Выбрать главу

— Я не ведаю, чаго я хачу. Хачу быць каралём. І хачу, каб ты заўсёды была побач, блізка, каб я мог заўсёды трымаць цябе за руку.

— Ты ніколі не размаўляў са мной так.

— Ты прынцэса. А я цягаю на кухню ваду, тачу нажы і скубу курэй. Кароль ніколі не дазволіць мне стаць тваім мужам. Па-мойму, ён наогул не жадае выдаваць цябе замуж.

— Замуж? Я не думала пра гэта, — сказала Бурштына.

— І не думай, — сказаў Чэс.

***

Ванда не заўважыла, як з’ела і яблык, і шакаладку. Кніга аказалася вельмі цікавай, а малюнкі — як жывыя. Асабліва Вандзе спадабаўся галоўны герой, закаханы ў прынцэсу. Па апісанні ў яго былі зялёна-карыя вочы і зблытаныя валасы колеру саломы і мёду. І загарэлая скура, бо ён поле гарод і косіць траву. А яшчэ блукае па цёмным страшным Навакольным лесе. «Ён вельмі адважны, — падумала Ванда, — і такі прыгожы, але што ў яго на сэрцы, не вядома нікому».

Бразнулі дзверы.

— Пра што марыш? — спытаў Віктар. — Ты не бачыла мае васковыя крэйды? Падзеў кудысьці. Пакажы, якія прыгожыя ілюстрацыі!

— Аддай! — але Віктар выхапіў кнігу з яе рук і стаў гартаць старонкі. — Гэта хто, гераіня? Чаго яна тырчыць на гэтай вежы? А калі наляціць ураганны вецер? Яе садзьме, і яна разаб’ецца дашчэнту аб каменныя пліты двара!

Віктар гучна закрыў кнігу.

— Мама клікала ўсіх вячэраць, — сказаў ён. — І дзе ж мае крэйды?

***

Удалечыні штосьці загрукатала.

— Што гэта? — спытаў Чэс. — Ты чула?

— Гром? І дзіўны шум, ты чуеш? Ён набліжаецца! Я пагляджу, пачакай!

Яна падбегла да паўночнага краю пляцоўкі. Неба на поўначы палала, і штосьці велізарнае хутка набліжалася да вежы. Нарастаў свіст ветру. У твар паляцела лісце і пясок, стала цяжка дыхаць і трымацца. Бурштына схапілася рукамі за парапет, але парыў ветру штурхнуў прынцэсу, і яна, задыхнуўшыся халодным паветрам, паляцела з вежы ўніз.

Гэта здарылася так хутка і нечакана. А потым ураган кудысьці знік, і наступіла ранейшая зорная цішыня. Дыхалася зноў лёгка, але паварушыцца Бурштына не змагла. Над ёй навісалі зоркі, поўня свяціла ў твар.

— Хто тут? — прашаптаў ціхі голас.

— Дапамажыце! — паклікала Бурштына, і ў яе з рота пацякла кроў.

Пачуўся здзіўлены вокліч.

— Божа мой, як гэта здарылася? Вы… яшчэ жывая?

Над прынцэсай схіліўся хтосьці незнаёмы, ад яго салодка пахла карыцай і ваніллю.

— Дапамажыце мне ўстаць, — папрасіла Бурштына, захлынаючыся крывёй. — Мне цяжка дыхаць. Я звалілася з вежы….

Незнаёмы паглядзеў угару, потым на Бурштыну.

— Не палохайцеся, — сказаў ён, — але вы зваліліся вельмі няўдала. З вашых грудзей тырчыць нейкая палка. Мабыць, яна выступала з зямлі, і вы на яе зваліліся…. Яна пратыкнула вас наскрозь, як матылькоў прышпільваюць на травінку…

— І я памру?

— Баюся, што так.

— Не адыходзьце, — папрасіла яна. — Я баюся застацца адна.

— Як дзіўна, — сказаў незнаёмы. — Мы толькі пазнаёміліся, і вы ўжо паміраеце. Вам не цяжка размаўляць?

— Не, мне наогул не баліць.

— Усё адно маўчыце, падоўжыце сабе жыццё хоць на пару хвілін. Я пабуду з вамі. А раніцай паспрабую выканаць тое, для чаго сюды прыехаў. Ведаеце, я хаваўся сярод мяшкоў з рэзкімі затаўкамі. Так цяжка трапіць у замак. Тры разы я пасылаў вашаму каралю афіцыйныя лісты, прасіў дазволу прыехаць, і мне тройчы адмаўлялі. Але я ўсё адно ажанюся з вашай прынцэсай. Кажуць, яна ці то вядзьмарка, ці то чараўніца. І з залатымі валасамі. Яе ніхто не бачыў, але ўсе ў адзін голас паўтараюць: яна — самая прыгожая дзяўчына ў свеце. Я выкраду яе і адвязу ў свой палац.

— Калі яна пагодзіцца, — дадала Бурштына.

— Вядома, пагодзіцца. Маё каралеўства самае багатае. Пасля вашага. Я прапаную прынцэсе далікатэсныя пачастункі, шаўкі з аксамітамі, жамчужныя каралі і каштоўныя камяні.

Поўня схавалася. Неба паступова святлела. Выпала раса, пацягнуў свежы ветрык. Бурштына прачнулася, калі ўзышло сонца. Чалавек, з якім яна размаўляла ўначы, спаў побач.

— Паслухайце, — сказала Бурштына, — прачніцеся!

Ён паварушыўся, прысеў і схіліўся над ёй. Чорныя валасы і ярка-блакітныя вочы. «Ён зусім не падобны на Чэса», — падумала Бурштына.

— Вы не памерлі? Чаму вы не памерлі? — здзіўлена спытаў ён. Прасунуў адну руку Бурштыне пад плечы, другую пад калені, і асцярожна зняў яе з палкі, на якую яна была прышпіленая. Бурштына ўбачыла, дзе яна ляжала: сярод кветніка з павойнымі ружамі, на адной з падпорак.

— Гэта немагчыма, — сказаў незнаёмец. — Вы не маглі выжыць з такой ранай. Вы што, ведзьма? Як вы гэта робіце?