ўсе паверхі і пакоі.

— Адкуль бы яму гэта ведаць? — здзівіўся кароль. — Вы амаль аднаго ўзросту, чаму ж ён памятае, а ты — не? Ён проста выдумляе, золатка.

— Але няўжо да нас ніхто не можа прыехаць?

— Я ж распавядаў табе. Няўжо не верыш роднаму бацьку?

— Можна мне пагуляць да вячэры? — спытала Бурштына.

— Добра, ідзі, — сказаў кароль і сышоў.

Бурштына накінула плашч, завязала валасы хусткай, каб іх ззянне не выдавала, дзе яна гуляе. Хоць — дзе б яна ні была, дзе б ні схавалася — яе ўсё адно высачаць, знойдуць, возьмуць за руку і прывядуць у гэты пакой з кратамі на вокнах.

Яна выйшла з замка. У калідорах ёй сустрэліся двое слуг — пакаёўка несла стос адпрасаваных прасцін, ды кухцік цягнуў на кухню поўныя вёдры вады. Абое яны, убачыўшы прынцэсу, адхіснуліся і паскорылі крок. Буршты­на ведала: яны баяцца. Усе слугі ў замку — акрамя Альмы і Чэса — баяцца прынцэсу, шэпчуцца пра яе. А яшчэ — за ёй пільна сочаць.

Садоўнік падразаў зарасці біручыны. Праходзячы міма, Бурштына адчувала на сабе яго погляд. Яна ведала, як гэты чалавек з’явіўся ў замку. Ён прыехаў з суботнім абозам і ў руках трымаў толькі маленькі чорны мяшэчак з насеннем. Гэта насенне баялася святла. На другі дзень садоўнік саджаў яго: з мяшка адразу ў ямку і засыпаў зямлёй, каб не патрапіў ніводны сонечны прамень. Праз дзень з’явіліся парасткі, а праз тыдзень па ўсім садзе і лесе да самай Глухой сцяны раслі высачэзныя, магутныя дрэвы з чорнай карой і прыгожым залатым лісцем. Дрэвы маглі размаўляць між сабой. А яшчэ яны забівалі. Забівалі ўсіх, хто пранікаў за Глухую сцяну і хацеў дабрацца да замка. Усё гэта Бурштыне распавёў Чэс, хоць яна не асабліва яму верыла.

***

Дзень нараджэння прабабулі адзначылі, як заўсёды, вельмі весела. Прабабуля сустракала гасцей у белым вярблюджым шалі, які прывёз з далёкіх краін прадзядуля. Кацяня, якое падарылі мама і тата, рудое і пушыстае, бегала пад сталом і шамацела абгортачнай паперай.

— Хаця б яму не было тут самотна, — сказала прабабуля. — Завяду яму сяброўку, напэўна.

— Навошта наогул трымаць у хаце жывёлу? — незадаволена прамовіла Вераніка. Яна не любіла котак, таму што ад іх на яе прыгожых чорных сукенках заставалася поўсць.

Ванда абрала момант, калі ўсе моўчкі жавалі за сталом, і гучна спыталася:

— Мама, распавядзі мне пра Якабіну!

Адразу стала яшчэ цішэй. Хтосьці выпусціў відэлец, які бразнуў па талерцы, і наступіла глыбокая цішыня. Усе дарослыя глядзелі на Ванду так, нібы яна сказала ці зрабіла штосьці непрыстойнае.