Выбрать главу
Шлю вам песьняй, братнім словам       Здароўканьне, людзі: Не гасіце веры, што вам       Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі,       Вы народ магучы: Ваша панства — вашы вёскі,       Пан ваш — труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,       Не ў княжацкай мітры, А на роднай ніве, ў працы       Карыснай, няхітрай.
Вашы скарбы не ў ядвабнай       Магнацкай саеце, А Ў сярмязе непавабнай,       Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць а біты —       Пясок на іх значан, Але хлеб, імі здабыты,       Для ўсіх бел і смачан.
Слава вашай гэткай сілы       Вочы ўрагам коле, Сьведкай — сьвежыя магілы,       Што сыпе няволя.
Сьведкай — прадзедаў шкілеты,       Курганы з кустамі, Сьведкай — песьні воклік гэты,       Сьведкай — вы зь сьлязамі.
Дык хай жа вас не асіле       Зьверства непагоды, Распусьціце сваё крыльле,       Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,       Ворагаў адстраша, Будзе долі панаваньне       На зямлі на нашай.

Паляці, мая мысьль

Паляці, мая мысьль, Лётам сокала I прагледзь гэты сьвет Кругом-вокала.
Лётам сьветлай зары Па-над стрэхамі — Сып надзеяй жывой I пацехамі.
Пей аб волі людзям Думкі цудныя, Уміляй іх жыцьця Сьцежкі трудныя.
Залатыя сны ім Няхай рояцца; Няхай жаль на душы Супакоіцца.
Гоняць хай ад сябе Цьмы нядольныя, І рука у руку Пойдуць вольныя.
Так, ляці, эй, ляці, Мысьль свабодная! А ты міла спаткай, Зямля родная.

Рвіся, думка!

Покі старасьць неўдалая Костак з ног ня вале, Рвіся, думка маладая, Туды, вышай, далей!
К таей праўдзе ненапраснай, К шчасьцю і свабодзе; Рвіся, покі будзе ясна, Покі будзе годзе!
Гарапашна, непрасьветна I ў душы, і ў хаце, Стане горай непрыветна, Калі будзем спаці.
Дык жывуча, скокам-бокам, Покі сэрца точыш, Рвіся, думка, ненарокам, — Знойдзеш, чаго хочаш!
Рвіся! рвіся! дый старайся Нуду адалеці, Заглушыцца не давайся Ні за што на сьвеце.

За свабоду сваю…

За свабоду сваю Ўсёй душой пастаю;       У агонь, у ваду       Я за ёю пайду.
Лепей сам сябе дам Пахаваці людзям,       Як свабоду хаваць,       Злыбядзе аддаваць.
Ў сэрцы, ў думках сваіх З самых лет маладых       Я яе ўзгадаваў       І сваёю назваў…
Гэй, ты, гэй, вецер, пей А свабодзе маей!       Гэй, ты, гэй, бор, шумі,       А свабодзе грымі!
Гэй, ты, сонца, гары Ад зары да зары,       Ланцугі распалі.       Па ўсёй чыста зямлі!..

На жалейцэ

I

З шумам бораў, ясакораў,       Ой, гаю, ой, гаю, На жалейцы-дабрадзейцы       Думку дум зайграю. Ой, зайграю, запытаю,       За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне       Сэрца маладое? Ці у маці я дзіцяцей       Ня быў, не хаваўся? Ці замала уздыхала,       Як зь ёю прашчаўся? Ці ніколі ня меў долі       У чужой хаціне, Ці я ў полі ня меў волі       Пры чужой скаціне? Ці мо’ сілы, Божа мілы,       Калі не хапала, Як з сахою ці з касою       Ваюю, бывала?.. Ці ж то гэта, там, празь леты,       Як умру з надзеяй, Мае косьці ў дзікай злосьці       Вецер не разьвее? Не разьвее, не расьсее,       Каб і сьлед ня ўзьняўся, То гаротны і маркотны       Па сьвеце бадзяўся? Эх, жалейка-дабрадзейка,       За што, за якое Плачуць песьні, як ня трэсьне       Сэрца маладое?