Выбрать главу

Ён далікатна паставіў дзяўчыну на зямлю. Бурштына зірнула на яго.

— Я зразумеў, — сказаў ён. — Вы і ёсць прынцэса Бурштына. Пра залатыя валасы людзі хлусяць, а вось пра вашы вядзьмарскія здольнасці — не. Мяне клічуць Бенжы. Я прынц. Вы станеце маёй жонкай?

Грукнулі дзверы замка. Басанож па роснай траве, у расхінутым халаце і начным каўпаку, бег кароль. За ім спяшаліся садоўнік, лекар і сабакар, а з адкрытых дзвярэй выглядвалі Чэс і Альма.

— Бурштына! — кароль схапіў яе за плечы. — Што гэта? Кроў? Як ты спусцілася з вежы? І хто гэта?

— Наследны прынц Бенджамін, — сказаў Бенжы. — Я пісаў вам, ваша вялікасць, а вы мне не адказалі.

— Маўчанне — самы красамоўны адказ, — сказаў кароль. — З’явіўся без запрашэння, бач які! На што ты разлічваў?

— Я прыехаў прасіць руку вашай дачкі.

— Спадзяешся захапіць маё каралеўства? Правіць пасля маёй смерці? Дык ведай: я ніколі не памру, і дачка мая ніколі не выйдзе замуж і не пакіне замак.

Бенжы ўсміхнуўся.

— Смейся, пакуль жывы, — кароль павёў Бурштыну ў замак. — Правядзіце дарагога госця ў лепшыя пакоі і прасачыце, каб ён ні ў чым не меў патрэбы!

***

Бурштына пасля гарачай ванны сядзела ў ложку і ўспамінала начное здарэнне. Чаму яна не памерла? Чаму кароль сказаў, што ён ніколі не памрэ? Чаму яе лічаць ведзьмай? Ці праўда існуе чароўная кніга? Шмат пытанняў было ў галаве прынцэсы і не было ніводнага адказу.

У яе пакой увайшоў кароль. Сеў на пасцель, пагладзіў Бурштыну па валасах.

— Ты вельмі спалохалася, калі звалілася з вежы?

— Не.

— Паслухай. Тое, што з табой адбылося, — гэта цуд. Ты нікому не павінна распавядаць.

— І Чэсу?

— І яму. Асабліва яму.

— Добра.

— А скажы, золатка, што сталася з тваімі залатымі валасамі? Яны не маглі самі памяняць колер. Што ты зрабіла? Табе хтосьці дапамог?

— Не. Я не ведаю.

— Сапраўды? — кароль устаў. — Што ж. Я табе веру. Забудзь усё гэта, як дрэнны сон. Ведай адно: ты — самае каштоўнае, што ў мяне ёсць. Без цябе я не пражыву і двух дзён. Ты мой бясцэнны скарб, а я — твой бацька. Ты павінна любіць, паважаць мяне. І верыць мне.

— Я веру, — сказала Бурштына. — Можна мне выйсці ў сад?

— Я думаў, ты паспіш. Ну добра, ідзі. І памятай, аб чым мы дамовіліся.

Кароль пацалаваў яе і выйшаў. Бурштына апранулася, запляла косы і выйшла з пакоя. У замкавым двары ёй сустрэўся Чэс.

— Ты здаровая? — спытаў ён. — Кажуць, ты цудам засталася жывая.

— Так, — і Бурштына ўсё яму распавяла. Чэс слухаў, не дзівячыся.

— Усё сыходзіцца, — сказаў ён. — А ведаеш, што зрабілі з тваім прынцам? Пасадзілі ў падзямелле на ланцуг і далі атруту — падмяшалі ў ваду і поліўку. Ён усё з’еў і ўсё выпіў. І не памёр.

— Чаму? — не зразумела Бурштына.

— Не ведаю. Не атрымліваецца сёння ні ў кога памерці. І вось яшчэ што. Кароль зусім не засмуціўся, што твае валасы больш не залатыя. Ён пазбавіўся галоўнай крыніцы прыбытку, але зусім не знерваваўся. Значыць, гэта было не галоўнае. Ёсць штосьці іншае, з-за чаго ты так патрэбна яму. Я разгадаю гэту загадку. Ты куды ідзеш цяпер?

— У сад.

— У сад? — Чэс прыжмурыўся. — Так. Кароль і сабакар з’ехалі ў Навакольны лес на паляванне. Кухар і мая маці на кухні. Садоўнік вартуе жывучага прынца. А дзе лекар? Як бы ён нам не перашкодзіў.

— Нам? Чэс, што ты збіраешся рабіць?

Чэс дастаў звязак ключоў.

— Калі кароль адбывае на паляванне, ён пакідае мне гэтыя ключы. Не ведаю чаму, але ён мне давярае. Тут ключы ад кладовак, падзямелля, вежы, скарбніцы, віннага склепа. Увогуле, усе ключы ад усіх дзвярэй у замку. Акрамя гэтага маленькага срэбнага ключыка. Я не знайшоў нічога, што можна ім адкрыць. Значыць, гэта і ёсць ключ ад тайніка, у якім захоўваецца чароўная кніга.

— А дзе гэты тайнік?

— Каб я ведаў! Я ўсё абшукаў. Ён дзесьці на вачах ва ўсіх. Ты дапаможаш мне?

— Так. Мне таксама трэба прачытаць чароўную кнігу.

Яны абышлі ўвесь замак. Даследавалі капліцу, зброевы і паляўнічы пакоі, катавальню, бальную залу і спальні, аблазілі гарышчы і адкрытыя вежавыя пляцоўкі, калідоры, галерэі і сходы. Зазірнулі да лекара — ён змешваў зелле і нават не пачуў, як рыпнулі дзверы.

— Можа, кніга далёка ад замка? Ці яе наогул знішчылі? — спытала Бурштына.

— Не. Кніга павінна захоўвацца ў самым сэрцы каралеўскага замка. І яе немагчыма знішчыць, як любое чараўніцтва.

— А ў бібліятэцы ты шукаў?

— Ты што! Хто ж стане хаваць кнігу — сярод іншых кніг? Тым больш, што ў бібліятэку пасля абвалу столі ніхто даўно не ходзіць.

Ён сказаў гэта, памаўчаў і нахмурыўся.

— Як жа я сам не здагадаўся!