Выбрать главу
Чаго шэрыя Совы ўзгукалісь? Чаго чорныя Крукі грагаюць?
Чаго гадзіны Падкалодныя Шыпяць, сыкаюць На сьвятое ўсё?
Ці та сонейка Загасілася, Ці та ўскрылася Апраметная?
Душы сільныя Абясьсілелі, Сэрцы добрыя Азьвярэліся;
Песьні вольныя Апанурылісь I магільнымі Звоняць жальбамі.
А за песьнямі Звон кайданавы, Стогн закованых Разьлягаецца…
Эх, і страшна ж ты, Зямля родная; Эх, і страшна ж ты, Жыцьцё людскае!..

Разьвейся, туман…

Разьвейся, туман, расплывіцеся, хмары,       Над хатай пахілай маей! Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары       Ня мучаць душы і грудзей…
Штось клікала рвацца і вышай, і далей,       На лепшае звала жыцьцё. Вы, злыя туманы, вы, хмары, бяз жалю,       Закрылі, забралі мне ўсё…
Стаю і гляджу я на хату крывую,       На ніву пустую сваю — I сьлёз не стрымаю, і ціха бядую,       I нудную песьню пяю;
I к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю,       Ці моц скуль якая ня йдзе? I цёмна, і нема ад краю да краю,       Ні сьвету, ні сьледу нідзе…
Ні сьвету, ні сьледу… марнуюцца сілы,       Дух праўды і волі прыгас, Нядоля і гора, навокал — магілы —       Вось роднага шчасьця абраз…

Сэрца спытай…

Прыгледзься днём яснаму сонцу I месяцу ночнай парой; Ў шум цёмнай услухайся пушчы І ў шумы паводкі вясной;
Кінь вокам на мур пабяляны, На стрэхі з саломы зірні; Зайдзі на магілкі з крыжамі I насып забыты крані;
Пакратай мінуўшчыны попел, Што ў казках ня кінула жыць; Сягоньняшні дзень паймі добра, Што ўсьлед нашай долі бяжыць…
I ўсюды — ад краю да краю, Дзе зьвернецца думка твая, — Аб роднай старонцы пытайся Ты неба, зямлі і жыцьця.
А сэрца — калі ня зьвёў сэрца — Адкажа за ўсіх неўнарай: У нас ёсьць паны і іх слугі, А людзі… што ж?.. Сэрца спытай…

*** Бледные будніе дні…

Бледныя буднія дні Сумна па роднай зямлі          Мутнай плывуць паласой; Часам калі-нікалі Дзе-нідзе бліснуць агні,          Глянуць крывавай расой.
Песьні раздольля маўчаць, Песьні, што рабскія сны          З душ паднявольных зьмялі б, Толькі заводзяць званы, Толькі асіны скрыпяць          Над уміраньнем сяліб.
Скрогат нясецца з асін… Рабству паклоны біў дзед,          Гнуўся пад палкамі ў крук; Бацька — за дзедам; усьлед З бацькам пляцецца і сын;          Ты ж кудой пойдзеш, унук?..

«Забраны край»

Я ведаю, знаю старонку такую,       Спавітую ў вечны туман, Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,       Ляжыць на кургане курган. Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна, —       Ня поймеш, адкуль узялісь; Людзей запытаеш, — адкажуць спакойна:       «Забраны край» гэты калісь.
Сыны зямлі роднай чужыя палеткі       Ў чужую карысьць засяюць, На родных папарах галодныя дзеткі       Чужую жывёлу пасуць… Кладуцца заломы… Дабро зьмей валоча…       Цянюе ля хат ваўкалак… Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,       «Забраны край» тузаюць так.
Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;       На стражы пастаўлен сынок; У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах       Чужак зьневажае дачок. Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,       За «мамак» к наездцам ідуць, А тыя за іх малако, за апеку       «Забраны край» болей гнятуць.
Мальбішчам чужым б’е пакора паклоны;       Упадку вялічыцца сьцяг; З балотам зьмяшаны старыя законы,       Наладжан нявольнічы шлях. Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы       Народным дабром, як сваім… Заплача ў пагоду канюх па расінцы, —       «Забраны край» жаліцца зь ім.