Восень
Вось і па леце… Няма яснай гожасьці;
Восень запела пагудку сваю;
Нудна, жаль нейкі адцьвіўшай прыгожасьці,
Гіне ахвота к пацехам, к жыцьцю.
Вока не пасьвіцца зеленяй, коласам,
Сэрцу раздольля, прывольля няма;
Вецер заводзіць нябожчыцкім голасам,
Вые, рагоча, як ведзьма сама.
Лісьце струпеўшае з дрэў асыпаецца,
Веткі шкілетамі сталі бязь іх,
Воўчыя зрэнкі між пнёў палыскаюцца,
Птушчын і лопат, і шчэбет заціх.
Неба адзелася цёмнымі хмарамі,
Сыпе сьцюдзёнай слатою, дажджом;
Жоравы, гусі лятуць над папарамі…
Цёмна, пагібельна, сьлёзна кругом.
Штосьці трывожнае, зло-непрыхільнае
Сунецца з гэтай мярцьвячай глушы…
Восень панурая, восень магільная!
Страшна ты чуткаму сэрцу, душы.
Зіма
Было цёпла. У ваконцы
Заглядала ясна сонца.
Аж, ні села і ні пала,
Зіма зь сьнегам загуляла!
Усю нашую старонку
Спавіла, як у пялёнку, —
Няма траўкі, няма кветак,
Пуста гэтак, мёртва гэтак!
Сьціхла рэчка, як забіта,
Пад шкляною лёду плітай;
Лес пашумам не гамоніць,
Птушак песьнямі ня звоніць.
Век халодны без адмены,
Мароз стукае у сьцены,
А ад сьнегу днём і ночай
Іскры сыплюцца у вочы.
Скрыпяць санкі на марозе
Па высьлізьганай дарозе…
Эй, каб шчаснай больш часінкі,
Вось бы зьлётаў да дзяўчынкі!..
Сьнег
Залягла, як пасьцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
За старухай-зямлёй
Ты пасьцель, дружа мой,
Узваліў на душу,
Як бы крыж на мяжу,
I ўжо рад не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Думкі, сэрца, паглёд
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыцьцё не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Ты і жыў, і любіў,
Ты ня ўмёр — і забыў,
Каб нічога ня дбаць,
Сьмела ўдаль паглядаць,
Быць самым не на сьмех…
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Хтось — сваяк, не сваяк —
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…
Мо' і лёгкія дні…
Не зачэпяць ані
Ні бяда, ні нуда,
Ні агонь, ні вада…
Само шчасьце, сам сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…
III. Для Яе
*** З зорак усходніх, заходніх…
З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай
маланкі выткаў бы шаты,
З сонца і кветак-пралесак карону —
вяночак зьвіў бы табе я.
З пальмаў, з цыпрысаў сьвятліцу ў цьвітучай,
цяністай строіў бы кнеі;
Воблачак зьняў бы на трон зь небасклону,
з-пад сонца пышны, багаты.
Шоў бы ў палац панаваць з каралеўнай,
царэўнай яснай тады я, —
Славіць, шчасьлівіць сваю маладую,
сьвятую песьняй няпетай.
Сэрцавы струны зьвінелі б нязьвеўна,
павеўна гімны жывыя;
Казку тварыў бы з табой залатую —
такую, як думка гэта.
Не прасьпі…
Сьпі, дзяўчына, покуль сонца
Не зайграла над хацінай;
А як сонца на аконца
Бліскі кіне — ўстань, дзяўчына!
Ўстань, зьніміся, схамяніся,
Ўмыйся сочнаю расою,
Сэрцам к сонцу прытуліся,
Ветру дай гуляць з касою!
Ў сонцы віся далей, вышай, —
Паланей, красуй дзянінай,
Не пужаючыся крыжа,
Сонцу роўная дзяўчына!
Заіскрыся кветкай белай
На зялёнай сенажаці;
Кінь патолю думцы сьмелай,
Пасмы радасьці снаваці…
Негаданай песьняй-казкай
Разыграецца часіна…
З сонцам, з сэрцам, зь вечнай ласкай
Не прасьпі вясны, дзяўчына!..