Выбрать главу

Навагодніе жаданьня

Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ       Да жычэньня сабе штосьці мае; Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,       Беларусаў сямейка худая.
Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,       Аж сабраўся так доўг немаленькі. Хай жа Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў       Зьверне ўсё нам, як ёсьць, да капейкі!
Хай ня будзе круцель, дасьць нам просьценькі цэль       К лепшай долі, і волі, і славе; Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель, —       Хай Год Новы ўсё гэта паправе!
Сваркі, звадкі ня раз былі згубай для нас,       Разлучалі са шчасьцем, з свабодай… Хай жа з Новым Гадком новы бліжыцца час,       Брацтва, роўнасьць, супольнасьць і згода!
Во жычэньні усе, Новы Год, да цябе;       Іх ня вельмі і многа, здаецца. Так і песьня пяе, так, людцы вы мае,       Знаю, ў думках усім вам снуецца!

Мая малітва

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы Малюся я гэтаму сонцу на небе          І зоркам, што ночкай мігцяцца.
Малюся свабоднаму ветру — віхуры, Што лётае птушкай ад краю да краю, І пасьвіць у высях панурыя буры,          І ў комінах песьні іграе.
Малюся агню я, што сее пажары, Як стане пара, па нязьмераным сьвеце, Наводзячы жудасьць вялікаю карай,          Пужаючы старцаў і дзеці.
Малюся жывучай вадзіцы — разводдзю, Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай уночы, Што, нівы палошчачы, йдзе, не праходзе,          І хаты, і чоўны друзгоча.
Малюся я небу, зямлі і прастору, Магутнаму Богу — Усясьвету малюся, Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору          За родны загон Беларусі.

Пад крыжам

З балеснаю ў сэрцы пакорай Пад крыжам збуцьвеўшым стаю I ўвокал — ад гораў да гораў — Зямлю аглядаю сваю.
Навокала сьцелецца столькі Багацьця, красы і сьвятла! Хоць болькі, старыя ўсё болькі, Адна за адною лягла.
Плакучыя стогнуць бярозы, Скідагочы лісьць залаты; Хістаюцца дзікія лозы, Глухія, сухія кусты.
Звод нейкі гамоніць, шапоча: — Калодаю, дружа, ты будзь! Душа толькі верыць ня хоча, Ня хоча паняць і заснуць.
Упаўшыя грудзі калыша Жальбой непрыхільнаю сум, I тысячы ў памяці піша Гаротных, нявыжытых дум.
Бязьсільна народ свой пытаю, Абняўшы пахілены крыж: За што ты ад краю да краю Магілай жывою ляжыш?
Ці коні твае патрупелі, Цягаючы ў поце плугі? Ці косы твае прытупелі З крывавай на лузе смугі?..
Пытаю жывых назаліста, Чакаю, адказ ці бяжыць… Маўчыць, як дамоўка, ўсё чыста… Пракляцьце — і тое маўчыць.

Суды

На суды павялі яе зьвязанай, Сэрца вырваўшы зь белых грудзей, I судзіці давай — як там сказана Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі судзьдзёй ночку цёмную, Ночку-мачыху сумнай зямлі, Сьведкай крыўда была векапомная, Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю, Не спытаўшыся грэху, віны. Гэй, хаўтурную песьню пабедную Над ёй сьпелі праметнай сыны…
З плеч зрывалі уборы злацістыя Разрывалі карону-вянок, Разьбівалі пасад ёй нячыстыя Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя, Надзявалі жабрачы убор, У намітку ўбіралі цярновую Яе коску, сатканую з зор.
Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя, З-пад хмурліва навісшых павек, Дый пусьцілі яе супакойную, На бадзяньне пусьцілі, на зьдзек.
Зь лета ў лета ідзе, кроўю зьлітая, На сустрэчу крыжам і капцам, Чуць жывая жыве, пазабытая, Ў сьне зьяўляючысь родным сынам.