Выбрать главу
Гэй жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!.. Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з вакон. Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам… Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..
Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!.. Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?.. Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца… Гэй, ты, другі, там! рві сэрцам струну!..

Брату

Мой ты ўбогі, мой ты цёмны,       Родны мой, Ты пытаеш, хто такія       Мы з табой?
Ці мы людзі, ці скаціна, —       Запытай Гэту коску, гэту сошку,       Гэты гай;
Гэта поле, на якім ты       Млееш, млеў; Гэту згніўшую хацінку,       Гэты хлеў.
Запытайся сваёй долі,       Сваіх пут, Ці мы людзі, ці скаціна,       Хто мы тут?

Як спытаюцца нас…

Прыйдуць людзі з Усходу, Прыйдуць з Захаду людзі       I спытаюцца нас: «Скуль, якога вы роду? Дзе зямля ваша будзе,       Дзе айчызна у вас?»
Мы ля плота, пад плотам Паглядзім, пашукаем,       Які даць тут адказ, I адкажам: «Э, што там… Мусіць, бабскім звычаем       Зьбегла ўпрочкі на час».

Дзе вы?

Дзе вы, хлопцы непакорныя, Дзе вы зь песьняй удалою, Як на поле на прасторнае Вы хадзілі грамадою?
Ці пайшлі вы у далёкую У старонку у чужую; Ці ляглі вы, адзінокія, У магілку у сырую?
Дзе вы, песьні, дзе, свабодныя? Дзе ваш водгалас магучы, Як вы звалі, сыны родныя, Да той працы да кіпучай?
Ці замёрлі вы нячутымі Серад лесу, серад поля; Ці і вас скавалі путамі, Ці і вас змагла няволя?
Гэй, нявідна друга сільнага, — Сьпіць. Хто ж сон яго ўстрывожа? Гэй, ад енку ад магільнага Песьня вырвацца ня можа!..

Вялікдзень

Два сьвяты на сьвеце — ад нівы да нівы:       Хрыстос уваскрос! Наступае вясна! Глянь сьмела, глянь вольна, шчасьліў, нешчасьлівы.       I далей к жыцьцю з паніжэньня і сна!
Гэй, гэй, на спатканьне вялікіх двух сьвятаў       Сьпяшыце супольна, хто ў путах ня згніў! Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты       У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.       Забыў не адзін з нас нядаўныя дні, А ўспомні-прыпомні, шчасьліў, нешчасьлівы,       Аб тых, што ў сьвітаньні навек адышлі, —
Усе костачкі тыя на гонях папарных, —       Жывых, што ў бяспуцьці акуцьце зьвіняць… Прыпомні, дай слова ня шчэзнуці марна,       Пачатую справу шырыць, расшыраць!
*
Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы       Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын. Зірні ж, азірніся, шчасьліў, нешчасьлівы.       I заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,       Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз… Наперад па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне       Вясна ўжо на сьвеце, — Хрыстос уваскрос!

Хрыстос васкрос

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць, Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей; Вялікі мучальнік, здаецца, Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. Неугамонна Плыве па нівах, пушчах клік, Плыве адна сьвятая думка З канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! — пяе сялянін З сваей убогаю раднёй, Забыўшы песьні аб прадвесьні, Забыўшы ўсё усёй душой.
Хрыстос васкрос! — пяе сіротка, Слуга, таптаная людзьмі; Пяе ў чужыне падарожны, Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя, Хрыста згубіўшыя сыны, Што ўціхамоўку куюць путы Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа, I я ў дзень гэты просьбу шлю: Хай Беларусь, мая старонка, Ўваскрэсьне к вольнаму жыцьцю!