Выбрать главу
К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца Па бел-сьвету калі-нікалі; Толькі дух-яснасьвет пацяшаецца, Што ўсё ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю Адпраўляць вечнабыту імшу… Не здалеюць суды цемнатворныя Ёй спаганіць і вырваць душу.

З кутка жаданьняў

З цэлым народам гутарку весьці, Сэрца мільёнаў падслухаць біцьця — Гэткай шукаю цэлы век чэсьці, Гэта адно мне падпорай жыцьця.
Песьню стварыці ясну, як неба, Ў кожнай зь ёй хаце быць мілым гасьцём — Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба, Гэткім я толькі жыву пачуцьцём.
Што не загубяць крыўды жывую Душу народа, што ўстане са сну, — Гэткай надзеяй толькі жыву я, Гэткую толькі чакаю вясну.
К яснаму сонцу зь цьмы, зь беспрасьвецьця, К славе зь бясслаўя ўсім нашым людзям — Гэткай шукаю сьцежкі на сьвеце, Гэткаму Богу і душу аддам.
За лепшу долю роднага краю, За сваіх брацьцяў ў сьвятой барацьбе — Гэтакай толькі сьмерці жадаю, Памяткі гэткай чакаю сабе.

Для зямлі прадзедаў маіх…

Я табе, зямля мая прадзедаў маіх, Не патраплю нічога жалець на сьвеце, На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці I ўзьнясьці пасад на магілішчах тваіх.
Я цябе душой рад бы сваёй сагрэці I карону сплесьці з сонца, зор залатых, — На цябе карону ўзлажыць, каб хоць на міг Заясьнела ты ў цяжка дабытым цьвеце.
За цябе загінуць гатоў я ў барацьбе З крыўдай той, што цярпіш ад людзей і Бога, Ад чужынца і ад сына свайго сьляпога…
Буду ў вечнай мучыцца жальбе і кляцьбе… I за гэта толькі прашу, малю цябе: Не гані ты мяне ад свайго парога.

На вялікім сьвеце…

На вялікім сьвеце б'е жыцьцё крыніцай, Барацьба за волю і за долю рдзее, Маюць панаваньне вера і надзея, Асьвяціць народы лепшы быт маніцца.
На вялікім сьвеце неба сьлёз ня сее, Ёрмаў не майструе крыўда-чараўніца, Не галубіць думак цемра-асьляпніца I ня водзіць душаў пагібеньня кнеяй.
На вялікім сьвеце б'юць званы на славу, Людзі з плеч скідаюць ланцуговы скруты, К сонцу йдуць браточна з рабскае пакуты.
На вялікім сьвеце ўсё ідзе па праву, Па Законе Божым, зь яснатой яскравай… А у нас, у нас што?.. Толькі звоняць путы…

Я люблю

Я люблю ўсходы нашых палеткаў, І спавітыя ў зелень лугі, І шум бору пануры, глухі, І шаптаньне крынічнае ўлетку…
Я люблю упрыгожану ў мхі Нашу вёску — сваёй крыўды сьведку, Свой народ — гэту зьвяўшую кветку, Цэлы край — родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі І стан гібкі дзяўчыны-красы: Аб ёй брэджу на яве і ў сьне.
Я люблю і заву, бы ў нялюдзьдзі, — Чуюць кліч мой сухія лясы, Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?

II. Па межах родных…

Па межах родных…

Па межах родных і разорах,       Пад небам зводна-неспагадным,       Спакоем воджаны век здрадным, Сную, і нейкі са мной шорах.
Са мной, за мною ўсьлед сум-вораг       З глухім нашэптам, непрынадным:       Як ты ні хочаш быць праглядным, — Сягоньня ўсё тут — як і ўчора ж!
      Усё жыве тым самым Богам, —       Таксама шумнае прадвесьне Усёй ня зводзе з гоняў плесьні…
      Араты ўсход нясе адлогам:       Курган чапаючы нарогам, Ня ўспомніць прадзедавай песьні.

Мой край

Ляжаць твае гоні-загоны Стомільна на сьвеце на белым I жаляцца руняй зялёнай, I коласам жаляцца сьпелым.
Лес-ноч гаманіста, шумліва Зь мінуўшчыны казкі складае I шле іх далека па нівах, Плакуча, ад краю да краю…