Выбрать главу

Ледзь адчыніўшы перакошаныя цяжкія дзверы, яны ўвайшлі ў велізарную залу, ад падлогі да столі забітую шэрагамі кніг. Грувасткія фаліянты, пажоўклыя лісты, скруткі, пергаменты, гравюры, карты далёкіх краін, старадаўнія дакументы з гербавымі пячаткамі, даверчыя граматы і спісы запрошаных на баль — усё ўперамешку ляжала і стаяла на паліцах, на падлозе, у старых трух­лявых скрынях, сточаных жукамі. Перакошаныя бэлькі і перакрыцці, кавалкі тынку і столевых фрэсак, пыл і павуцінне, пах старой паперы. І мільёны кніг.

— Дзе яе тут шукаць? — Чэс развёў рукамі.

Скрозь шэрае, бруднае шкло вялікіх бібліятэчных вокнаў было відаць чырвонае вечаровае неба.

— Сонца заходзіць, — сказала Бурштына. — Хутка вернецца кароль.

— Эх, быў бы ў мяне загавораны кавалачак бурштыну, — сказаў Чэс.

— Навошта?

— Хіба ты не ведаеш? Бурштын дапамагае знайсці згубленую рэч. Калі далёка да яе, ён цьмянее, а блізка — ярка загараецца.

— Але ж мы не гублялі гэтую кнігу.

— Затое жадаем яе знайсці! Ды якая розніца, усё адно ў нас няма бурштыну.

— Ёсць, — Бурштына зняла з шыі залаты ланцужок. — Гэта падарунак маёй маці. Я нашу яго з нараджэння.

Кавалачак бурштыну быў зусім цьмяны, цёмна-жоўты з чорнымі плямінкамі.

— Глядзі, ён пачынае свяціцца! — сказаў Чэс, калі яны з Бурштынай зайшлі ў самы цёмны і пыльны кут бібліятэкі. — Ён разгараецца ўсё ярчэй! Мы падыходзім да яе!

Пад грудай пагрызеных мышамі папер ляжала кніга — у вокладцы з цёмна-чырвонай скуры, са срэбнымі ражкамі і пасярэбраным замочкам.

— Дык гэта ключ ад кнігі! — сказаў Чэс. — Кніга замыкаецца, як скрынка!

Ён дастаў ключ, але марудзіў адкрываць. Нібы баяўся.

— Чаго ты? — спытала Бурштына.

Ён узяў яе за руку.

— Пакуль мы не прачыталі праўду пра сябе, Бурштына, я хачу сказаць. — ён замоўк.

— Што?

— Мне заўсёды хацелася наблізіцца да цябе так, каб адчуць водар тваіх валасоў. Можна?

— Потым. Спачатку прачытаем кнігу.

— Потым мы будзем ужо зусім іншыя.

— Чытай!

***

Аднойчы на паляванні кароль атруціўся зялёнай вадой з лясной студні. Усе вядомыя сродкі не дапамаглі, атрута пратачылася ў кроў і разлілася па ўсім целе. Кароль паміраў у страшных пакутах, і тут выбліскам чорнага агню з’явіўся ў яго пакоі Чорны Вандроўца, пракляты чараўнік, які не можа затрымацца ні ў адным месцы даўжэй, чым на суткі. Праклён гоніць яго з хаты ў хату, з краіны ў краіну, і нідзе ён не можа знайсці прытулак.

— Паміраеш? — спытаў Вандроўца караля. — Я ведаю адзін дзейсны сродак ад смяротнага яду.

— Адкуль ты ведаеш, што я паміраю?

— Мне адкрыта мінулае, сапраўднае і будучыня. Што дасі за выратаванне свайго жыцця?

— Усё, што папросіш! Клянуся!

— Калі ашукаеш, я забяру яе, — сказаў Вандроўца, і ў пакоі, азораная ззяннем, з’явілася прыгожая дзяўчына. Яе залацістыя валасы былі распушчаны, зялёныя вочы глядзелі і нібы не бачылі.

— Нейкая яна сонная, — сказаў кароль.

— Зачараваная ж, вядома, — адказаў чараўнік. — Што ж ты хочаш, я выкраў яе з роднага дому, супраць яе волі.

— Я штосьці не зразумеў. Гэта яна мяне выратуе ад смерці?

— Так. Гэтая дзяўчына бессмяротная. І яна робіць бессмяротным першага, хто ўбачыць яе пасля ўсходу сонца. Праўда, гэта бяссмерце доўжыцца толькі суткі, да наступнага світання.

— Каб не памерці, я павінен глядзець на яе штораніцы? Выдатна. Я з ёю ажанюся.

— Усё не так проста. Калі яна народзіць дзіця, яе дар знікне — з нараджэннем сына — ці пяройдзе да дачкі.

— Значыць, я не дакрануся да яе, буду толькі глядзець, — кароль зірнуў у акно. — Хутка світанне. Дык што ты просіш за гэтую дзяўчыну?

— Тое, што падорыць табе на вяселле ведзьма Навакольнага лесу.

— Дамовіліся.

На вяселлі ўсе дзіваваліся невымоўнай прыгажосці каралевы. Нявеста сядзела без усмешкі, строга і холадна гледзячы наперад.

Падарункі прыбывалі адусюль. Мэбля з чырвонага дрэва, раскошныя дываны, тыгравыя шкуры і саболевыя футры, шытае срэбрам адзенне, куфры з жэмчугам і галінкі каралаў, залатыя зярнёныя келіхі, выразаныя з самацветаў статуэткі, ружовае масла і слановая косць, далікатны парцалян і адрэзы аксаміту, шоўку, парчы.

А ведзьма з Навакольнага лесу падарыла старую гліняную скрыначку, у якой ляжалі тры пярсцёнкі: шкляны, алавяны і драўляны. Чараўнічы падарунак, але ў чым чараўніцтва, ведзьма не сказала.

— Дару не вам, а яшчэ не народжанай прынцэсе. Калі прыйдзе час, я сама адкрыю ёй сакрэт гэтых пярсцёнкаў.

З гэтымі словамі ведзьма знікла. Жыла яна недалёка, у лесе каля замка, але дарогі туды не вялі. Да ведзьмы маглі патрапіць толькі тыя, каго яна хацела бачыць. Астатнія блукалі сярод балот, асіных гнёздаў, непраходных зараснікаў ажыны і глыбокіх раўчукоў з ледзяной вадой.