Зубам ляскоча аб зуб,
Вочы палаюць агнём;
Стаў, як калода, як слуп,
Стаў і азваўся выцьцём.
Выў сярод дрэмлючых ніў,
Як бы на суд каго зваў,
Хто сатварыў, спарадзіў,
Хто узрасьціў, гадаваў.
Ноч — ён на вырай, на жыр;
Дзень — у бярлогу, як смоўж…
Пустка удоўжкі і ўшыр,
Пустка ушыркі і ўдоўж…
Выў ён, а рэха ўсё ўдаль
З рогатам дзікім плыло,
Толькі ня віўся ў ім жаль…
Рэха пракляцьце нясло.
Ваўкалак
Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе
I зораў паявіцца знак,
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды ваўкалак.
У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, ўзьдзявае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт.
На веры людской і павазе,
Хаваны між яраў і лоз,
У кожны надворак залазе
I водзіць трусьлівасьць за нос.
Паношыцца ў кожнай прыгодзе,
Сьмяяцца ня дасьць над сабой;
Малітвы на губы наводзе,
Як лістам, трасе цемнатой.
Ці з ласкай яго, ці няласкай —
Рахунак вядзе забабон;
Складаецца казка за казкай,
Падданых зьярміў ён мільён.
Лет тысячы зьела няпамяць,
За богам узводзіцца бог,
Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць —
Ніхто ваўкалака ня змог.
Як толькі зямля заначуе
I зорак абойдуць рады,
Па нівах, па сёлах шнуруе,
Шнуруе туды і сюды.
Ў вечным боры…
Ў вечным боры цемнатворы
Скачуць, плачуць, весяляцца;
Жнуць, зьбіраюць дзіва-жніва
Ў сонным полі, ў горкай долі.
Ночай ходзяць, днём заводзяць,
Твораць, мораць яснагляды;
Веюць, сеюць плесьні ў песьні
На палаці ў кволай хаце.
Як начніцы-чарналіцы,
Скрыпам, шыпам маладзяцца:
Кінем, плюнем чары-мары
На паляны нечапаны;
Над курганам незабраным
Скруты-путы разасьцелем,
Сном-травою станем, глянем
На няўлады, на пасады…
З чорным богам прад парогам
Сталі ў хвале, як кароны,
I пануюць — скачуць, плачуць
Цемнатворы ў вечным боры.
Хохлік
Як зайграе ў лесе хохлік, —
Замірае песень воклік;
Як зачэпіць мох і лозы, —
Аджываюць сьмех і сьлёзы…
Ў цёмным яры скачуць чары,
Кветка чахне на папары,
Лісьць трасецца на асіне,
Вогнік блукаецца сіні.
Барадой лясун ківае,
Шалы нетрай спавівае;
Ваўкалак за дамавінай
Выпаўзае на пуціну.
Ад загону усьветы
Сухалесы, пустацьветы.
Хохлік грае, ведзьма скача,
Ноч сьмяецца, сонца плача,
Толькі песень не чуваці
На стаптанай сенажаці.
Чорны Бог
У караўніцах амшалых
З галавы да ног,
Зь дзікіх багнаў, перавалаў
Выбрыў Чорны Бог.
Вызваў пошасьці, начніцы,
Цемрай зазіяў;
Тушыць новыя мглавіцы,
Тушыць новы зьяў.
Ногці смольлю разлапушыў,
Ногці-верады,
З гікам пудлівыя душы
Гоніць дзе-куды.
Цемравіца, суталока
Зьверзлася ў адно,
Лезе звага, ненарока
Ўсё на дно, на дно.
З каршунамі, з курганамі
Занялася прыць, —
Чорны Бог заняўся пламем,
Чорны Бог гарыць.
Паланейся, развугляйся,
Зьмейны Чорны Бог, —
Ты йшчэ зь Белым не зраўняўся,
Ты яго ня змог!..
Ноч за ночкай…
Ноч за ночкай ідзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацямрае гасьцінец-дарогу.
І урок, і залом абымае крылом,
Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй зь ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
Кажана і саву заручае.