Неба штодзень пахмурнейшае,
Сонца штодзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканьне,
Нейкае ўкруг зьнемажэньне.
Вецер заводзіць у коміне,
Быццам жыцьцё сваё ганіць;
Думы старыя, халодныя
Сэрца пужаюць, як зданьні.
Так і ўцякаў бы ад гэтага
Там гэт'! За горы, за рэкі,
Каб чалавек ды мог скрыціся
Ад сваёй долі навекі.
II
Сьцелюцца цэлы дзень росы,
Вечны цень сьпіць на зямлі,
Бледныя сонцавы косы
Выглянуць рэдка калі.
Здаля даносяцца шумы,
Ў коміне шумы пяюць;
Ціснуцца буднія думы,
Сноў забыцьця не даюць.
Нейкая зводная сіла
З выглядам вечна старым
Вабіць здалёку магілай,
Крыжам міргае сваім.
III
Змоўклі лісьцястыя шэлесты,
Гальлі худыя тырчаць,
Мёртвыя дзе-нідзе верасты
Зеленяй зводнай блішчаць.
Цягнуцца дрэвы расхутаны
К небу з балотных нізін, —
Корань, у жвіры заплутаны,
Не адпускае галін.
Рогат зьвярыны пакоціцца
Дзікім жаданьнем бяз слоў, —
Пушча замрэ, закалоціцца,
К воблакам цягнецца зноў.
IV
З гальных ліп і бяроз
Лісты валяцца,
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца.
Шапацяць, шалясьцяць
Залацістыя,
Веткі ў неба глядзяць
Пусталістыя.
Дачакаўшы вясны,
Зноў ажыўляцца;
Не паўстануць лісты,
Што асыплюцца.
V
Неба поўна сівых хмараў,
Сьвет палошча дождж сьцюдзёны
Чорнай кучай на папары
Чахнуць каўкі і вароны.
Сонца ўжо ніхто ня бача,
Вецер вые, завывае;
Восень стогне, восень плача,
Думы сумам спавівае.
Ў маёй хаце у пахілай —
I няцёпла, і нявідна,
Выглядае, як магіла,
Выглядае неяк крыўдна.
I ў душы, хоць плач, як нудна,
Гэтак цёмна, як і ў хаце;
Ой, як нудна! Сказаць трудна…
Галасіў бы, слаў пракляцьці.
Галасіў бы, як галосе
Вецер гэты, восень гэта,
Каб аж рэха разьляглося,
Гэт, на цэлае паўсьвета!
Каб ляцела, не сьціхала
Па шырокаму па полю,
I ўсім чыста апявала
Маю горкую нядолю.
VI
Дзе ты схавалася, яснае сонца,
Ясныя летнія дні дзе падзеліся? —
Сьцюжа гуляе па роднай старонцы,
Зімнія песьні расьпеліся.
Стогнуць мяцеліцы грозныя ў полі,
Ціснуцца думы пра шчасьце былое,
Сэрца лядзеніцца з жалю, зь нядолі —
Беднае сэрца людское.
Беднае, беднае… Колькі мучэньня
Быт чалавечы табе пасылае!..
Ох, каб не сэрца, было бы сьлёз меней, —
Шчасьліў, хто сэрца ня мае.
VII
Ў думах нявесела,
Сэрца сьціскаецца;
Цёмная, золкая
Восень збліжаецца.
Неба пакрылася
Мглою, туманамі,
Галкі узносяцца
Па-над курганамі.
Поле шырокае
Пусткай абселася,
Дуброва шумная
Зь лісьцяў разьдзелася.
Імжыць сьцюдзёністы
Дождж над зямелькаю,
Сьвет пакрываючы
Жаласьцю нейкаю.
Людзі у курныя
Хаткі пакрыліся, —
Радасьць мінулася,
Песьні забыліся.
Бабка старэнькая,
Зможана мукамі,
Казкі даўнейшыя
Шэпча з унукамі.
Віхар у коміне
Жудка заносіцца,
То як бы жаліцца,
То ў хату просіцца.
Ў думах нявесела,
Сэрца сьціскаецца;
Цёмная, золкая
Восень збліжаецца.