Шчабетлівая птушка
Папеці не ляціць,
I мятлічак, і мушка
Гняздо баяцца віць.
Адно птах несьвянцоны
Спраўляе свой папас…
Падбітыя вароны
Ды груганы падчас…
А ўсесьвяточнай ночай,
Як ляжа цемната,
Ў сухой вярбе ляскоча
Асеньняя слата.
Галодны вецер сьвішча,
Шалее ў злыбядзе,
Цямняцкае ігрышча
З сухотніцай вядзе.
Праклённы хохат-рогат,
Выклічыны жуды,
I жальны ціхі ёкат
Там чуецца тады.
Ў такі час кажуць людзі
Аб той вярбе сухой:
Хай Бог судзьдзёю будзе
Над грэшнаю душой.
Груша
Калышацца сталетняя,
Шуміць на ўсе староны,
На ёй галінаў тысячы,
Лісткоў на ёй мільены.
Шпакі на ёй чырыкаюць,
I белкі часам скачуць,
I сонца дарыць сьпекамі,
I хмары дажджом плачудь.
Яна, загартаваная
Сталетняю парою,
Шуміць, заходзе ў гутарку
То зь небам, то зь зямлёю.
Дый дзіўнай мовы грушынай
Людзям не зразумеці,
Хоць мо' аб чым і радасным
Захоча ім шумеці.
Хоць будзе мо' расказываць
Аб долі, аб багацьці,
З даўнейшага, прайшоўшага
Пыл забыцьця зьмятаці…
О груша, о сталетняя,
Наўчы, што мне зрабіці,
Каб мову тваю дзіўную
Людзям пералажыці…
Дзьве таполі
Там, за вёскай, у полі дзьве стаялі таполі,
Як адна, дзьве таполі стаялі,
I стагналі у полі сухавейна таполі,
Як адна, дзьве таполі стагналі.
Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,
Як адна, дзьве таполі шумелі,
I аб Захадзе ў полі лісьцьмі пелі таполі,
Як адна, дзьве таполі ўсё пелі,
Што пануюць у полі над дубамі таполі,
Як адна, дзьве таполі пануюць,
Што начуюць у полі самаўладна таполі,
Як адна, дзьве таполі начуюць…
Неба помсту у полі тут пачулі таполі,
Як адна, дзьве таполі пачулі,
I навекі у полі дзьве заснулі таполі,
Як адна, дзьве таполі заснулі.
Лес
Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што зь веку ў век нам байкі бае?
Цікавым вокам і душою
Шмат пераняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асьцярожна.
Там зьвер туды-сюды шнуруе,
На гальлі птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума з кумой на рэчцы.
Зімой сапе сьцюдзёнай думай,
Улетку песьняміь уп'ешся,
А ўвосень там — ах, шумы, шумы!
Ня чуй — сьлязою абліешся!
Няхай жа сьвісьне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне…
О пушча, цёмная ня ў меру,
Чыя душа з табой ня дрогне?!
Бор
Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
Зь небам вядзе патайны разгавор.
Глуха нясуцца вольныя шумы,
Веткі касматыя гнуцца, трашчаць;
Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы,
Хочацца пушчу падслухаць, паняць.
Што ты, аб чым ты, бор неспакойны,
Гэткую гутарку ў шуме завёў;
Ці сваёй доляй ты недавольны,
Ці што ня так ты на сьвеце знайшоў?
Можа, ты ўбачыў сьлёзы нядолі?
Можа, дзяцей тваіх недруг пацяў?
Можа, пачуў ты звон путаў няволі?
Можа, няшчасных жыцьцё ты паняў?
А можа, вецер, што скрозь гуляе,
Што-небудзь новае збаяў табе?..
Эй, гавары ты, пушча глухая!
Слухаць прыйшоў я здалёку цябе.
Цёмна і хмарна, хмарна і цёмна,
Як ноч, пустынна раскінуўся бор;
Горда над нівай высіцца соннай,
Зь небам ён толькі вядзе разгавор!
Воўк
Топчучы верас і мох
Цёмных імшараў і лоз,
Выбрыў на сонны разлог,
На аплясьнелы пакос.