Рэчка
Між гор — далінаю — за вёску,
Не аглядаючыся ўзвыш,
Суважна, попрасту, па-свойску
Бяжыш ты, рэчка, і бяжыш.
Падгоніш каменьчык жвіровы,
Травінку водную трасеш,
Чапаеш кораньчык альховы,
Па верху кветачку нясеш.
I лёд зімой табе ня шкодзе —
Ўсё коцішся; а цёплым днём
На бераг выглянеш разводзьдзем,
Дый посьле — зноў сваім сьлядком.
Нясецца весела вадзіца,
Мая зь ёй думка сьлед у сьлед, —
То рвецца ўдаль, то зноў баіцца.
I міл, і страшан думцы сьвет.
А рэчка як бы мне гавора:
«Аб долі хочаш знаць маей?
Я — капля ў моры; толькі ж мора
Маё ад дум тваіх сьвятлей!..»
Сельскіе могілкі
Люблю я могілкі з каплічкай,
Прысельле насыпаў і пліт,
Дзе крыж і страшыць, і галубіць,
Сьлязой дзе кожан дол абмыт.
Сваё дзе Радаўніца сьвята
Сьпяшыць у год абходзіць раз, —
Сялян склікаючы сямейку,
Спраўляе зь сьветам тым папас.
Жывыя душ успамінаюць
Сваёй успанае радні,
Над імі жаляцца галінкі,
Нясуць былыя думцы дні…
Агул жыцьця ўсяго абыймеш,
Друзы пагод і непагод,
Зямлю і неба ў рукі возьмеш, —
У гэты край зьляціць паглёд.
I як жа міл дзірванчык цішы,
Спакою дзіўнага узгор,
Дзе не чапіў сялянства пушчы
Навейшай мудрасьці тапор!..
Явар і Каліна
Песьняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.
Лісьцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песьцяцца сонцам паўднёвым.
Захадам модлы пакорныя
З маткай-зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.
Слухаюць сьмехаў русалчыных,
Лопату крыльляў начніцы,
Ветру павеваў ап'янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.
Чуецца музыка дзіўная
Ў повесьцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.
Явар
За пакутнай за гарою
Ўзьнёсься явар адзінокі
I ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі.
Колькі, бедны, крыўды мае?
Колькі жалю ў гальным шуме:
Хто падгледзе, ўсё згадае,
Ўсё прачуе ў соннай думе?
Смуцен явар. Змагаць-біцца
Сіл замала зь непагодай —
Па лісточку, па галінцы
Ўсё губляе з кожным годам.
Гэй, і явар жыў надзіва,
Паглядаў у сьвет з адвагай,
Быў ён князем гэтых ніваў,
На ўсім сьвеце меў павагу.
Ад узгорка да узгорка —
Ці там сонейка, ці вейка,
Ці то соладка, ці горка —
Помніць явара жалейка.
I ў дзень будні, і ў нядзелю
Ён зь людзямі са сваімі.
Колькі песень аб ім сьпелі?
Колькі ў песьнях яго імя?
Зьбеглі леты за лятамі.
Як ня нашы, нашы песьні;
I мы самі, як ня самі.
А наш явар? Аж балесьне…
За пакутнай за гарою
Плача хмурны, адзінокі
I ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі…
Дуб
Распусьціўшы сучча
У глухім прывольлі,
Сам адзін расьце ён
На далёкім полі.
Як цар, у кароне,
Аб нічым ня дбае,
Ці то стогне бура,
Ці віхор гуляе.
На адным ён мейсцы
Днюе і начуе;
Многа казак знае,
Многа песень чуе.
Дождж падмыў карэньне;
Ў ім дупло — як хата…
Ён стаіць і дрэмле —
Грозны, расахаты.
Вярба
Стаіць вярба сухая
У полі на мяжы,
Кару з галін сьпіхае,
Галіны — як крыжы.
Ці непагадзь іх мые,
Ці сьпеката пячэ, —
Ўгару глядзяць нямыя,
Штогод нямей яшчэ.